Агульны змест 140 Чыстая любоў здольная на вялікія ўчынкі, і яе не зламаюць ні цяжкасці, ні перашкоды. Калі любоў застаецца моцнаю, [нягледзячы] на вялікія цяжкасці, то яна гэтакая ж трывалая і ў шэрым штодзённым карпатлівым жыцці. Яна ведае, што для таго, каб спадабацца Богу, патрэбна адно, а менавіта, каб самыя дробныя рэчы чыніць з вялікай любові, патрэбна любоў і заўсёды любоў.
Чыстая любоў не памыляецца, у ёй надзвычай шмат святла, і яна не ўчыніць нічога, што Богу магло б не спадабацца. Яна вынаходлівая ў чыненні таго, што найбольш мілае Богу, і ніхто з ёю не параўнаецца; яна шчаслівая, калі можа знясільваць сябе і палаць, як чыстая ахвяра. Чым больш яна аддае сябе, тым яна шчаслівейшая, але ніхто не можа адчуць небяспекі на такой адлегласці, як яна; яна ўмее зрываць маску і ведае, з кім мае справу.
141 (66) + Але мае мукі ўжо заканчваюцца. Пан дае мне абяцаную дапамогу, я бачу яе ў двух святарах — у айцы Андрашы і кс. Сапоцьку. У часе рэкалекцый перад вечнымі шлюбамі я ўпершыню была цалкам супакоеная, а пасля кс. Сапоцька вёў мяне ў тым жа кірунку — тут споўнілася абяцанне Пана.
142 Калі я была супакоеная і навучаная, як ісці гэтымі Божымі шляхамі, дух мой узрадаваўся ў Пану, і мне здавалася, што я не іду, а бягу, у мяне развінуліся крылы для палёту, і я пачала шыбаваць да самага сонца, і не спушчуся, пакуль не спачну ў Тым, у Кім патанула навекі мая душа. Я цалкам паддалася ўздзеянню ласкі; вялікая спагадлівасць Божая да душы маёй. Я не адхіляюся, не адмаўляюся, але патанаю ў Ім, як у сваім Адзіным Скарбе. Я ў адзінстве з Панам, і нібы знікае прорва паміж намі, Створцам і стварэннем. На працягу двух дзён мая душа была як быццам у пастаянным экстазе. Прысутнасць Божая ні на хвіліну не пакідала мяне. І мая душа прабывала ў пастаяннай любоўнай лучнасці з Панам. Аднак гэта не перашкаджала мне выконваць абавязкі. Я адчувала сябе перамененай у любоў, я ўся палала, але без [шкоды] для сябе. Я пастаянна патанала ў Богу, Бог так моцна і ўладна прыцягваў мяне да сябе, што хвілінамі я не разумела, што знаходжуся на зямлі. Гэтулькі часу я абмяжоўвала Божую ласку і баялася яе, а цяпер Бог сам праз айца Андраша ліквідаваў усе цяжкасці. Мой дух звярнуўся да сонца і расцвіў у Яго промнях для Яго самога <...>.
Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько.