Раздзел 2. Свабода — дар Бога
33. Наша святая Маці Касцёл заўжды выказвалася ў абарону свабоды і адмаўляла любога кшталту праявы фаталізму: даўнія і не вельмі. Касцёл адзначае, што кожная душа сама вырашае свой лёс на карысць добрага або злога: «і тыя, хто не аддаляўся ад добрага, пойдуць у вечнае жыццё; тыя ж, хто чыніў злое, — у вечнае пекла» («Сімвал» Афанасія Вялікага). Нас заўжды ўражвае гэтая неверагодная твая і мая, і кожнага чалавека, здольнасць, якая адразу ў паўнаце выяўляе знак нашай годнасці. «Да гэтага моманту грэх з’яўляецца дабравольным злом, якое б ніякім чынам не магло быць грахом, калі б не выцякала з вольнай волі чалавека. Гэтае сцверджанне настолькі відавочнае, што з ім згаджаюцца і нямногія мудрацы, і шматлікія невукі, якія жывуць у свеце» (Св. Аўгустын, De vera religione, 14, 27; PL 34, 133).
І зноў маё сэрца ўзносіцца ў падзяцы Богу, майму Пану, бо нішто не перашкаджала Яму стварыць нас беззаганнымі, з нястрымным імкненнем да дабра, але Ён вырашыў, што «тыя слугі лепшыя, якія служаць па сваёй волі» (Св. Аўгустын, тамсама 14, 27; PL 34, 133). Якая ж вялікая любоў і міласэрнасць нашага Айца! Сутыкаючыся з гэтай рэальнасцю неўтаймаванай Божай любові да сваіх дзяцей, я прагну мець тысячу вуснаў, тысячу сэрцаў, якія дазволілі б мне жыць у вечным усхваленні Бога Айца, Бога Сына, Бога Духа Святога. Падумайце толькі, што Усемагутны, які ў сваім Провідзе кіруе Сусветам, жадае мець не вымушаных нявольнікаў, а вольных дзяцей. Ён уклаў у душу кожнага з нас, хоць і народжаных proni ad peccatum, скіраванымі да граху з-за падзення першых людзей, часцінку сваёй бясконцай мудрасці, захапленне дабром, прагненне трывалага супакою. Ён дапамагае нам зразумець, што магчыма дасягнуць праўды, шчасця і свабоды, калі ў нас прарасце гэтае зерне вечнага жыцця.
34. Рашэнне адказаць Богу «не», адмовіцца ад прынцыпу новага канчатковага шчасця засталося ва ўладзе стварэння. Але калі яно прымае такое рашэнне, то перастае быць Божым дзіцем і ператвараецца ў нявольніка.
«Кожная рэч з’яўляецца тым, што найбольш адпавядае яе натуры, таму, калі яна шукае нечага чужога, то ўжо не дзейнічае ў адпаведнасці з уласным спосабам існавання, але ў адпаведнасці з нехарактэрным ёй імпульсам, а гэта нявольніцкая рыса. Чалавек — разумная істота па сваёй натуры. Калі ён паводзіць сябе разумна, ён дзейнічае адпаведна ўласным схільнасцям, сваёй істоце — і гэта характэрная рыса свабоды. Калі чалавек грашыць, што не з’яўляецца разумным, ён паддаецца чужому ўплыву, заціснуты ў неўласцівыя яму межы. Таму той, хто чыніць грэх, з’яўляецца нявольнікам граху (пар. Ян 8, 34)» [Св. Тамаш з Аквіна, Super Evangelium S. Ioannis lectura, cap. VIII, lect.IV.3, 1204 (ed. Marietti, Torino, 1952)].
Дазвольце мне настойваць на справядлівасці гэтых словаў: відавочна, што часта мы заўважаем іх пацвярджэнне ў сваім асяродку або ва ўласных паводзінах. Ні адзін чалавек не пазбегнуў таго ці іншага нявольніцтва. Адны кленчаць перад грашыма, іншыя абагаўляюць уладу, яшчэ іншыя — адносны супакой скептыцызму, а хтосьці знаходзіць сваё залатое цяля ў пажадлівасці. Тое самае здараецца і з карыснымі заняткамі. Мы з галавою занураемся ў працу, дасягненне малых і вялікіх мэтаў, у навуку, мастацкую і літаратурную творчасць, духоўнасць. Прыкладаючы ўсе свае высілкі, аддаючы ўвесь агонь сваёй душы, чалавек жыве ў няволі, з радасцю ахвяруе сябе дзеля выканання сваёй задачы.
35. Нявольніцтва за нявольніцтва. Калі мы ў любым выпадку вымушаныя камусьці або чамусьці служыць, бо, хочам мы гэтага або не — такая прырода чалавека, няма нічога лепшага, чым служыць Любові, быць нявольнікам Божым. Бо ў гэтае самае імгненне мы губляем стан нявольніка і становімся сябрамі, дзецьмі. І вось як выяўляецца гэтае нашае адрозненне: мы займаемся штодзённымі добрымі справамі гэтак жа старанна і рупліва, як і іншыя людзі, але з глыбокім спакоем душы, з радасцю і бестурботнасцю нават у часы выпрабаванняў. Бо мы не ўскладаем надзею на тое, што мінае, але на тое, што трывае вечна. «Мы дзеці не служанкі, але свабоднай» (Гал 4, 31).
Адкуль паходзіць гэтая свабода? З Хрыста, нашага Пана. Гэта свабода, коштам якой Ён адкупіў нас (гл. Гал. 4, 31). І Ён тлумачыць: «Таму, калі Сын вызваліць вас, будзеце сапраўды свабодныя» (Ян 8, 36). Нам, хрысціянам, няма прычыны прасіць, каб хтосьці падзяліўся з намі праўдзівым сэнсам гэтага дару, бо адзіная свабода, якая збаўляе чалавека, — у хрысціянстве.
Мне даспадобы размаўляць пра рызыку, якую стварае свабода, бо ў ёй разгортваецца нашае з вамі жыццё. У свабодзе, як дзеці, я падкрэсліваю, не як нявольнікі, мы крочым па шляху, які Пан Бог паказаў кожнаму з нас. Атрымайма ж асалоду ад смаку гэтага Божага дару: нязмушанасці, свабоды руху.
У свабодзе, без аніякага прымусу, проста таму, што я вельмі гэтага хачу, я выбіраю Бога. І я бяру на сябе абавязак служыць, аддаваць сваё жыццё на карысць іншых людзей дзеля любові да майго Пана Езуса. Гэтая свабода натхняе мяне ўсклікаць: «Ніхто ў свеце не зможа адлучыць мяне ад любові Хрыста!» (пар. Рым 8, 39).
Пераклад з іспанскай мовы
Юліі Шэдзько.
Паводле: Jose Maria Escriva de Balaguer, «Amigos de Dios», 1977.