Рэлігійная свабода — шлях да міру

З паслання Святога Айца Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень міру 1 студзеня 2011 года

1. На пачатку новага года хачу выказаць добрыя пажаданні ўсім і кожнаму паасобку; гэта пажаданні радасці, дабрабыту і шчасця, але перадусім — міру. <…> Я вымушаны з болем сцвер­дзіць, што ў некаторых рэгіёнах свету немагчыма свабодна вы­знаваць і выказваць сваю веру, не рызыкуючы пры гэтым жыццём і асабістаю свабодаю. У іншых — існуюць больш маўклівыя і рафінаваныя формы прад­узятасці і супрацьстаяння ў адносінах да веруючых і да рэлігійных сімвалаў. Хрысціяне цяпер з’яўляюцца рэлігійнай групай, якая найбольш падвяргаецца пераследу з прычыны сваёй ве­ры. Многія з іх штодзённа церпяць знявагі і жывуць у страху 

з-за таго, што яны шукаюць праўду, вераць у Езуса Хрыста і ад­крыта заклікаюць да прызнання рэлігійнай свабоды. З існаваннем такога [пераследу] нельга пагадзіцца, таму што гэта знявага Бога і годнасці чалавека; акрамя таго, гэта стварае па­грозу для бяспекі і міру, а таксама перашкаджае сапраўднаму, цэласнаму развіццю чалавека.

Менавіта ў рэлігійнай свабо­дзе знаходзіць выяўленне своеасаблівасць асобы чалавека, дзякуючы ёй чалавек можа скіраваць сваё асабістае і грамад­скае жыццё да Бога, а ў Яго святле становяцца цалкам зразумелымі самасвядомасць, сэнс і мэта асобы. Адмаўляць у гэтай свабодзе ці наўмысна яе абмя­жоў­ваць — значыць звужваць погляд на чалавека; прыкрываць публічную ролю рэлігіі — значыць будаваць несправядлівае грамадства, бо тады яно не адпавядае праўдзівай прыродзе чалавечай асобы; гэта значыць не даваць магчымасці для ажыццяўлення сапраўднага і трывалага міру ва ўсёй чалавечай сям’і. <…> 

2. Права на рэлігійную свабоду караніцца ў годнасці чалавечай асобы, трансцэндэнтную прыроду якой нельга ігнараваць або не звяртаць на яе ўвагі. Бог стварыў мужчыну і жанчыну паводле свайго вобраза (пар. Быц 1, 27). Таму кожны чалавек валодае святым правам на цэласнае жыццё, таксама з духоўнага пункту гледжання. Без прызнання сваёй духоўнай сутнасці, без адкрыцця на трансцэндэнтнае чалавек адасабляецца, канцэнт­руючыся на сабе, ён не можа знайсці адказ на пытанні свайго сэрца пра сэнс жыцця і здабыць трывалыя этычныя вартасці і прынцыпы, ён нават не можа спазнаць сапраўдную свабоду і будаваць справядлівае грамадства. <…> 

3. Рэлігійная свабода з’яўляецца зыходным пунктам маральнай свабоды. Сапраўды, адкрытасць на праўду і дабро, адкрытасць на Бога, глыбока ўкаранёная ў чалавечай прыродзе, дае кожнаму чалавеку поўную годнасць і гарантуе ўзаемную павагу паміж асобамі. Таму рэлігійную свабоду трэба разумець не толькі як засцярогу ад прымусу, але перадусім як здольнасць падпарадкоўваць уласны выбар праўдзе.

Існуе непарыўная сувязь паміж свабодаю і пашанаю да іншых: «Пры рэалізацыі сваіх правоў асобныя людзі і сацыяльныя групы згодна з маральным законам абавязаныя ўлічваць правы іншых, свае абавязкі адносна іншых і ўсеагульнае да­бро».

Свабода, настроеная варожа ў адносінах да Бога ці абыякавая да Яго, заканчваецца адмаўленнем самой сябе і не гарантуе цалкавітай пашаны ў адносінах да іншага чалавека. <…> Ілюзія, нібыта ў маральным рэлятывізме можна знайсці ключ да мірнага суіснавання, на самай справе з’яўляецца крыніцаю падзелаў і адмаўлення годнасці чалавечай асобы. Таму само сабой зразумела, што ў адзінстве чалавечай асобы неабходна прызнаваць двайное вымярэнне: рэлігійнае і сацыяльнае. У сувязі з гэтым немагчыма ўявіць, каб веруючыя «вымушаныя былі падаўляць у сабе частку саміх сябе — сваю веру — дзеля таго, каб быць актыўнымі грамадзянамі. Ніколі не павінна ўзнікаць неабходнасць адрачэння ад Бога дзеля таго, каб карыстацца сваімі правамі». 

4. Паколькі рэлігійная свабода з’яўляецца шляхам да міру, то рэлігійнае выхаванне стано­віцца галоўным спосабам навучання новых пакаленняў пры­знанню ў іншым чалавеку свайго брата або сваёй сястры, з якімі трэба разам ісці наперад і су­працоўнічаць дзеля таго, каб усе людзі адчувалі сябе жывымі членамі адной чалавечай сям’і, з якой нікога нельга выключаць.

Сям’я, заснаваная на сужэнстве, як праява глыбока асабіс­тага саюзу мужчыны і жанчыны, іх узаемнага дапаўнення, становіцца ў гэтых абставінах першаю школаю, у якой фармуюцца і ўзра­стаюць сацыяльна, культурна, маральна і духоўна дзеці; у бацьку і маці яны павінны пастаянна бачыць першых сведкаў жыцця, скіраванага на пошукі праўды і любові да Бога. Самі бацькі павінны заўсёды мець магчымасць свабодна пераказваць сваім дзецям уласную спадчыну веры, каштоўнасцяў і культуры, чыніць гэта без прымусу і з усёй адказнасцю. <…>

5. Можна было б сказаць, што сярод асноўных правоў і сва­бодаў, якія караняцца ў годнасці асобы, статус рэлігійнай свабоды мае асаблівы характар. Калі прызнаецца рэлігійная свабода, то годнасць чалавечай асобы ўшаноўваецца ў яе асновах, а таксама ўмацоўваюцца этнас і грамадскія інстытуты народаў. Калі ж, наадварот, адмаўляецца ў рэлігійнай свабодзе, калі робяцца спробы забараніць вызнанне сваёй рэлігіі або сваёй веры, калі забараняецца жыць паводле іх, то зневажаецца годнасць чалавека, а разам з гэтым узнікае пагроза для справядлівасці і міру, якія грунтуюцца менавіта на такім правільным грамадскім парадку, пабудаваным у святле Найвышэйшай Праўды і Найвышэйшага Дабра. 

У гэтым сэнсе рэлігійная свабода з’яўляецца таксама заваёваю палітычнай і прававой культуры. Яна належыць да галоўных дабротаў: кожны чалавек павінен мець магчымасць свабодна карыстацца правам на тое, каб вызнаваць і выказваць — інды­відуальна або ў супольнасці — сваю рэлігію або сваю веру, як публічна, так і прыватна, у навучанні, на практыцы, у публікацыях, у здзяйсненні культу і абрадаў. Чалавек не павінен сутыкацца з перашкодамі ў тым выпадку, калі б захацеў прыняць іншую рэлігію або ўвогуле не вызнаваць ніякай рэлігіі. <…>

6. Рэлігійная свабода — як і кожная свабода — бярэ свой пачатак у асабістай сферы, а рэа­лізуецца ў адносінах да іншых. Свабода без адносінаў — гэта няпоўная свабода. Рэлігійная свабода не зводзіцца таксама да чыста індывідуальнага вымярэння, але рэалізуецца ва ўласнай супольнасці і ў грамадстве, бо асоба праяўляе сябе ў адносінах, а рэлігія мае публічны характар. <…> 

Уклад, які рэлігійныя супольнасці ўносяць у грамадства, бясспрэчны. Шматлікія харытатыўныя і культурныя ўстановы па­цвярджаюць канструктыўную ролю веруючых у грамадскім жыцці. Яшчэ большае значэнне мае маральны ўклад рэлігіі ў палітычную сферу. Замест таго, каб марганізаваць і забараняць гэты ўклад, яго трэба ўспрымаць як важную падтрымку, якая са­дзейнічае агульнаму дабрабыту. З гэтага пункту гледжання належыць таксама згадаць рэлігійнае вымярэнне культуры, якая на працягу стагоддзяў развівалася дзякуючы сацыяльнаму і перад­усім маральнаму ўкладу рэлігіі. Гэтае вымярэнне ні ў якім разе не азначае дыскрымінацыі тых, хто не падзяляе той самай рэ­лігіі, яно хутчэй умацоўвае згуртаванасць грамадства, інтэграцыю і салідарнасць. <…>

7. <…> Хіба можна не пры­знаваць укладу вялікіх сусветных рэлігій у развіццё цывілізацыі? Шчырыя пошукі Бога прывялі да таго, што большую пашану мае годнасць чалавека. Хрысціянскія супольнасці, са сваёй спадчынай каштоўнасцяў і прынцыпаў, унеслі значны ўклад у самасвядомасць асобных людзей і народаў і ва ўсведамленне сваёй годнасці. Яны таксама садзейнічалі ўзнікненню дэмакратычных установаў і фіксаванню на паперы правоў чалавека і абавязкаў, якія ім адпавядаюць. <…>

8. <…> Грамадства, якое хо­ча сілаю навязаць рэлігію або, наадварот, забараніць яе, несправядлівае ў адносінах да чалавека і да Бога, але таксама і да самога сябе. Бог кліча да сябе чалавецтва праз замысел любові, які ахоплівае ўсяго чалавека ў яго натуральным і духоўным вымярэнні і ў той жа час чакае адказу, дадзенага чалавекам свабодна і свядома, ад усяго сэрца і ўсёй істотаю, індывідуальна і ў супольнасці. 

<…> Яшчэ Цыцэрон навучаў, што справядлівасць — гэта нешта большае, чым толькі акт устанаўлення закону і яго прымянення. Яна ўключае прызнанне годнасці кожнага чалавека. А гэтая годнасць без гарантаванай, скарыстанай згодна з яе сутнасцю рэлігійнай свабоды робіцца скажонаю і зняважанаю, падвяргаецца небяспецы апынуцца пад уладаю ідалаў, адносных дабротаў, ператвораных у абсалютныя. Усё гэта падвяргае грамадства небяспецы палітычнага і ідэалагічнага таталітарызму, які робіць націск на публічную ўладу, у той час як падаўляюцца і прыгнятаюцца свабода сумлення, свабода мыслення і рэлігійная свабода, нібыта яны з’яўляюцца канкурэнтамі.

9. Спадчына прынцыпаў і каштоўнасцяў, якія праяўляюцца праз сапраўдную рэлігійнасць, — гэта багацце народа і этнаса. Яна прамаўляе непасрэдна да сумлення і розуму людзей, нагадвае пра неабходнасць маральнага навяртання, дае матывацыю для практыкавання цнотаў і для таго, каб ставіцца адзін да аднаго з любоўю, у духу братэрства, як члены вялікай чалавечай сям’і.

11. <…> У 2011 годзе мы будзем адзначаць 25-годдзе Сусветнага дня малітвы за мір, сустрэчы, скліканай у 1986 го­дзе папам Янам Паўлам ІІ у Асізі. Тады лідэры вялікіх сусветных рэлігій далі сведчанне аб тым, што рэлігія з’яўляецца фактарам адзінства і міру, а не падзелу і канфліктаў. Згадванне гэтага вопыту абуджае надзею на будучыню, у якой усе веруючыя будуць адчуваць сябе будаўнікамі справядлівасці і міру і на самай справе будуць імі. <…>

15. Свет патрабуе Бога. Свету патрэбны ўніверсальныя, агульныя этычныя і духоўныя каштоўнасці, і рэлігія можа ўнесці каштоўны ўклад у гэтыя пошукі дзеля таго, каб пабудаваць справядлівы і мірны грамадскі лад на нацыянальным і міжнародным узроўні.

Мір ёсць дарам Бога і адначасова замыслам, які павінен быць выкананы, але ніколі не ажыццяўляецца ва ўсёй паўнаце. Грамадства, паяднанае з Богам, бліжэй да міру, які не азначае проста адсутнасць вайны, які не з’яўляецца плёнам толькі ваеннай або эканамічнай перавагі і яшчэ менш вынікам увя­дзення ў зман або ўдалых маніпуляцый. Наадварот, мір з’яўляецца вынікам працэсу ачышчэння і культурнага, маральнага і духоўнага ўзвышэння кожнага чалавека і кожнага народа; працэсу, у якім ва ўсёй паўнаце ўша­ноўваецца годнасць чалавека. Заклікаю ўсіх, хто жадае стаць будаўнікамі міру, асабліва маладых людзей, прыслухацца да свайго ўнутранага голасу, каб у Богу знайсці трывалы пункт адліку для здабывання сапраўднай свабоды; невычарпальную сілу, якая дазволіць напоўніцца новым духам і кіраваць светам, не паўтараючы памылак мінулага. <…> Рэлігійная свабода — гэта са­праўдная зброя міру, якая мае гістарычную і прарочую місію. Яна на самай справе належным чынам выкарыстоўвае і робіць плённымі самыя глыбокія вартасці і магчымасці чалавека, якія могуць змяніць свет і зрабіць яго лепшым. Яна дазваляе спа­дзявацца на справядлівую і мірную будучыню, нават у сітуацыях вялікай несправядлівасці, а таксама перад абліччам матэрыяльнага і маральнага ўбоства. Няхай жа ўсе людзі і грамадствы, на кожным узроўні і ў кожным кутку зямлі, як мага хутчэй атрымаюць магчымасць карыстацца рэлігійнай свабодаю, якая ёсць шляхам да міру!

Ватыкан, 8 снежня 2010 года.

Падрыхтавала Ірына Бурак.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней