Раздзел IV
пустыня
У біблейскай сімволіцы пустыня — гэта этап шляху да Бога. Усе пакліканыя да веры павінны прайсці гэты этап. Праз яго праходзіў Абрагам, калі пакінуў Ур Халдэйскі, каб шукаць Зямлю Абяцаную. У пустыні распачынаецца гісторыя Майсея, калі Бог з’яўляецца яму ў выглядзе палаючага куста і ў цішы пустыні кліча яго да асаблівай місіі вызвалення выбранага народа. У пустыню накіроўваецца таксама прарок Ілля, калі ўцёкамі ратуе сваё жыццё. Бог загадвае яму ісці 40 дзён і 40 начэй, а потым з’явіцца яму ў лагодным павеве ветру, каб у глыбіні пустыні даручыць свайму прароку асаблівае заданне. Бог з’яўляецца Іллі не ў шуме, не падчас буры і землятрусу, але ў цішы прыроды і ў цішыні сэрца, не ў момант узбуджанасці, а ў маўчанні, калі Ілля, вольны ад клопатаў і страху, застаецца сам-насам з Богам. Бог прамаўляе праз прарока Осію пра Ізраэль як пра сваю абранніцу, якую Ён з любові вядзе ў пустыню: «Я павяду яе ў пустыню і буду гаварыць да сэрца яе» (пар.
Ос 2,16). Бог выводзіць чалавека ў пустыню з любові, бо пустыня — гэта Божы дар. Пустыня рэалізуе тое, аб чым прасіў св. Аўгустын, кажучы: «Пане, дазволь, каб я пазнаў Цябе і пазнаў сябе».
Сімволіка пустыні
Пустыня як геаграфічная тэрыторыя і як сімвал сітуацыі чалавека не адразу павінна быць нечым цэласным у сваіх выяве, форме і характэрных рысах. Геаграфічная пустыня з’яўляецца паступова. Становіцца ўсё больш пяску, усё меней дрэваў, усё болей барханаў. Напачатку можна іншы раз знайсці які-небудзь аазіс. Падобнае адбываецца і з чалавечай пустыняй, яна можа быць поўнай, калі чалавек пазбаўляецца ўсяго, з бурай спакушэння і асабліваю прысутнасцю міласэрнага Бога, а могуць з’явіцца толькі некаторыя яе элементы ў тваім жыцці. Пустыняй, у сэнсе выпрабавання веры, а таму заклікам жыць вераю, можа быць любая цяжкая сітуацыя. Гэта могуць быць, напрыклад, цяжкасці, якія вынікаюць з нашых адносінаў з іншым чалавекам, хвароба, гнятлівае псіхічнае пачуццё адзіноты ці іншыя вельмі нялёгкія сітуацыі. Пустыняй par excellence можа быць цяжкі, поўны абыякавасці духоўны стан, калі табе здаецца, што Бог адышоў ад цябе, калі ты не адчуваеш Яго прысутнасці і табе становіцца ўсё цяжэй паверыць у яе.
Пустыня можа быць «навязаная» Богам чалавеку ці якомусьці грамадству, калі Бог сам у яе ўводзіць, але пустыню можна выбраць і самому. Можа стацца так, што ты сам захочаш пустыні, у якой будзеш шукаць цішыні, свабоды ад зямных прывязанасцяў, прысутнасці Пана.Тады ты напаткаеш там Праціўніка, але найперш ты напаткаеш Бога. Ты зможаш увайсці ўглыб самога сябе і адкрыць праўду пра сябе, але адначасова ты адкрыеш самае важнае — праўду пра Бога. Езус, які перад пачаткам свайго публічнага служэння накіраваўся спачатку ў пустыню, нібы кажа табе: «Глядзі, ты не адзінокі, Я быў тут перад табою. Я таксама 40 дзён быў галодны, і Мне таксама было цяжка.Ты ніколі не бываеш адзін. Паспрабуй паверыць у Маю любоў».
Пустыня можа мець грамадскі характар і ахопліваць, напрыклад, увесь народ, а можа таксама быць пустыняю асабістаю. Адно несумненна: «Калі ты ўвойдзеш у пустыню, то зменішся». Безумоўна і тое, што калі-небудзь ты павінен увайсці ў яе. Некалі праз падзеі (ўнутраныя ці знешнія) Бог паставіць цябе ў цяжкую, можа, нават у надзвычай цяжкую, сітуацыю, калі ты павінен будзеш выбіраць. Трэба, каб тады ты памятаў, што гэта ёсць ласка —ласка пустыні. Калі ж ты цяпер знаходзішся ў такога роду пустыні, то ты павінен быць удзячным Богу. Падзякуй Яму за тое, што табе цяжка, што ты хворы ці самотны, або што цябе не разумеюць, а можа, у цябе кашмар дома ці на працы або ты не спраўляешся сам з сабою. Такія сітуацыі — гэта элементы пустыні. Спрабуй убачыць, што ва ўсім гэтым прысутнічае Бог, які цябе любіць.
«О, калі б ты быў
халодны ці гарачы!»
Пустыня — гэта месца выпрабавання, месца, дзе здзяйсняецца палярызацыя духоўных паставаў. Вось чацвёра сяброў студэнтаў збіраюцца ў лівійскую пустыню. Яны намерваюцца праехаць яе на джыпе. Гэтая гісторыя адбываецца нібы ў нейкім фільме. У пустыні яны ўпершыню, і неўзабаве яны збіваюцца з дарогі, пачынаюць блукаць, а потым здараецца бяда: джып не вытрымлівае, ламаецца, і яны не ведаюць, што рабіць далей, ім застаецца толькі чакаць якой-небудзь дапамогі. А пустыня, як вядома, палохае, яна страшная, асабліва, калі губляецца ўсялякая надзея. Днём там неміласэрная спякота, а ноччу вельмі холадна. Да таго ж ежы застаецца ўсё менш, і яшчэ менш вады — таму напружанне пастаянна ўзрастае. Рэшткі вады трэба падзяліць на чацвярых. Вады так мала, што ўсе з напружаннем глядзяць на рукі таго, хто дзеліць яе. І сталася. Рука таго, хто разліваў, магчыма, пад гэтымі напружанымі позіркамі, задрыжала, і крыху вады пралілося на пясок. Напружанасць і нервовасць падарожнікаў ужо перараслі ў некантралюемую агрэсію: «Як ты мог разліць, з-за цябе мы загінем!» А потым усё панеслася, як лавіна. Эмоцыі ўзялі верх. Была праліта рэшта вады, а сябры пачалі біцца, качаючыся па пяску. Калі яны, нарэшце, апамяталіся, адзін з іх устаць ужо не змог: яго задушылі. Гэта было жудасна.
Тое, што адбылося потым, — тое, што прыляцеў верталёт і забраў іх, трох жывых і труп чацвёртага, — для іх, уласна кажучы, ужо было не істотна. Важна было тое, што паміж імі адбылося нешта жахлівае, што яны ўжо не былі тымі ж самымі людзьмі. У гэтай лівійскай пустыні адбылося злачынства сярод сяброў, якім раней здавалася, што яны гатовыя адзін за аднаго аддаць сваё жыццё.
Сітуацыя пустыні выяўляе ў чалавеку ўсё тое, што ў ім глыбока схавана. Яна выяўляе пласты чалавечых схільнасцяў і зла, якія найбольш поўна праяўляюцца толькі ў цяжкіх сітуацыях. Таму пустыня выяўляе чалавека, паказвае праўду пра яго. У пустыні чалавек бачыць, на што здольная яго слабасць, грахоўнасць, акамянеласць. Тут чалавек становіцца тварам у твар з жахліваю праўдаю пра тое, кім ён ёсць без відочнай сілы Бога. Галізна пустыні агольвае ўбогасць чалавека, паказвае яго галізну, бо ілюзіі знікаюць, і схавацца ўжо няма куды. Чалавек можа жыць павярхоўна, нібы на паверхні самога сябе. І толькі цяжкія сітуацыі, досвед пустыні змушаюць яго прымаць рашэнні, выяўляючы пры гэтым глыбокія пласты дабра або зла.
Аднак пустыня не толькі выяўляе праўду пра цябе, яна ўнутрана перамяняе цябе, палярызуе твае пазіцыі. Дар пустыні дазволіць табе пераадолець цеплаватасць, бо пустыня змушае цябе рабіць выбар. Выбіраючы, ты ўбачыш, на што ты здольны, і тады лепей пазнаеш дзве самыя важныя рэчаіснасці: рэчаіснасць неспасцігальнай любові і бясконцай міласэрнасці Бога, а таксама рэчаіснасць уласнай грэшнасці і бездапаможнасці. Пакуль ты застаешся цеплаватым хрысціянінам, якому ўсё ўдаецца і які не мае ніякіх праблемаў, датуль твая сітуацыя, калі паглядзець на яе ў святле веры, будзе трагічнай. Бо тады ты спраўляешся сам і Бог перастае быць табе патрэбным, — гэта сітуацыя практычнага атэізму.
Канчатковы сэнс вывядзення чалавека, народа ці грамадства ў пустыню, вельмі выразна паказваюць словы Апакаліпсіса: «Ведаю твае справы — ты не халодны і не гарачы. О, калі б ты быў халодны ці гарачы! А так, паколькі ты цеплаваты, ані гарачы, ані халодны, — выкідваю цябе з вуснаў маіх» (пар. Ап 3, 15-16).
Цеплаватасць чалавека — гэта для Бога стан непрымальны, гэта нешта агіднае, тое, чаго Ён не можа ў табе знесьці, і таму рана ці позна Ён вымушаны вывесці цябе ў пустыню. Сітуацыя пустыні палярызуе нашыя пазіцыі, прыводзіць да таго, што чалавек не можа быць цеплаватым, што ён павінен стаць або гарачым, або халодным. Майсей, гэты вялікі святы Старога Запавету, асвяціўся ў пустыні. І не толькі ён. Іншыя ж сталі злодзеямі, злачынцамі, ідалапаклоннікамі. Айцы Касцёла сцвярджаюць, што Бог выводзіць у пустыню для таго, каб чалавек або паверыў, або багахульнічаў — або вера, або багахульства, але не цеплаватасць. Так было ў біблейскай пустыні. Многія багахульнічалі, а многія асвяціліся. Дар пустыні не дазваляе прабываць у пазіцыі практычнага атэізму.
Сітуацыя пустыні дазволіць табе зразумець, наколькі бессэнсоўным з’яўляецца ўзаемнае асуджэнне адно аднаго. Яна будзе дапамагаць табе перамагчы ў сабе асуджэнне іншых. Бо што ж ты ведаеш пра таго чалавека, з кім сустракаешся на сваім шляху і ў кім, мажліва, бачыш шмат зла? Галоўнае ж — яго экзістэнцыяльная сітуацыя. Ён жа можа перажываць перыяды цяжкіх выпрабаванняў, можа быць на этапе пустыні. Такім чынам, ад усялякага асуджэння іншых людзей трэба адмовіцца.
Пустыня — гэта прывілеяванае месца для сатаны, бо чалавек у ёй слабы і лягчэй паддаецца спакусам. Сатана выкарыстоўвае гэтую сітуацыю. Таму пустыня можа павялічваць магчымасць бунту. У пустыні, праз якую праходзіў выбраны народ, былі асабліва моцныя спакушэнні і бунт, былі сітуацыі трагічныя, што выяўлялі такі адыход ад Бога, як культ залатога цяльца.
Чалавек у пустыні змяняецца, становіцца іншым, бо тут адбываецца вырашальная палярызацыя пазіцый. Такім чынам, ён становіцца або лепшым, або горшым. Ён можа стаць злачынцам, але можа стаць і святым.
Пераклад з польскай мовы Міколы Новікава,
магістра тэалогіі.