Раздзел 2. Свабода — дар Бога
30. Узгадайце прыпавесць пра таленты. Той слуга, які атрымаў адзін талент, мог, па прыкладзе іншых, ужыць яго з карысцю, паклапаціцца аб прыбытку з дапамогаю сваіх здольнасцяў. І пра што ж думае гэты слуга? Ён апанаваны страхам згубіць талент. Добра, але што пасля? Ён закопвае талент у зямлю і не атрымлівае плёну.
Давайце не забывацца пра гэты прыклад нездаровага страху годна працаваць, карыстацца сваім розумам, воляю, усімі сваімі прыроднымі здольнасцямі. Няшчасны слуга сцвярджае: «Я закапаю гэты талент, затое мая свабода будзе захаваная!» Не, такая свабода засыхае і становіцца закамянелаю і бясплоднаю. Слуга зрабіў свой выбар, бо проста не меў іншага выйсця, але выбраў няўдала.
Няма большай памылкі, чым супрацьпастаўляць свабоду самаахвярнасці, бо самаахвярнасць — гэта вынік свабоды. Паглядзіце: вось маці ахвяруецца дзеля любові да сваіх дзяцей — гэта яе выбар. І адпаведна меры гэтай любові выяўляецца яе свабода. Калі любоў вялікая, свабода — плённая. І шчасце дзяцей нараджаецца з гэтай благаслаўлёнай свабоды, якая з’яўляецца самаахвярнасцю, і вынікае з гэтай благаслаўлёнай самаахвярнасці, якая і ёсць свабодаю.
31. Але вы спытаеце мяне: «Калі мы дасягнем таго, чаго прагнем і любім усёй душой, калі нашыя пошукі будуць завершаныя, — свабода знікне?» Я ж запэўню, што тады яна стане дзейснаю як ніколі, бо любоў — гэта не шаблонныя дзеянні, яна не можа быць надакучліваю або апатычнаю. Любіць — значыць кожны дзень нанава распачынаць служэнне ўчынкамі любові.
Я настойліва паўтараю — варта вогненнымі літарамі запісаць у кожнай душы: свабода і самаахвярнасць не супрацьпастаўленыя, яны падтрымліваюць адна адну. Свабода можа ахвяраваць сабою толькі дзеля любові, іншай ахвяры я не магу сабе ўявіць. Кажучы так, я не імкнуся да нейкай удалай гульні словаў. У кожнае імгненне дабравольнага самаахвяравання свабода аднаўляе любоў. Аднаўленне ж значыць заўсёдную маладосць, годнасць, велікадушнасць, здольнасць імкнуцца да вялікіх ідэалаў і прыносіць вялікія ахвяры. Я памятаю, як павесяліўся, калі даведаўся, што ў партугальскай мове маладых людзей клічуць «os novos» — «новыя». Яны і ёсць такія. Я распавядаю вам пра гэта, бо, пражыўшы шмат гадоў, пачуваюся вельмі маладым і ніколі не адчую сябе старым, молячыся каля алтара Пана, які «напаўняе весялосцю маладосць маю» (пар. Пс 103, 5). Бо, калі я застаюся верным свайму Богу, Любоў заўжды будзе ажыўляць мяне, «абнаўляецца, як арол, юнацтва маё» (пар. Пс 103, 5).
Мы звязаныя любоўю да свабоды. Толькі пыха лічыць гэтую сувязь цяжкімі кайданамі. Сапраўдная пакора, уласцівая Таму, хто ціхі і пакорны сэрцам, паказвае нам, што Ягонае ярмо любае і цяжар — лёгкі (пар. Мц 11, 30). Ярмо — гэта свабода, ярмо — гэта любоў, ярмо — гэта братэрства, ярмо — гэта жыццё, якое Ён здабыў для нас на Крыжы.
На працягу многіх гадоў свайго святарства я не проста абвяшчаю, я крычу пра сваю любоў да асабістай свабоды і заўважаю, што некаторыя ставяцца да гэтага з недаверам, нібы падазраюць, што абарона свабоды пагражае веры. Няхай супакояцца гэтыя маладушныя. Толькі памылковае ўяўленне пра свабоду можа параніць веру: гэта свабода неабмежаваная, неўнармаваная, беззаконная, безадказная. Адным словам — свавольства. На жаль, менавіта яго некаторыя абараняюць, і гэтыя прэтэнзіі — прамы замах на веру.
Таму некарэктна казаць пра свабоду сумлення — гэта значыла б даваць добрую маральную адзнаку адмаўленню чалавека ад Бога. Мы ўжо высветлілі, што можам супраціўляцца збаўчым намерам нашага Пана, але не павінны гэтага рабіць. Калі ж хтосьці дабравольна прымае гэтую пазіцыю, ён грашыць супраць першай і галоўнай запаведзі: «Любі Пана Бога Твайго ўсім сэрцам тваім» (Дрг 6, 5).
Я ўсімі сіламі абараняю «свабоду сумленняў» [Леў ХІІІ, Enc. Libertus praestantissimus, 20.06 1888, ААС 20 (1888), 606]. Гэта значыць, што нікому не дазволена замінаць стварэнню пакланяцца Стварыцелю. Трэба паважаць законнае прагненне праўды: чалавек абавязаны шукаць Пана, пазнаваць Яго і пакланяцца Яму. Але ніхто на зямлі не мае права навязваць бліжняму веру, якой яму бракуе, або шкодзіць таму, хто атрымаў веру ад Бога.
Пераклад з іспанскай мовы
Юліі Шэдзько.
Паводле: Jose Maria Escriva de Balaguer, «Amigos de Dios», 1977.