Хіба ўжо пяцьдзесят разоў прагледзела свой новы любімы фільм — відэазапіс уласнага вяселля, і не раз яшчэ хацела б перажыць самы шчаслівы дзень у сваім жыцці. Дзень, з якога пачынаецца новае жыццё.
... Каштоўнае прадчуванне свята і ўспамін пра яго. У гэтым Антуан дэ Сэнт Экзюперы сапраўды меў рацыю. І паверце, што заручынаў і вяселля гэта датычыць ледзь не ў першую чаргу. Цяпер, шчыра кажучы, я па-добраму зайздрошчу сваёй сяброўцы, якая ўлетку будзе святкаваць вяселле, зайздрошчу таму часу (асабліва значнаму для дзяўчыны), які яна цяпер перажывае. Спачатку фантазія, мары, творчасць, магчымасць кожны дзень займацца тым, што развівае цябе і твае здольнасці, аналізаваць і (калі неабходна) спрабаваць у чымсьці направіць узаемаадносіны з будучым сужэнцам; марыць і чакаць цуду. А ён абавязкова адбудзецца (тым больш што каралевіч на белым кані ўжо прыскакаў).
Пра тое, што існуе магчымасць заручынаў у касцёле, мы з маім будучым сужэнцам даведаліся ўжо пасля — часцей за ўсё нам чамусьці кажуць пра гэта падчас падрыхтоўкі да шлюбу.
Што датычыць тэрміну заручынаў, то ў католікаў ён амаль супадае з тым часам, за які яны могуць прайсці падрыхтоўчую катэхезу. У нашым выпадку ад заручынаў да шлюбу прайшоў год і два дні, і кожны дзень гэтага часу я б з радасцю перажыла наноў. Тым больш што за гэты час можна лепш пазнаць адно аднаго ў іншай ролі, убачыць, як твой каханы вырашае праблемы, як ставіцца да твайго меркавання. І ўсё ж: проста не ўяўляю, як за тры месяцы можна падрыхтавацца і падрыхтаваць вяселле. Не такое, як ва ўсіх, а пра якое ты марыла!
Што такое заручыны для жыхароў сучаснай Беларусі? Калі шукаеш падрабязнай інфармацыі, адразу звяртаешся да народных традыцый, якія цяпер беларусы выкарыстоўваюць часткова ці са сваімі зменамі. У каталіцкай літаратуры на сямейную тэматыку таксама не надта падрабязна апісаны гэты перыяд развіцця кахання і прыняцця важнага рашэння, аднак нагадваецца пра яго каштоўнасць.
Барбара Сайнок у кнізе «Пакліканыя да любові» піша, што спачатку «адбываюцца агледзіны і заручыны перад бацькамі або апекунамі, калі маладыя людзі абменьваюцца пярсцёнкамі. Маладыя людзі могуць лічыцца нарачонымі з моманту шлюбнай прапановы, зробленай перад бацькамі або апекунамі, і заручынаў».
Усё лагічна, але, напэўна, у многім залежыць ад традыцый рэгіёну, асабістых інтарэсаў і шмат чаго іншага. Пакуль што заручальныя пярсцёнкі мне давялося заўважаць выключна ў дзяўчат. Да таго ж, многія не супраць, каб прапанова выйсці замуж і ўручэнне пярсцёнка прайшлі ў інтымных абставінах: пад зорным небам ці ва ўтульным рэстаране пад гукі жывой музыкі і пры свечках. І толькі пасля пачынаецца перыяд неабходнага знаёмства з бацькамі. Да таго ж, дзявочая натура любіць сюрпрызы, нечаканасці, і кожная можа зрабіць гэты момант свайго жыцця па-асабліваму запамінальным.
Я зусім не была супраць таго, каб прапанова выйсці замуж і ўручэнне заручальнага пярсцёнка адбыліся без старонніх асобаў — толькі ён і я. Гэты момант быў асабліва хвалюючым і радасным. Я нават не здагадвалася, што гэты вечар стане пачаткам грунтоўнай падрыхтоўкі да жыцця ў сужэнстве.
На сутнасць заручынаў мае вочы (і, як я думаю, майму будучаму мужу) у чарговы раз адкрыў спадар Яцак Пулікоўскі, які ў кнізе «Закаханасць… і што далей?» раіць маладым людзям працягнуць час заручынаў больш, чым на тры месяцы. Між іншым, у традыцыйных польскіх заручынах аўтар вылучае тры часткі: мужчына просіць рукі ў бацькоў каханай, дзяўчына прымае заручальны пярсцёнак, маладыя людзі публічна паведамляюць пра тое, што з’яўляюцца заручанымі (сваім знаёмым і сябрам, і ў парафіяльным касцёле).
Парадаў у выбары варыянту заручынаў я не прапаную, але заахвочваю паразважаць над самім працэсам заручынаў і хачу распавесці пра яшчэ адну магчымасць гэтага абраду. Хочацца нагадаць, што благаслаўленне заручаных у традыцыі Касцёла не супрацьпастаўляецца народным звычаям і нават можа іх дапаўняць ці быць асобнай формай святкавання гэтай падзеі.
Заручыны ў народнай традыцыі
Заручынам у беларускай традыцыі здаўна папярэднічалі сватаўство ці запоіны. Калі сватаўство было пробным крокам у перадвясельных падзеях, то заручыны фактычна з’яўляліся першым адказным крокам у аб’яднанні двух родаў. Асноўная мэта заручынаў — канчатковая дамоўленасць аб правядзенні вяселля, аб усіх яго абставінах — як матэрыяльных, так і абрадавых.
На заручыны, што адбываліся ў хаце нявесты, запрашалі шырокае кола сваякоў, якія былі сведкамі перамоваў і дасягнутай дамоўленасці. Удзельнікі гэтага абраду павінны былі больш дэталёва пазнаёміцца з сем’ямі двух родаў; вызначыць асноўных удзельнікаў вяселля, тых, хто будзе надзелены вясельнымі чынамі (шафер, шаферка і г.д.); вызначыць колькасць гасцей з кожнага боку; колькасць сваякоў, якіх неабходна ўшанаваць падарункамі ў час вяселля; канчаткова прызначыць дзень вяселля.
У XVII–XVIII стст. абрад заручынаў заканчваўся тым, што жаніх і нявеста абменьваліся пярсцёнкамі і тым самым давалі згоду на шлюб. Пасля гэтага бацька нявесты звязваў рукі маладых са словамі: «Дай, Божа, у добры час, на вясёлае жыццё, на дзяцінае шчасце!».
Адвячоркам сем’і нявесты і жаніха абменьваліся падарункамі, а далей ішоў абрад развітання — госці павінны былі моцна паціснуць адзін аднаму рукі, быццам замацаваўшы атрыманую дамоўленасць. Пасля заручынаў адмовіцца ад вяселля было практычна немагчыма.
Колькі на Беларусі мястэчак, столькі і традыцый, аднак агульным было тое, што сватаўство або запоіны пры згодзе бацькоў і дзяўчыны прыводзілі да заручынаў.
Благаслаўленне заручаных у традыцыі Каталіцкага Касцёла
Заручыны займаюць пачэснае месца і ў жыцці Касцёла, але трэба памятаць, што яны не з’яўляюцца сакрамэнтам, а таму неабавязковыя. Адзначым, што айцы Другога Ватыканскага Сабору заклікалі да таго, каб сакрамэнту сужэнства папярэднічаў час добрапрыстойных заручынаў.
Форма заручынаў залежыць ад пастановаў мясцовай Канферэнцыі Біскупаў — яе можна знайсці ў «Парадку цэлебрацыі сужэнства, дастасаванага для дыяцэзій Беларусі», выдадзеным у Мінску ў 2010 годзе.
Паводле гэтага дакумента, заручыны могуць праходзіць як у бацькоўскім доме, так і ў святыні, пры гэтым яны павінны быць асобным абрадам, не спалучаным са святой Імшой. Абрадам заручынаў у бацькоўскім доме можа кіраваць адзін з бацькоў, але калі прысутнічае святар, кіраванне даручаецца яму.
Абрад распачынаецца са знака крыжа. Потым маладым людзям нагадваецца, што пасля заручынаў неабходна і надалей «у чыстасці і супольнай малітве чакаць цэлебрацыі святога сужэнства». Далей чытаюцца ўрыўкі з Евангелля, можа прамаўляцца ці спявацца рэспансарыйны псальм. Затым адбываецца супольная малітва. Перад малітвай благаслаўлення, адпаведна з мясцовым звычаем, тыя, хто заручаюцца, могуць падмацаваць свае абяцанні праз падпісанне пэўнага дакумента, абмен пярсцёнкамі ці іншымі падарункамі. Пры гэтым той, хто благаслаўляе нарачоных, можа выкарыстоўваць наступную формулу: «Ахвяраваныя адно аднаму дары захоўвайце так, каб у свой час вы споўнілі тое, што паабяцалі праз узаемнае адорванне».
Ну, і як гэта было?
— пыталіся мае сяброўкі. Не ведаю, што яны хацелі пачуць (магчыма, што каханы завёў мяне ў шыкоўны рэстаран ці сустрэў мільёнам пунсовых ружаў), але ў нас усё было крыху інакш. Звычайная сустрэча пасля працы (хаця, не зусім звычайная, бо мы не маглі сустракацца штодня), прыгатаваная маім каханым вячэра, што прыемна здзівіла. Але нельга было здагадацца, што ён крыху спазніўся на сустрэчу, таму што быў у святара, які благаславіў заручальны пярсцёнак. І я цяпер з радасцю ўзгадваю, што ўручэнне пярсцёнка стала для мяне сапраўдным сюрпрызам, на які нельга было не адказаць «так».
Дзе адбудуцца заручыны — у касцёле, у бацькоўскім доме ці пад месячным небам — выбіраць толькі вам. Але хочацца пажадаць, каб у любым выпадку ваш намер благаславіў Бог і разам з Ім вы распачалі непасрэдную падрыхтоўку да шлюбу. Заручыны — гэта толькі пачатак. Што чакае маладую пару на працягу часу заручынаў, вось сапраўдная таямніца і радасць...
Святлана Жылевіч