«Правек ды іншыя часы»

Зусім нядаўна беларускі чытач змог пабачыць кнігу зна­камітай польскай пісьменніцы Вольгі Такарчук «Правек ды іншыя часы» па-беларуску. Пераклад зроблены вельмі добра, жывой, спеўнай моваю.

Перад тым як распачаць падарожжа ў цэнтр сусвету, правек, менавіта так называе яго аўтарка, хацелася б сказаць некалькі словаў пра яе саму, творцу падсвядомай рэчаіснасці, завуаляванай рэальнасці, дасведчанага знаўцу чалавечых перажыванняў.

Вольга Такарчук доўгі час працавала псіхатэрапеўтам і, як казала сама, яе ўлюбёныя майстры ў гэтай справе Юнг і Фрэйд — той самы дзядуля з сівой барадой, які стаў аўтарам тэорый псіхааналізу, тлумачэння сноў ды іншых складаных рэчаў: сумежжа фантазіі і рэальнасці, падсвядомага і яўнага. Прафесійныя за­цікаўленні, досвед працы з унутранымі перажываннямі чалавека, прагненне ствараць сталі падмуркам, пачаткам для Вольгі як пісьмен­ніцы. 

Каб разбавіць уласны су­б’ектывізм, я падаю некалькі водгукаў на прозу Вольгі Такарчук.

«Проза Такарчук празрыстая і пазбаўленая непатрэбных упрыгожванняў. Пісь­мен­ніца распавядае гісторыі з уласцівай ёй лёгкасцю, у якой змяшаныя надзея, боль і недарэчнасць свету. Штодзённае жыццё спалучаецца з фантазіяй, сон — з яваю, мінулае — з цяперашнім — і ўсё гэта робіцца надзвычай ве­рагодным» (Філіп Марсдэн, The Observer).

«Такарчук з кавалкаў рэальнай гісторыі будуе міф, то бок, гісторыю, прасякнутую гармоніяй, дзе ўсе здарэнні, нават кепскія і трагічныя, маюць сваё абгрунтаванне» (Ежы Сасноўскі, Gazeta Wy­borcza).

Правек — гэта месца ў цэнтры сусвету. Яно не вельмі малое, але і вялікім яго назваць цяжка. Правек — гэта вёска, млын, лес, дзве рэчкі, луг. Гэта людзі, якія тут жывуць. Гэта рэальнае жыццё і пазарэальнае ўяўленне магчымай рэчаіснасці. Правек — гэта лёсы людзей у складаных умовах мінулага стагоддзя. Гэта войны, трагедыі агульнаграмадскія і асабістыя, трагедыі сям’і, асобы, душы. Правек — гэта гісторыя краіны ў шчыльным кантэксце гісторыі пэўнай асобы. Бо з гісторыі кожнай такой асобы і складаецца гісторыя краіны ў цэлым. 

Правек — гэта перапля­ценне рэальнага з выдумкаю. Правек — гэта адказ на ўсё, што адбываецца з намі. Гэта разважанне над сэнсам жыцця. Гэта пошукі Бога. 

Кніга складаецца з ма­лень­кіх аповедаў: «Час Генавэфы», «Час Міхала», «Час Гульні»...

Кожнае здарэнне, кожная з’ява, чалавек маюць свой час. І гэты час заўсёды розны, нават у самых вялікіх дробязях і крупіцах. Ён не такі, як быў раней, ці як будзе пасля, ён такі, які ёсць цяпер.

Правек у сваёй рэальнасці — гэта жыццё звычайных сялянаў на пэўнай зямлі. Іх праца, захапленні, мары, зай­здрасць, каханне, любоў, смутак, зычлівасць і абыякавасць, шацунак і няўдача, хваробы, смерць, нараджэнне і новая надзея. Усё тое, што мы называем жыццём. 

У рэальным аўтарка дасканала паказвае лад чалавечага жыцця, гора вайны, прыстасаванне да новай улады, сямейнае жыццё, здраду і хатні гвалт, перамогу грошай над дзіцячымі марамі, штодзённую руціну. 

Правек міфічны, пазарэальны — гэта перадусім пошукі Бога, які стварыў свет і чалавека ў ім...

Мастацкі твор Вольгі Такарчук — гэта псіхалагічны аналіз свету, унутранага жыцця чалавека, канстатацыя та­го, што ёсць, і мадэляванне таго, што можа быць. 

Рэальнае і патаемнае, праўдзівае і выдуманае, лёсы лю­дзей і сны на яве — усё гэта проза Вольгі Такарчук.

Чытаючы яе твор, міжволі заглыбляешся ў плынь аповеду. Стаўшыся міфічным героем, назіраеш за рэальнымі персанажамі. То бок, чытаючы — ты прысутнічаеш, і прысутнічаючы — удзельнічаеш...

«Правек ды іншыя часы» не пакіне абыякавых пасля прачытання!

Я ў сваю чаргу хачу пажадаць прыемнай вандроўкі ў багаты свет літаратуры, дзе няма немагчымага і недасяжнага, дзе нашае ўяўленне здолее перажыць неверагодныя рэчы. Прыемнага чытання!

Дзяніс Бурко

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней