У магазін «Духоўная кніга», што на вуліцы Багдановіча, 25, аднойчы зайшла жанчына і са смуткам сказала, што яе сын з нявесткаю вырашылі разысціся. Яна прасіла параіць літаратуру па праблемах сужэнства. Прадавец прапанавала набыць кнігу вядомага сямейнага псіхолага Яцака Пулікоўскага. Пазней жанчына прыйшла, каб падзякаваць супрацоўнікам «Духоўнай кнігі», паведаміўшы, што пасля таго як «дзеці» прачыталі кнігу, яны перадумалі ісці на развод.
У лістападзе мінулага года Мінск наведаў вядомы сямейны псіхолаг з Польшчы Яцак Пулікоўскі. Многія яго ведаюць і ў Беларусі дзякуючы кнігам, што выйшлі ў выдавецтве «Pro Christo»: «Стоит быть отцом: главная карьера мужчины», «Крокодил для любимой», «Стоит полюбить тёщу», а таксама дзякуючы яго цікавым артыкулам у часопісе «Любите друг друга».
У Мінску ён сустрэўся са студэнтамі медуніверсітэта, а таксама выступаў у касцёле святога Роха і ў касцёле святых Сымона і Алены. Чалавек ён светлы, вельмі пазітыўны, з адкрытаю шчыраю ўсмешкаю. Свае сустрэчы звычайна пачынае так: «Я вельмі шчаслівы чалавек. Я шчаслівы муж адной жонкі, з якой у шлюбе ўжо 34 гады. Я шчаслівы бацька траіх дзяцей...» Аднак шчасце бацькоўства да сужэнцаў Пулікоўскіх прыйшло не адразу. Яго яны чакалі цэлых дзесяць гадоў, займаючыся пры гэтым душпастырствам сем’яў. Гэтае вялікае служэнне яны нясуць па сённяшні дзень.
За тры дні, што спадар Яцак прабыў у Мінску, ён акрэсліў і асвятліў шмат цікавых пытанняў па праблемах сям’і, бацькоўства і ўвогуле шчасця.
Мужчына і жанчына: мы абсалютна розныя
Гэта тэма праходзіла праз усё выступленне Яцака Пулікоўскага. Ён прывёў такі красамоўны прыклад: «У сямейную кансультацыю звярнуўся выкладчык ВНУ, ад якога пасля 17 гадоў сумеснага жыцця пайшла жонка, забраўшы траіх дзяцей. Гэты мужчына ўвесь час даказваў мне, якая дрэнная была яго жонка. Ён нават вёў запісы, дзе рэгістраваў яе паводзіны і пастаянна даказваў ёй, што яна няправільна паступае, бо паводзіць сябе не так, як ён. Калі я пачаў тлумачыць яму, якія паводзіны тыповыя для жанчыны, расказваць пра тыповыя жаночыя рэакцыі, пра патрэбы жанчыны, мужчына расплакаўся, як дзіця. Ён толькі цяпер зразумеў, што ўсе 17 гадоў проста здзекаваўся з жонкі, мучыў яе псіхічна — і толькі за тое, што яна паводзіла сябе як нармальная жанчына. Скрозь слёзы мужчына сказаў: „Чаму я не ведаў гэтага раней?“». Псіхолаг больш падрабязна расказаў слухачам пра адрозненні паміж мужчынам і жанчынай. Бог стварыў мужчыну і жанчыну з пэўнаю мэтаю: мужчына надзелены такімі якасцямі, каб ён мог быць бацькам, жанчына — каб быць маці. Жанчыне ўласцівыя мяккасць, пяшчота, назіральнасць, здольнасць заўважаць дробязі (гэта патрэбна, калі ёсць малое дзіця). Жанчына мае ўнікальную здольнасць пераключацца з адной працы на іншую, што абсалютна немагчыма для мужчыны. Жанчына можа лёгка і свабодна рабіць некалькі справаў адначасова. Жанчына хутка і спантанна рэагуе на тое, што адбываецца навокал. Яна мае патрэбу ў пастаянных зносінах (гэта закладзена прыродаю для выхавання дзіцяці). Жанчына здольная на вялікую самаахвярнасць, але павінна ведаць яе мэту: для каго і для чаго гэта патрэбна. Жанчына любіць разнастайную працу і дрэнна пераносіць манатонную. Яна можа адпачываць у перапынках паміж заняткамі, прысеўшы на хвілінку. Гэта можа быць часта, але для адпачынку ёй патрэбна мала часу.
З мужчынам усё інакш. Калі ён пачынае працу, гэта павінна быць «вялікая справа», а не дробязі. Для мужчыны няма горшага занятку, чым быць «хлопчыкам на пабягушках», тым больш у жанчыны. Ён ахвотна дапаможа, але перад ім трэба паставіць канкрэтную задачу. Ён можа цяжка працаваць шмат часу, але павінен закончыць справу. Аднак калі скончыць, павінен адпачыць. Жанчына часта гэтага не разумее і папракае мужа за тое, што ён ляжыць на канапе.
Мужчына і жанчына па-рознаму памятаюць адны і тыя ж падзеі. Мужчына хоча ў жыцці быць кімсьці, а жанчына — быць кімсьці для кагосьці. Яшчэ вельмі важна ведаць: жанчына ўспрымае сябе галоўным чынам у эстэтычных і маральных катэгорыях. Яна хоча быць прыгожай, добрай, ствараць цудоўнае, і хоча, каб іншыя заўважалі гэта. Мужчына ўспрымае сябе абсалютна ў іншых катэгорыях — катэгорыях розуму, сілы, здольнасцяў, але перадусім — разумовых здольнасцяў. Задача жанчыны — падтрымліваць пачуццё ўласнай годнасці ў мужчыны і стымуляваць яго высілкі.
«Мне здаецца, — каментуе Яцак Пулікоўскі, — што мужчыны ўсё ж такі часцей гавораць жонкам: „Ты вельмі прыгожая“, чым жонкі мужам: „Ты вельмі разумны“».
Сэрца мужчыны — гэта справы ўсяго свету, а свет жанчыны — гэта справы яе сэрца. Гэты афарызм нагадвае пра самыя важныя матывы паводзінаў мужчыны і жанчыны.
Пароль: «кола»
Слухаючы шаноўнага спадара Яцака Пулікоўскага, я ўспомніла сведчанне адной жанчыны, якая тройчы была замужам. Яна са скрухаю ў сэрцы прызналася, што калі б яна адносілася да свайго першага мужа так, як цяпер адносіцца да трэцяга, яна ніколі не развялася б і была б самаю шчасліваю.
У ЗША было праведзена сацыялагічнае даследаванне групы сем’яў, у якой налічвалася 50% разведзеных сужэнцаў. Аналіз паказаў, што развод сужэнцаў першага шлюбу складае 40%, развод другога шлюбу — 65%, развод сужэнцаў, якія знаходзіліся ў трэцім, чацвёртым і г. д. шлюбе — 80%. У кіно ж нам паказваюць наадварот: кожная наступная жонка лепшая за папярэднюю, дарэчы, як і муж. «Гэта сапраўднае шатанства», — адзначыў шаноўны псіхолаг. Дарэчы, даследаванне паказала: сужэнцы, якія мелі касцёльны шлюб, разводзіліся ў 30% выпадкаў. Развод сужэнцаў, якія практыкавалі сваю веру, склаў 2%. Развод тых, хто разам моляцца і ў нядзелю бываюць у касцёле, склаў 0,07%. Спадар Яцак прыгадаў прыклад: адна сямейная пара вырашыла карыстацца словам-паролем «кола», калі пачынала сварыцца. Гэта азначала, што трэба неадкладна разбегчыся ў розныя пакоі і памаліцца адну таямніцу ружанца. І ў сям’і хутка наступаў спакой.
Мэта сужэнства
Вядомы псіхолаг прызнаўся, што сам доўга не разумеў мэты сужэнства. Дапамог яму ўсвядоміць гэта Ян Павел ІІ, які сказаў, што мэта сужэнства — супольная дарога да святасці і што менавіта мужчына бярэ на сябе адказнасць за правільнае развіццё ўсіх членаў сям’і. Падкрэсліваецца паняцце «адказнасць», бо менавіта яно — ключ да разумення мужнасці мужчыны. Што азначае развіццё чалавека? Гэта не колькасць замежных моваў, якімі ён валодае. Сапраўднае развіццё чалавека — у яго духоўным росце, ва ўменні выбіраць паміж дабром і злом. Менавіта за гэта ў сям’і адказны мужчына. Ян Павел ІІ называе функцыі, якія дапамагаюць мужчыну рэалізаваць гэта на практыцы:
1) адказнасць за зачатае жыццё;
2) сумесны ўдзел з жонкай у выхаванні дзяцей;
3) прафесійная дзейнасць павінна служыць умацаванню сям’і, а не яе разбурэнню;
4) прыклад сталага хрысціянскага светапогляду.
Вось толькі некаторыя тэзісы выступлення на гэтую тэму Яцака Пулікоўскага.
• Калі чалавек свядома не будзе развіваць асабістых адносінаў са сваім Стварыцелем Богам, ён не можа быць па-сапраўднаму шчаслівым.
• Птушка не можа быць шчасліваю ў клетцы, бо жыве не сваім жыццём. Так і чалавек, які не будуе сваёй святасці...
• Часта мы думаем, што шчаслівы чалавек, які, пражыўшы ўсё жыццё па-свінску, за 5 хвілін перад смерцю навярнуўся да Бога. Не трэба зайздросціць яму, гэты чалавек жыў усяго 5 хвілін.
• Распуснікі не сабралі ніякага багацця, акрамя хвіліннай прыемнасці. Польская прыказка кажа: «Пан Бог прабачае заўсёды, калі чалавек раскайваецца. Чалавек прабачае часам. Прырода не прабачае ніколі».
• Да нас ставяцца так, як мы гэта дазваляем...
• Лепш быць нямодным, але шчаслівым, чым модным і няшчасным.
• Кожны чалавек нараджаецца зранены першародным грахом, але дзякуючы Божай ласцы і ўласным намаганням можа ўзрастаць...
• Няма іншай дарогі да шчасця, як толькі праз любоў. Каб па-сапраўднаму любіць, трэба пераступіць праз сябе.
• Мы жывём, каб збаўляцца, а не забаўляцца...
10 запаведзяў сямейнага жыцця ад Яцака Пулікоўскага
1. Наблізьцеся да Бога і Яго запаведзяў.
2. Памятайце пра паслядоўнасць: на першым месцы — Бог, на другім — сужэнец, на трэцім — дзеці, пасля — іншыя людзі.
3. Змяняй сябе, каб быць лепшым мужам, лепшай жонкай, дбай пра сваё развіццё, станавіся лепшым.
4. Размаўляйце і слухайце адно аднаго.
5. Мужчыны, шануйце пачуцці жонак і захапляйцеся іх дабрынёй і прыгажосцю; жонкі, захапляйцеся справамі і мудрасцю мужоў, прабывайце пад іх апякунскімі крыламі.
6. Шануйце сем’і сваіх бацькоў і ніколі не майце да іх прэтэнзій.
7. Не аддзяляйце сужэнскую блізкасць ад бацькоўства.
8. Няхай кожнае дзіця, нават незапланаванае, будзе для вас вялікім дарам.
9. Узгадняйце разам намеры ў выхаванні дзяцей і ніколі пры дзецях не паказвайце адмоўныя бакі сужэнца. Будзьце натхняльным прыкладам дабра для сваіх дзяцей.
10. Штодня рабіце невялікія прыемнасці адно аднаму.
Шмат важных і цікавых тэмаў асвятліў падчас свайго побыту ў Мінску наш шаноўны госць. Тым, хто зацікаўлены ў большых ведах, раім набыць яго кнігі, якія дапамогуць па-іншаму паглядзець на сябе, на сваіх блізкіх, а ў крызіснай сітуацыі нават выратаваць сужэнства і сям’ю ад распаду.
Падрыхтавала Галіна Калевіч.
Фота Віталя Палінеўскага.