Цуды пілігрымкі

Напрыканцы 2010 года мы вярнуліся з пілігрымкі ў Польшчу. Мы — гэта вернікі з парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах на чале з нашым пробашчам ксяндзом Казімірам Шыдэлкам. Падчас пілігрымкі мы наведалі цудоўную святыню ў Чэнстахове, санктуарый Божай Мі­ласэрнасці ў Лагеўніках каля Кракава, пабывалі на экскурсіі ва ўнікальным месцы не толькі ў Польшчы, але ва ўсім свеце, якое знаходзіцца пад апекаю ЮНЕСКА, — у саляных шахтах у Вялічцы. 

Узрост нашых парафіянаў, якія прынялі ўдзел у пілігрымцы, як гаворыцца, «ад малога да старога». Самай малодшай, Марце Супранёнак, — 9 гадоў, у маі мінулага года яна прыступіла да першай споведзі, прыняла першую св. Камунію. Самай старэйшай удзельніцай была Казіміра Рамберг, якая адзначыла свой 80-гадовы юбілей. Гэта проста цудоўны чалавек. Колькі дабра яна робіць для нашай парафіі! Гэта і аздабленне галоўнага алтара, і строі для міністрантаў, і сукенкі для дзяўчат на першую св. Камунію — усё сшытае яе залатымі рукамі. А як прыгожа яна спявае! Ехала з намі таксама шмат моладзі, дзякуючы якой мы сваімі спевамі, малітвамі, песнямі пад гітару праслаўлялі Пана Бога, Найсвяцейшую Панну Марыю ў гэтай дарозе.

Самы цудоўны момант нашай пілігрымкі мы перажылі падчас святой Імшы перад абразом Маці Божай Чэнстахоўскай. Святую Ім­шу цэлебраваў у нашых інтэнцыях, складзеных на алтары, наш ксёндз Казімір. Дух захоплівала ад усведамлення таго, што мы знаходзімся тут, перад Яе цудоўным абліччам, перад Яе вачыма, самі чытаем словы са Святога Пісання, малітву вернікаў, спяваем псальм. Магчымасць у такім месцы праслаўляць Пана Бога на беларускай мове, блізка стоячы каля алтара, — хіба ж гэта не цуд Божы! Не хапае словаў, толькі вялікая, вялікая ўзрушанасць у сэрцах, а на вачах — слёзы...

А ці можа не ўсхваляваць той момант, калі падчас заключнай малітвы і Яснагурскага «апеля» некалькім нашым пілігрымам пашчасціла зноў блізка стаяць каля цудадзейнага абраза, уголас памаліцца Ружанец на роднай мове! Так словы «Вітай, Марыя...» гучалі на ўвесь свет, бо трансляцыя набажэнства вядзецца па каталіцкіх каналах і праз інтэрнэт ва ўсе краіны. Хачу згадаць яшчэ адзін хвалюючы момант: святую Імшу для пілігрымаў з Беларусі ў санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках каля Кракава. Там побач з абразом Божай Міласэрнасці знаходзяцца рэліквіі святой Фаустыны Кавальскай, дзякуючы якой мы атрымалі «Вяночак да Божай Міласэрнасці» для суцішвання Божага гневу і перапрашэння за нашыя грахі і ўсяго свету. 

Можна было б працягваць аповед пра ўзрушальны Крыжовы шлях на Яснагурскіх мурах, супольныя малітвы ў аўтобусе, цёплыя, добразычлівыя адносіны паміж пілігрымамі, жарты, смех, песні. Наша незвычайнае падарожжа праляцела як адна хвіліна. Цяжка ацаніць, колькі карысці для ўзрастання духоўнасці і веры прынесла гэтая пілігрымка, як яна зблізіла і аб’яднала нас усіх!

Ад імя ўсіх удзельнікаў пілі­грымкі дзякуем яе арганізатарам — ксяндзу Казіміру і Легіёну Марыі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў, а таксама выказваем словы самай шчырай удзячнасці пану консулу Марэку Марцінэку і ўсім супрацоўнікам Консульскага аддзела Рэспублікі Польшча ў Мінску, якія з разуменнем і добразычлівасцю адгукнуліся на нашую просьбу аб атрыманні бясплатных візаў. Няхай яны ведаюць, што пілігрымы з Бараўлянаў з удзячнасцю маліліся і моляцца аб здароўі і Божым благаслаўленні для ўсіх іх, іх сем’яў, родных і блізкіх.

Ад імя ўдзельнікаў пілігрымкі — Людміла Яблонская.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней