Праз заступніцтва Маці Божай з Люрда

Пра Людмілу мяне папрасіла напісаць знаёмая верніца, сказаўшы: «Пра яе трэба напісаць. Гэта сведчанне». Я пагадзілася. Прачытаўшы гэту гісторыю, можа, ніхто не знойдзе ў ёй нечага незвычайнага. Маўляў, такіх цудаў у кожнага ў жыцці хапае. Проста па­шчасціла. Але не. «Проста пашчасціла» не бывае, калі аздараўляюцца родныя, калі аздараўляешся ты па веры тваёй, дзякуючы Богу.

Пры нашай сустрэчы Лю­дміла разгубілася, нясмела прамовіўшы: «Можа, не трэба…» Але слова за слова — і гэты шчыры і эмацыйны чалавечак раскрыўся і разгаварыўся. Мая суразмоўца не захацела, каб яе прозвішча і фотаздымак былі надрукаваныя, аднак сведчанне пага­дзілася даць. Таму я выконваю яе волю.

Людміла нарадзілася ў пра­васлаўнай сям’і, але непрактыкуючай. І шлях да Хрыста і Касцёла шукала самастойна. Яе юнацтва прыпала на 80-я гады, час, калі яшчэ маўчалі пра рэлігію. Аднак маці Людмілы сцішана верыла ў Бога. Вера яе ўзмацнілася ўслед за дачкой. Сёння ма­ма Людмілы стала наведвае службы ў праваслаўным Мар­кавым манастыры ў Ві­цебску. А сама жанчына з дачкой — парафіянкі касцёла 

св. Барбары абласнога цэн­тра на Дзвіне. Дарэчы, першы цуд у жыцці Людмілы звязаны менавіта з яе дачкой, якой адразу пасля нараджэння дактары вынеслі прысуд невядомай хваробы. Дзяўчынка гасла і памірала літаральна на вачах маці. Толькі потым, калі малой споўнілася пяць гадоў, дыягназ удакладнілі — астма. Як і многія жанчыны, Людміла ведае, што значыць перажываць і маліцца за хворае дзіця. У такія моманты твая вера б’ецца, нібы пульс, то мацнеючы, то слабеючы, але б’ецца. Аднак менавіта падчас выпрабаванняў Бог дасылае «другое, трэцяе… навяртанне» і ў выніку — узмацненне веры. Тады ў галаве Людмілы жыла толькі адна думка: як найхутчэй пахрысціць дзіця. На пачатку 90-х усе канфесіі перажывалі сваё адраджэнне. Жанчына добра памятае, як бегла ў бліжэйшы ад дзіцячай бальніцы храм у Віцеб­ску па святара. Айцец у гадах не мог прыйсці ў медыцынскую ўстанову (было забаронена) і параіў пахрысціць дзіця самастойна, патлумачыўшы, як гэта зрабіць і што такі хрост дазволены Царквой. Так Люд­міла пахрысціла сваю дачку сама. На наступны дзень стан дзяўчынкі палепшыўся, але яна па-ранейшаму заставалася ў рэанімацыі. Праз колькі дзён Людміле па­званіла знаёмая, якая толькі што вярнулася з Люрда — вядомага санктуарыя Божай Маці — і прывезла адтуль гаючай вады з крыніцы. Людміла дала святой вады дачцэ. «Мне здаецца, на той момант у мяне была вельмі слабая надзея, тым больш малітва. Яны цепліліся маленькім агеньчыкам, але дзякуючы Багародзіцы я ажыла, як і мая дачка», — прызналася жанчына. На наступны дзень яна не застала дачку ў рэанімацыі і спужалася, але колькі радасці і падзякі Богу было, калі даведалася, што яе родную дзяўчынку перавялі ў агульную палату. Цяпер Людміла не сумнявалася ў незвычайнай ласцы, дараванай Паннай Марыяй з Люрда. Сёння аздароўленай дзяўчынцы ўжо 17 гадоў. Дыягназ, пастаўлены ў маленстве, застаўся, але больш не непакоіць яе.

На гэтым апека Маці Божай з Люрда ў жыцці Людмілы не скончылася. Аднойчы ёй самой спатрэбіліся ласкі для духоўнага аздараўлення. Яна палюбіла чалавека і да­зволіла сабе жыць з ім без шлюбу. Прыступала да споведзі, але не магла адчуць радасць Эўхарыстыі. Ачышчалася ў адным сакрамэнце, але, не аздараўляючыся ў другім, па слабасці чалавечай вярталася да граху. І разумела — гэта залежнасць. Залежнасць ад чалавека. Без Божай дапамогі яна не магла ад яе пазбавіцца, таму добра памятае тую лютаўскую ня­дзелю, калі пасля Імшы падчас абвестак пробашч касцёла св. Барбары 

а. Міхал Ермашкевіч сказаў, што на наступным тыдні бу­дзе святкавацца ўспамін аб’яўленняў Маці Божай у Люрдзе, таму могуць прыходзіць не толькі хворыя фізічна, але і духоўна — будзе сакрамэнт намашчэння. Гэтыя словы проста ўча­піліся ў памяць Людмілы. 11 лютага быў чацвер. Да гэтага дня жанчына была сама не свая, думала, што абавязкова адпросіцца з працы на Імшу. Так і сталася. «Тады я проста бегла ў касцёл, — успамінае Людміла. — Як у старыя добрыя часы, у маёй душы панавалі спакой і ціша падчас службы. Дома я хутка заснула, а прачнулася зусім іншым чалавекам — аздароўленым. Вы не ўяўляеце, што значыць пазбавіцца ад залежнасці ад іншага чалавека. Гэта зусім не тое, што кінуць па­ліць, піць ці пазбавіцца ад наркотыкаў. Мне здаецца, залежнасць ад чалавека — самая балючая. Грэх, які нараджаецца з парушэння запаведзяў, — невыносны. І ў мяне быў менавіта такі выпадак. Я перавысіла значэнне чалавека, паставіла на першае месца яго, а не Хрыста, таму і зграшыла супраць запаведзі «Не май іншых багоў, апроч Мяне».

...Сёння Людміла працуе з дзецьмі, кінутымі бацькамі. Думаю, і тут дапамога Багародзіцы відавочная. Яе мара — наведаць санктуарый Маці Божай з Люрда.

Як бачым з гэтага аповеду, цуды адбываюцца і на адлегласці, бо па веры сваёй атрымлівае чалавек. Вера ж — найкаштоўнейшы дар, які Пан Бог дае нам для таго, каб мы не сумняваліся ў Яго сіле.

Ірына Лобан, Віцебск.

Цэтлікі: Сведчанні

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней