Пахвалёны Езус Хрыстус!
Вітаем вас, паважаныя чытачы.
Напачатку віншуем усіх з Новым годам. Хай ён будзе шчаслівым для вас. У нашай пошце таксама ёсць віншавальныя лісты. Са Святам Божага Нараджэння нас павіншавалі Станіслаў Антонавіч Шыманоўскі са Слуцка, парафіяне з Дрысвятаў Браслаўскага раёна, Часлава Тамашэўская з Наваполацка і многія іншыя. Усім — вялікі дзякуй!
Вось што пішуць вернікі з Дрысвятаў: «У красавіку 2009 года пробашчам нашай парафіі быў прызначаны ксёндз Юрый Жаўняровіч. Родам ён з Мёраў, рэлігійную адукацыю атрымаў у Польшчы. Гэта чалавек шырокай эрудыцыі, асоба, якая глыбока разумее духоўныя і матэрыяльныя патрэбы людзей. Да яго хінуцца і старыя, і моладзь, нясуць яму сваё гора і радасць, дзеляцца смуткам і болем. Для кожнага ксёндз Юрый знойдзе словы суцяшэння і падтрымкі. Менавіта Пан Бог пасылае нам такіх святароў. 31 студзеня ў ксяндза Юрыя Жаўняровіча дзень нараджэння. Мы — усе парафіяне — жадаем яму зямнога шчасця, моцнага здароўя, апекі Божай Маці ва ўсіх справах і Божага благаслаўлення». Даслалі нам парафіяне таксама верш сваёй зямлячкі Аксаны Пукман, прысвечаны касцёлу Пятра і Паўла:
Касцёл святых
Пятра і Паўла —
Святая святых для мяне.
Душэўны ратунак, спакой,
З табою і гора міне,
А шчасце, дык толькі
з табой.
І Часлава Тамашэўская ў сваім лісце даслала верш:
Вітаю Цябе,
Езу наш каханы,
З нябёсаў малюсенькі
Ты прыйшоў,
Мы клікалі на паратунак,
Пане,
І Ты ў зямной цемры
нас знайшоў.
Іосіф Павучонак з вёскі Сынадворцы Шаркаўшчынскага раёна таксама даслаў нам вершы.
Мой Езу маленькі,
мой Божа Вялікі,
Задумацца моцна
нам трэба...
Як ты палюбіў чалавека
навекі —
Зышоў на зямлю
нават з неба.
Як бачым, натхненне не пакідае нашых чытачоў — і гэта цудоўна. І зусім не так важна, атрымліваюцца ў іх сапраўдныя вершы або гэта пакуль што недасканалыя спробы пяра. Кожны верш, незалежна ад яго мастацкай вартасці, робіць лепшым хаця б аднаго чалавека на свеце — яго аўтара. Натхнення ж вам і надалей.
Напрыканцы не магу не прыгадаць ліст, які засмучае і выклікае трывогу. Некалькі гадоў таму нам даволі рэгулярна пісала Ларыса Жлобіч з вёскі Дзераўное Стаўбцоўскага раёна. Вострыя гэта былі лісты. Жанчына з’яўляецца прыхільніцай адной з сектаў, на чале якой стаіць чалавек, што аб’явіў сябе прарокам. Палемізавалі мы з ёй, спрачаліся, і ў рэшце рэшт перапіска тая спынілася. І вось новы ліст. Прызнаюся, адкрывала яго са спадзяваннем, што нешта змянілася ў поглядах спадарыні Ларысы. На жаль, не... Нам застаецца толькі памаліцца за гэтую жанчыну, папрасіць Пана Бога адарыць яе мудрасцю і ласкаю навяртання. Чым яшчэ мы можам ёй дапамагчы?
На гэтым мы развітваемся з вамі. Да новых сустрэч. Заставайцеся з Богам.
Вера Галубовіч