Самавыхаванне

Адлюстраванне ўзаемаадносінаў чалавека з Богам у перспектыве стварэння і збаўлення чалавека дазваляе скласці цэласны вобраз чалавека. Згодна з думкай Яна Паўла ІІ, Бог не толькі не з’яўляецца супернікам чалавека, але дазваляе яму рэалізаваць сябе ў цэласнасці, згодна са сваім прызначэннем, па вобразе і падабенстве Божым. У гэтым кантэксце зразумелым становіцца заклік Яна Паўла ІІ: «Не бойцеся, адчыніце насцеж дзверы Хрысту і Яго збаўчай уладзе! Не бойцеся! Хрыстус ведае, што носіць у сваёй душы чалавек. Толькі Ён ведае гэта!»

Гэтыя словы, звернутыя ў першую чаргу да хрысціянаў, сталі праграмай ўсяго пантыфікату Яна Паўла ІІ і вызначылі праграму жыццёвага шляху кожнага чалавека. Ян Павел ІІ часта падкрэсліваў, што «сустрэча з Хрыстом — гэта падзея, якая вызначае сэнс экзістэнцыі чалавека і ажыццяўляе пераварот у жыцці чалавека, паказваючы яму духоўныя гарызонты сапраўднай свабоды».

Пасланне Хрыста, скіраванае да чалавека, з’яўляецца ключом і галоўным сэнсам усялякага жыцця чалавека. Менавіта ў гэтым пасланні чалавек знаходзіць асноўныя каштоўнасці, неабходныя яму для рэалізацыі свайго хрысціянскага паклікання, з дапамогай Хрыстовага паслання чалавек атрымлівае магчымасць адэкватна ацаніць вартасць сваёй асобы на падставе пачуцця адказнасці, духу салідарнасці, імкнення да паўсюднага дабра, справядлівасці і праўдзівасці.

Чалавек, арыентаваны на трансцэндэнтнае вымярэнне, знаходзіць у ім падтрымку ў працэсе пераасэнсавання каштоўнасцяў на шляху хрысціянскіх цнотаў. Такім чынам адбываецца ініцыялізацыя «хрысціянскага гуманізму», які знаходзіць паўнату ў нараджэнні «новага чалавека». Ян Павел ІІ падкрэслівае ролю каштоўнасцяў, адлюстраваных у Дэкалогу. Дэкалог — гэта аснова педагогікі запаведзяў, аснова маральнасці. Казанне на гары (Мц 5, 7) і запаведзі любові (Мц 22, 37–40; Мк 12, 29–31; Лк 10, 27) з’яўляюцца свайго роду кульмінацыяй усіх запаведзяў. Цэнтральным момантам педагогікі з’яўляецца фармаванне сумлення чалавека як перасячэння перспектывы сучаснасці і вечнасці. Сумленне звязана з адказнасцю, што абгрунтоўвае ролю, якая належыць «я» ў структуры асобы, — ролю суддзі самога чалавека.

Выхаванне хрысціяніна, на думку Яна Паўла ІІ, сканцэнтраванае на асобе Бога, які любіць чалавека і які з’яўляецца першым настаўнікам чалавека. Ян Павел ІІ падкрэслівае, што чалавек не можа зразумець сябе без Бога і не можа рэалізаваць сябе без Бога. Чалавек не можа ініцыяваць працэс самавыхавання. План Бога адносна выхавання чалавека знаходзіць свой працяг у Езусе Хрысце-настаўніку і дзякуючы дынаміцы прысутнасці Духа Святога дасягае сэрца кожнага чалавека. Такім чынам рэалізуецца Божы план адносна чалавека: усведамленне чалавекам ісціны і паўнаты сваёй чалавечай сутнасці і падтрымка чалавека ў самавыхаванні. Гэта магчыма толькі ў творчым дыялогу Бога і чалавека, падмуркам якога з’яўляецца сапраўдная вера. Глыбокая вера можа быць дасягнута пры ўмове імкнення асобы да самаразвіцця ў арыентацыі на прыклад Хрыста, чый вобраз з’яўляецца педагагічным ідэалам і праўдзівым узорам чалавека. Параўнанне сябе з Хрыстом акрэслівае жыццёвае заданне кожнага чалавека.

Ян Павел ІІ падкрэслівае, што мэтай хрысціянскага выхавання з’яўляецца развіццё асобы з улікам канчатковай мэты жыцця чалавека. Чалавек знаходзіцца ў пошуку каго-небудзь ці чаго-небудзь, што магло б забяспечыць яму абсалютнае шчасце, у пошуку каго-небудзь, хто змог бы дапамагчы яму ажыццявіць усе жаданні. На сваім жыццёвым шляху, у тым ліку на шляху веры, чалавек апынаецца ў розных сацыяльных групах, якія дапамагаюць яму рэалізаваць сваё хрысціянскае пакліканне.

Першай з такіх сацыяльных групаў з’яўляецца сям’я, якая ў разуменні Яна Паўла ІІ уяўляе з сябе сацыяльную групу асаблівага тыпу — «communio personarum». Абазначэнне, якое выкарыстоўвае Ян Павел ІІ для акрэслівання сутнасці сям’і, падкрэслівае, што сям’я — гэта «сумеснае жыццё людзей», заснаванае на ўзаемным прыняцці і рэалізацыі кожным з членаў сям’і свайго чалавечага патэнцыялу. Сям’я паклікана да рэалізацыі хрысціянскіх каштоўнасцяў, якія забяспечваюць гармонію і паўнату ўзаемаадносінаў членаў сям’і.

Другая сацыяльная група — гэта Касцёл, месца сустрэчы з Богам у сакрамэнтах. Сакрамэнт — гэта дар уваскрослага Хрыста, дар, які мае цудадзейны ўплыў на ўсе формы жыцця чалавека. Сустрэча з Хрыстом — канстытутыўны момант педагогікі, арыентаванай на Хрыста, які выходзіць насустрач чалавеку і дае яму абяцанне жыцця вечнага. Сустрэча з Хрыстом аказваецца магчымай пры ўмове, што чалавек захоўвае вернасць свайму імкненню да жыцця паводле прынцыпаў сяброўства і кахання па прыкладзе Хрыста.

Думка Яна Паўла ІІ у справе выхавання вызначаецца хрыстацэнтрычнасцю, паколькі ў Хрысце чалавек знаходзіць сваю паўнату; эклезіяльнасцю, паколькі выхаванне рэалізуецца з удзелам сакрамэнтаў. Чалавек у працэсе самавыхавання бачыць сябе праз прызму збаўчага Божага плану і згодна з гэтым планам рэалізуе сябе ў сацыяльным асяроддзі — сям’і, Касцёле і народзе.


Алена Казлова
Надрукавана ў «Ave Maria» № 12 (189) 2010.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней