Казіміра Марта Валоўская (1879 — 1942)
Багуміла Марыя Ева Наішэўская (1885 — 1942)
Законніцы з Супольнасці Сясцёр Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, благаслаўлёныя
Казіміра Марта Валоўская нарадзілася ў Польшчы, там жа ўступіла ў ордэн непакалянак. Напачатку служыла ва Украіне, а потым прыехала ў наш Слонім, дзе стала настаяцельніцай законніцкага дому.
У Слоніме таксама аддана служыла Богу і людзям яе законная сястра Багуміла Марыя Ева Наішэўская. Па прафесіі ўрач акуліст, яна прыходзіла на дапамогу людзям на першы іх покліч. За яе плячыма былі гады працы ў расійскіх ваенных шпіталях у час Першай сусветнай вайны, а пазней яна пераехала ў Варшаву, дзе лячыла дзяцей. У Польшчы ўступіла ў ордэн непакалянак і неўзабаве таксама апынулася ў Слоніме. У часе Другой сусветнай вайны яна, верная сваёй прафесіі, таксама працавала ўрачом.
Абедзве сястры лічылі гэта сваім пакліканнем — дапамагаць людзям у небяспецы. І дапамагалі, не шкадуючы ўласных сілаў, не зважаючы на небяспеку. Гестапа арыштавала сясцёр
у Адвэнце 1942 года — 18 снежня. Абедзвюм ставілася ў віну дапамога партызанам і яўрэям, што знаходзіліся ў мясцовым гета.
Сясцёр расстралялі на другі ж дзень у прадмесці Слоніма. У 1999 г. Папа Рымскі Ян Павел ІІ узнёс іх да хвалы алтара.
Разам з гэтымі адважнымі сёстрамі быў расстраляны і айцец езуіт Адам Старк, які меў магчымасць збегчы ў дзень расстрэлу, але адмовіўся і загінуў разам з сёстрамі.
Лявон Лаўцэвіч
Святар (1895 — 1981)
У снежні 1952 года ксёндз Лявон Лаўцэвіч пісаў са сталінскага лагеру сястры эўхарыстцы Апалоніі Пяткун у віншавальным лісце да ўрачыстасці Божага Нараджэння: «Дзякую за святочныя пажаданні і за аплатак, які з’яўляецца знакам братэрскай любові ў Хрысце Пану. <...> Няхай Божае Дзіця благаславіць шаноўнай сястры, усёй вашай расцярушанай сям’і [супольнасці сясцёр эўхарыстак. — І.Ж.] і адорыць спакоем, якога свет не можа даць, а таксама духоўнай раўнавагай, трываласцю ў цяжкіх жыццёвых выпрабаваннях, мужнасцю для прыняцця розных непамыслотаў. Ведаю, што пры дзяленні аплаткам у вігілійны вечар не адна сляза сцячэ па вашых тварах, калі прыгадаеце, што вы цяпер сёстры без пастыраў, якія суцяшалі вас і былі вашымі праваднікамі ў духоўным жыцці. Няхай жа недахоп нас заменіць вам Найвышэйшы Пастыр і Боскі Настаўнік, суцешыць вашыя сэрцы і душы, дае вам надзею на лепшае заўтра!»
Пра тое, як невыносна цяжка было пераносіць нявіннаму вязню сваё дзікунскае становішча ў лагеры, можна прачытаць і паміж радкоў яго ліста да ксяндза Баляслава Заёнца, які служыў у той час у Ідолце, паміж Мёрамі і Друяй: «Дарагі Болюсь, не бойся пісаць мне, бо адзін з маіх братоў у святарстве атрымлівае шмат лістоў ад сваіх канфратраў. Можна не пісаць свайго зваротнага адрасу на канверце. Калі б удалося пераслаць мне Святое Пісанне Новага Запавету, то вельмі прасіў бы гэта зрабіць...»
«Лепшае заўтра», якога ён чакаў сам і жадаў сваім сябрам, надышло для ксяндза Лаўцэвіча ў 1955 годзе, калі ён атрымаў вызваленне. Праўда, на жаль, ён не атрымаў пры гэтым дазволу служыць у ранейшым месцы
(в. Барадзенічы, на Браслаўшчыне). Гэтаксама не знайшлося яму месца ні ў мястэчку Язна, ні ў гістарычным Лявонпалі на Мёршчыне, дзе служыў яшчэ раней, да парафіі ў Барадзенічах. А Росіца, куды нейкі час прыязджаў ксёндз Лаўцэвіч са свайго Лявонпаля на пачатку вайны, была дашчэнту спаленая фашыстамі разам з ягонымі добрымі сябрамі Антоніем Ляшчэвічам і Юрыем Кашырам. Вось і атрымлівалася, што не было больш месца для святара Лаўцэвіча на Беларусі. Дык вымушаны быў выехаць у Літву, дзе і праслужыў Богу і людзям да апошняга свайго дня, які надышоў для яго за чатыры гады да гарбачоўскай перабудовы — 19 лютага 1981 года.
Рубрыку вядзе
Ірына Жарнасек.