Усмешка праз дзесяцігоддзі

 

У музеі гісторыі рэлігіі ў Гродне адкрылася выстава «Акварэлі айца Аркадзя Вальтася», на якой дэманструюцца 37 творчых працаў мастака-аматара: пейзажы, нацюрморты, сакральныя творы і жанравыя сцэнкі, выкананыя ў тэхніках акварэлі, алоўка і гуашы ў 50– 70-я гады мінулага стагоддзя. Экспануемыя на выставе творы і фотаздымкі прадстаўленыя пробашчам францішканскай парафіі ў Гродне айцом Юзафам Макарчыкам. Выстава запрашае наведвальнікаў да 20 снежня 2010 года.

У 1975 г. жалобная працэсія гро­дзенцаў праводзіла да могілкаў труну з целам айца францішканіна Аркадзя Вальтася. Светлай памяці айцец Аркадзь пакінуў пасля сябе жывы Касцёл злучаных Панам Богам праз яго душпастырства вернікаў, якія заўжды будуць памятаць адданасць свайго святара Божаму служэнню, яго ад­крытасць на бяду кожнага чалавека, яго дапамогу, дабрыню і зычлі­васць, яго усмешку, якая выклікала давер і даравала супакой кожнай душы. Айца Аркадзя ведалі і любілі ва ўсім Гродне і яго ваколіцах нават тыя, хто быў яго ідэалагічным апанентам. 

Мала хто з парафіянаў касцёла Маці Божай Анёльскай, што месціцца ў Гродне на Занямонні, ведаў пра здольнасці ксяндза да малявання і яго замілаванне навакольным светам, які ён імкнуўся адлюстраваць у сваіх творах. Яшчэ да Другой сусветнай вайны айцец Аркадзь, служачы ў Львове, наведваў заняткі ў інстытуце мастацва. Там да яго здольнасцяў дадалося неабходнае тэхніка-тэхналагічнае ўменне і навыкі ў стварэнні кампазіцыі. 

Святарская служба ў Гродне патрабавала шмат часу, але і для малюнку знаходзілася хвілінка, тым больш, што аматар замалёўваў простыя пейзажныя матывы навакольных вёсак: разлеглыя ста­долы, пацямнелыя ад часу хляў­кі, задуменныя вясковыя касцёлы, утульныя старыя хаткі, ва­дзяныя млыны над таямнічымі рэчкамі, эпічныя наднёманскія берагі, а іншым разам і камерныя сюжэты Нёмана са схіленымі да вады дрэвамі, вабныя сцежкі на ўскрайку лесу…

Нават гаспадыня ў лёгкай хуст­цы, прымасціўшыся на драўляных прыступках ганку, станавілася героем яго сонечнай жанравай сцэн­кі з важным пеўнем і непаваротлівымі курамі, якія ў нязграбнай мі­тусні збіралі з зямлі корм, што раскідвала з талерачкі жанчына. Як узгадвае Людміла Налівайка, вядомая ў 60-я гады маладая гро­дзенская мастачка, тады гэта бы­ло нязвыкла і недапушчальна. Просты сюжэт, але колькі ў ім шчырасці, праўды, прыгажосці! І аніякай «напружанай працы на блага ўсяго савецкага народу», ніякіх перадавікоў вытворчасці і тэмы «сплошной коллективизации».

Айцец Аркадзь быў добра вядомы гродзенскім мастакам, якія пад­трымлівалі з ім прыяцельскія і нават сяброўскія адносіны. Так, у справах душпастырскіх да яго звяр­таўся, мабыць, самы прафесійны гродзенскі мастак, выпуск­нік Варшаўскай акадэміі мастацтваў Аляксандр Кох, які ў сярэдзіне 50-х гадоў вярнуўся ў Гродна са сталінскага лагеру і, нягледзячы на ідэалагічнае кляймо «ворага народа», дзякуючы прафесійнаму майстэрству стаў самым прызнаным гродзенскім партрэтыстам. Да мас­така францішканіна па парады ў сакральным жывапісе звяртаўся Кузьма Вісловіч, выпускнік Віцебскай мастацкай вучэльні, які здабыў папулярнасць у пасляваенным Гродне сваімі пейзажамі і нацюрмортамі, але пісаў і абразы.

Да айца Аркадзя заходзілі паразмаўляць, паслухаць музыку, паглядзець касцёл са старажытнымі абразамі і фрэскамі, пагартаць польскія часопісы і альбомы рэпрадукцый, паглядзець мастацкія спробы гаспадара Косця Пятроў, тады малады графік, Люся Налівайка, пейзажыст Валянцін Савіцкі і іншыя. Завітваў разам з гродзенскімі калегамі і знакаміты Віталь Цвірка, які ў траўні–чэрвені часта прыязджаў з Мінска на гро­дзенскія пленэры. Вядомы беларускі пейзажыст з зацікаўленасцю разглядаў замалёўкі і завершаныя кампазіцыі мастака-аматара. Ін­шым разам даваў парады, рабіў заўвагі альбо проста захапляўся матывамі і аўтарскім бачаннем. Вярнуўшыся ў Мінск, Віталь Цвірка не забываў купіць у сталіцы добрую акварэльную паперу і перадаць калегу францішканіну.

Мастакам падабаліся драўляныя касцёлы, якія любіў маляваць айцец Аркадзь, тое, як яны арга­нічна ўпісваліся ў прыроднае асяроддзе, як неслі ў сабе вялікі эмацыйны імпульс, як выяўлялі традыцыю. Але ў 50–60-я гады не магло быць нават гаворкі, каб сюжэты з касцёламі, крыжамі і іншай «рэлігійнай атрыбутыкай» маглі быць уключаныя ў пейзажныя кампазіцыі беларускіх мастакоў. Такія творы не праходзілі адбораў на выставы і нават не маглі прысут­нічаць у творчых эксперыментах мастакоў. Як узгадвае вядомы сён­ня ў Гродне музычны педагог, фалькларыст і кампазітар Яўген Петрашэвіч, які па-аматарску займаўся жывапісам і сябраваў з мно­гімі гродзенскімі мастакамі, неяк у сярэдзіне 60-х ён разам з Аляксандрам Кохам паехаў у недалёкую ад Гродна вёску Грандзічы, каб памаляваць драўляную прыдарожную каплічку, якую Кох прыкмеціў, вяртаючыся з Друскенікаў. Даехалі аўтобусам, аглядзелі каплічку, выказалі захапленне фактурай старога дрэва і аўрай, якая зыхо­дзіла ад каплічкі, знайшлі адпаведныя ракурсы, дасталі планшэты, паперу, фарбы. Раптам пад’ехаў міліцыянт на матацыкле, злез з яго, устаў перад імі, закрываючы раскінутымі рукамі старую невялі­кую каплічку, і выкрыкнуў: «Нель­зя!» На гэтым скончылася журботная ра­мантыка даўніны. Хтосьці з піль­ных савецкіх грамадзянаў пазваніў куды трэба, перасцярог уладу і «вы­ратаваў ідэалагічную чысціню» беларускага пейзажу.

Калі разглядаеш сціплыя творы айца Аркадзя ў кантэксце ня­простых 50–60-х гадоў мінулага стагоддзя, усведамляеш, што яго творчасць здолела паўплываць на развіццё гродзенскага жывапісу нязвыклымі для таго часу сюжэтамі і матывамі. Ён уводзіў новыя, не культываваныя тады прафесійным мастацтвам сюжэты і матывы беларускіх краявідаў у свае пейзажы. Гэта тычылася не толькі пейзажаў з сакральнай архітэктурай, але і пазбаўленых ідэалагічнага пафасу побытавых сюжэтаў, дзе мастак раскрыў эстэтычную каштоўнасць звыклых штодзённых побытавых рэчаў і з’яваў, узняў іх да вышыні этычных праблемаў, якія адлюстраваў проста, ціха і цёпла, зыходзячы з адвечнага пад­мурку хрысціянскіх каштоўнасцяў. Мастак-аматар першым здолеў звярнуцца да прыгажосці штодзённага і праз прыяцельскія сувязі з гродзенскімі мастакамі накіраваў іх позірк у бок ад ідэалагічнага гасцінца тагачаснага беларускага мастацтва.

Углядаючыся ў невялікія пейзажныя кампазіцыі айца Аркадзя, з замілаваннем успрымаеш не толькі навакольны свет, убачаны мастаком, але і яго вялікую, добрую і прыгожую душу. Здаецца, што з гэтых аркушаў нам праз дзесяцігоддзі ўсміхаецца душа айца Аркадзя Вальтася.

Таццяна Маліноўская, Гродна.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней