З Аўстрыі з любоўю

 

Любоў і вера — пачуцці, якія не могуць існаваць без узаемадапаўнення. Там, дзе ёсць любоў, заўсёды будзе месца для веры ў светлае, чыстае, прыгожае. Узгадайце. Менавіта гэтай бялюткай чысцінёй былі агорнутыя нашы калядныя думкі, калі кожны марыў пра цуд, веру ў які захаваў у сабе на ўсё астатняе жыццё. 

Напэўна, такой у дзяцінстве была і вядомая ў Аўстрыі дзіцячая пісьменніца Ленэ Майер-Скуманц. Чаму? Бо, напэўна, нельга шчыра пісаць для дзяцей і не перажываць той радасці, якая прыходзіла да цябе разам са святам, разам са смакам імбірнага печыва і незабыўным на ўсё жыццё пахам ялінак. Так, у гэтым ёсць і вера, і любоў, і радасць. Шчасцем Божага Нара­джэння дзеліцца з намі пісьменніца ў сваіх кароценькіх зімовых гісторыях, сабраных у кнізе «Бэтлеемская зорка», дзе ёсць месца цуду, усмешкам, дзівацтву і нават злосці нявер’я, якое ўсе роўна перамагае вера ў Хрыста, Збаўцу свету. Як бы цяжка ні даводзілася на жыццёвым шляху героям аўтаркі, яны ўсё адно знаходзяць разуменне паміж сабою. Мова дзяцей — універсальная. Таму і не дзіўна, што малыя і гарэзлівыя дзеткі здолелі аб’яднаць вакол сваёй адвэнтавай батлейкі ўвесь пад’езд і нават гатовыя прабачыць невядомую нянавісць заможнага гандляра, які ў свой час мог выратаваць жыццё маці, але не захацеў, і спакойна сябраваць з яго малым. Ці можна ў гэта паверыць? Так, калі забіў такі гнеў у сабе, прабіў шлях для чыстых думак. Не дзіўна, што кожнае апавяданне, кароценькая п’еса заснаваныя на пэўным біб­лей­скім прыкладзе або апокрыфе, што дазваляе малому праз лёгкую чытанку адрозніць добрае ад дрэннага, больш даведацца пра свята Божага Нараджэння. Галоўнае, што чытач бачыць у творах не задуменных дарослых мысляроў, якія шукаюць адказы на рытарычныя пытанні, а сваіх аднагодкаў. Яны праз смешныя дзіцячыя забаўкі чакаюць цуду, таго цуду, у які кожны з нас верыў у дзяцінстве і захаваў на ўсё жыццё. 

Добрая, вясёлая кніга — ужо цуд, які робіць нас шчаслівымі, вяртае пасля шэрай будзённасці ўсмешку. Таму спяшайцеся хуценька ў краму выдавецтва «Про Хрысто» і пытайцеся пра кнігу Ленэ Майер-Скуманц. Ззяць шчырасцю і цеплынёй на вашых палічках «Бэтлеемская зорка» будзе доўга — абяцаю. Добрых Калядаў, панове! 

Тарас Шчыры

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней