Жанну Заблоцкую я сустракаю ў касцёле. Мы разам молімся святы Ружанец перад Імшой. Яна і раней прыходзіла ў касцёл з хлопчыкам Максімам. Цяпер Жанна прыходзіць на святую Імшу з Максімам і Андрэем. Гэта яе пляменнікі, над якімі Жанна мае апякунства, дзеці яе роднага брата Яна, які загінуў у пажары. Мы размаўляем з Жаннай на стадыёне. Сядзім на лаўцы. Міма нас ідуць людзі, якія ведаюць Жанну, — яна на гэтым стадыёне праводзіла шмат часу, была кандыдатам у майстры спорту па лёгкай атлетыцы, але спорт давялося пакінуць па стане здароўя: лекар перад спаборніцтвам паслухаў яе сэрца і не дапусціў.
Я прашу Жанну расказаць пра сваю сям’ю, якая павялічылася адразу на двух чалавек, падлеткаў, з якімі і ў родных бацькоў звычайна бываюць праблемы.
Жанна расказвае:
— Мне не трэба было прывыкаць да іх і ім да мяне, бо я апекавалася імі з малых гадоў. Максіму было тры гады, а Андрэю было пяць, калі памерла іхняя мама.
Быў выпадак, калі Максім захварэў і бацька адправіў яго ў бальніцу ў Радунь, не апрануўшы як трэба. Я паехала ў Радунь, каб завезці яму ўсё неабходнае. Да вёскі Равяцічы ўжо не было аўтобуса. Ішла пешкі 15 кіламетраў. Ранкам прыехала ў Гродна на працу.
Мяне ведалі ў Новым Двары ў школе, бо ў Андрэя былі праблемы і з вучобай, і з дысцыплінай. Я часта забірала хлопцаў з інтэрната на выходныя дні і адпраўляла ў школу ў панядзелак ранкам...
— І ўсё ж апекавацца пры жывым бацьку — гэта адна справа, а забраць двух хлопчыкаў у сваю сям’ю — гэта зусім іншая адказнасць. Ці былі вы з мужам гатовыя да гэтага?
— Гэта быў цяжкі перыяд у нашай сям’і. Муж Андрэй ужо 10 гадоў нідзе не працуе. Ён быў трэнерам па воднай грэблі, але страціў працу. Муж не хацеў афармляць апякунства, а патрэбна была згода абоіх. І медкамісію трэба было прайсці. У школе настаўнікі таксама раілі мне ўзяць да сябе Максіма, а старэйшага Андрэя аддаць у інтэрнат. І вельмі дрэнна размаўлялі з намі ў аддзеле апякунства.
...Я малілася да Маці Божай, і Маці Божая дапамагла мне. А яшчэ дапамог святар Тадэвуш Крыштопік, які сказаў, што не трэба баяцца таго, што будзе, а трэба проста даверыцца Пану Богу...
— Жанна, раскажыце пра той страшны выпадак, калі загінуў Ваш брат Ян.
— Гэта здарылася ноччу з суботы на нядзелю. У 2007 годзе Андрэй быў на дыскатэцы, а Максім загуляўся ў свайго сябра Сяргея, і мама сябра прапанавала яму пераначаваць у іх.
Перад гэтым брат Ян ужо гарэў адзін раз у хаце. Але тады прачнуўся, выбег на вуліцу, людзі збегліся і патушылі пажар. Я яму казала, што гэта папярэджанне, каб перастаў выпіваць. Але ён не змог. На наступны раз не прачнуўся і згарэў разам з хатай.
— Як хлопцы перажылі гэтую бяду?
— Яны былі ў шоку, калі ўбачылі, як людзі збіраюць у мяшок тое, што засталося ад іхняга бацькі. Мы ўсе перажылі стрэс.
— А Ваша мама? Яна жыве цяпер разам з Вамі? Як яна перанесла смерць сына?
— Мама пра гэта не ведае. Яна слабенькая. Не бачыць ужо. Забываецца. Я ёй пра гэта не сказала.
— Раскажыце пра свой род.
— Мы родам з вёскі Равяцічы. Наш касцёл — у Новым Двары. Наш дзед Ян Комар быў пабожным чалавекам, служыў у Трэцім законе святога Францішка, меў пасак святога Францішка. Быў старшынёй касцёльнага камітэта. Людзі прыносілі яму лён, ён прадаваў яго і плаціў падаткі за касцёл. У яго хаце вёска малілася святы Ружанец.
Яны з бабуляй Эльжбетай мелі пяць сыноў і адну дачку. Усе выехалі ў Польшчу, толькі старэйшы Ян, мой тата, не паехаў, бо мама не захацела. Тата служыў у польскім войску. Мама Яніна была вывезена гітлераўцамі ў Германію ў 16 гадоў. Пажаніліся яны ў 1950-м. Старэйшы наш брат Гена загінуў у 5 гадоў ад электрычнага току. Сястра Марыя паехала ў Петразаводск, там і жыве, мае сям’ю, двух сыноў і чатырох унукаў. Усе веруючыя, католікі. Там ёсць каталіцкі касцёл і два святары. Я і Янак нарадзіліся ў 1964 годзе.
Мы — блізняты.
— Як склаліся вашы адносіны цяпер у сям’і?
— Добра склаліся. Андрэй апякуецца Максімам. Вучыць яго. Абодва любяць прыбіраць у доме, гатаваць ежу. З павагай адносяцца да бабулі. У нас ёсць такая гульня: на вялікія святы кожны гатуе якую-небудзь страву для святочнага стала. Яны ў мяне пытаюцца, а я падказваю ім.
— Як дапамагае вам дзяржава?
— Дзяржава дае хлопцам дапамогу і невялікую пенсію за бацькоў.
— А кажуць, што сіротаў уладкоўваюць вучыцца, забяспечваюць працай і жыллём.
— Андрэй вучыцца ў СПТВ сельскай гаспадаркі ў Скідзелі, кожны дзень ездзіць туды на вучобу. Максім вучыцца ў СПТВ камунальнай гаспадаркі ў Гродне.
Апякунства мы афармлялі ў Новым Двары, там хлопцаў паставілі на чаргу на жыллё, але там не будуюць жылля. ...У Гродне на вуліцы Новай мы купілі адзін пакой у драўляным доме, да яго муж сам дабудаваў пакой і куханьку. Пакуль што — гэта наша жыллё.
— Жанна, Вы сказалі, што Вы на пенсіі, але ж Вам толькі 45 гадоў...
— Калі я займалася спортам, трэнер уладкаваў мяне працаваць у вайсковую частку. Калі я пакінула спорт, то засталася на службе... У 45 гадоў мяне адправілі на пенсію.
— Вы належыце да Руху назарэтанскай сям’і. Вашы хлопцы не наведваюць спатканні гэтага руху?
— Не. Яны проста не заўсёды вольныя, калі збіраецца наш рух. Мы збіраемся ў чацвер у капліцы на Пярэселцы. Парадак такі: святая Імша, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, пасля святар Тадэвуш Крыштопік робіць паведамленне па адпаведнай тэме. Затым мы дзелімся на групы па 6–8 чалавек для размовы. Прыкладна раз у месяц адбываюцца рэкалекцыі...
— Вы прыходзіце ў касцёл разам з Максімам і Андрэем. Вы і дома моліцеся разам?
— Не заўсёды. Раней маліліся ранкам разам, а цяпер не атрымліваецца, бо ў кожнага іншы рэжым дня. Але я ім увесь час напамінаю пра Бога, пра неабходнасць маліцца за бацькоў. Пакуль што яны мяне слухаюць.
— У вас няма магчымасці звяртацца да псіхолага?
— Не. Усе маральныя праблемы мы вырашаем самі — сямейна.
Пакуль мы размаўлялі, Жанна запрасіла мяне паглядзець на вуліцы Новай іх жыллё. Гэта светлая прастора на беразе ручайка, што праўда, забруджанага. Але ўсё роўна ён цурчыць. Паветра чыстае. У ім ёсць надзея, святло...
Дай Бог гэтым прыгожым людзям моцы духу і добрую долю.
Данута з Гародні.