Шчасце жыць у Будславе

 

Знаёмства з пані Юзэфай Рачыцкай з Будслава адбылося праз маіх сяброў — легіянераў Марыі. Па закліку сэрца гэтыя людзі часам ездзяць з Мінска да Маці Божай Будслаўскай маліцца. У той год гэта быў Дзень успаміну ўсіх памерлых. Пасля малітвы ў касцёле, разам са святаром і вернікамі, яны пайшлі на могілкі. Вель­мі моцна змерзлі, бо залёгка былі апранутыя. Менавіта тады іх і заўважыла Юзэфа Зыгмунтаўна і за­прасіла да свайго дому пагрэцца. Накарміла гарачым абедам, прапанавала адпачыць. З таго ча­су яны сябруюць. А сёлета, падчас фэсту, мы ўсе разам там начавалі.

Пані Юзэфа — простая, сціп­лая жанчына, за плячыма якой без малога 80 гадоў жыцця. Як сама га­ворыць, жыццё было вельмі скла­­данае, але і шчаслівае. Складанае, бо бачыла голад, холад, раз­руху. Тры разы сям’ю спрабавалі вывезці ў Сібір за тое, што мелі шмат зямлі і добра на ёй працавалі. Памятае, як малымі дзецьмі, а іх у сям’і было сямёра, сядзелі ўжо у таварным вагоне на мяхах з неабходнымі рэчамі, аднак у апош­нюю хвіліну загад аб высылцы адмянілі. У часе вайны цалкам згарэў іх дом, і сям’я тулялася, дзе прыдзецца.

 А шчаслівае жыццё было таму, што было яно з Богам. Лёс паслаў ёй добрага мужа — Ігната Рачыцкага, чалавека простага, але моцнага духам. «Я ні разу за ўсё жыццё не чула ад яго дрэннага слова, — гаворыць пані Юзэфа. — Да таго ж гэта быў чалавек глыбокай веры, ён ніколі не лёг спаць не памаліўшыся. Заўсёды ў нашай хаце праводзіў маёвыя, чэрвеньскія, ружанцовыя набажэнствы». Сужэнцы Рачыцкія нарадзілі і выгадавалі сына і дачку, маюць чацвёра ўну­каў. У 2001 годзе Ігнат Ігнатавіч ады­шоў у вечнасць. Пасля гэтага дачка Крыстына купіла маці дом у Будславе, блізка ад касцёла, бо раней сям’я жыла на станцыі «Буд­слаў».

Жыць у такім цудоўным кутку нашай краіны, як Будслаў, — гэта таксама вялікае шчасце, лічыць пані Юзэфа. Шчасце адстойваць сваю веру і свой касцёл. Успамінае, як у атэістычны час па чарзе дзяжурылі каля касцёла, каб яго не ўзарвалі. Потым, калі ў Буд­слаў пачалі прыязджаць святары, кожнага прымала ў сваёй хаце, а пасля службы праводзіла на цягнік.

На ўсё жыццё ўрэзаліся ў памяць малой яшчэ Юзэфы словы аднаго з ксяндзоў пра тое, што ў іх радні ёсць вялікі святы апякун, і менавіта ён бароніць іх ад Сібіры і арышту. Сёння пані Юзэфа ўпэўненая і ў тым, што вера — гэта вялікая Божая ласка, якую выпрошваюць нам нашыя продкі. І на такіх продкаў ёй таксама пашчасціла. Яе родная цётка, Францішка Грыневіч, належала да Трэцяга францішканскага закону, склала шлюб чысціні і жыла пры касцёле. А стрыечны пляменнік бацькі пані Юзэфы Ян Грыневіч быў вядомым у Польшчы святаром, які аднавіў чатыры касцёлы і адзін пабудаваў у Свядніку. Родам ён быў з-пад Глыбокага. Пані Юзэфа, як найдаражэйшую каштоўнасць, захоўвае кні­гу пра свайго славутага сваяка, якую ёй перадалі святары з Польшчы. Наогул гэта жанчына ша­нуе памяць пра ўсіх сваіх родных і блізкіх. Толькі на будслаўскіх могілках яна даглядае 23 магілкі. 

Вядома, што абраз Маці Божай Будслаўскай славіцца вялікімі цудамі. «Цікава, як гэта адчуваюць мясцовыя жыхары»? — спытала я пані Юзэфу. А яна, паказаўшы на папялішча суседняга дому, расказала такую гісторыю. Гэтым летам, калі стаяла пякельная гарачыня, а па тэлебачанні штодня паказвалі, як гараць у Расіі вёскі, у Будславе таксама здарыўся пажар. Чалавек у нецвярозым стане ноччу падпаліў сваю хату — праз два дамы ад Юзэфы Зыгмунтаўны. Каб не апека Маці Божай, многія б пагарэлі, — упэўненая пані Юзэфа. У гэтую ноч яе суседка насупраць, Ганна Грынкевіч, чытала да дзвюх гадзін Біблію — казала, што было да гэтага натхненне. Іншая суседка ў гэты ж самы час устала папіць вады. Абедзве ўбачылі агонь і выклікалі пажарных. Людзі з абразамі Маці Божай павыскоквалі на вуліцу і да хрыпаты маліліся. Прыбег таксама ксёндз Цэцыльян. Потым ён доўга маліўся ў касцёле. «Дзіва дзіўнае, — гаворыць пані Юзэфа, — палаючыя трэскі ляцелі на дахі дамоў і тут жа гаслі, нібыта іх нехта тушыў». Усе, хто быў сведкам гэтага здарэння, адназначна гавораць пра цуд. Пані Юзэфа і ўсе вяскоўцы вельмі ўдзячны Маці Божай за Яе нястомную апеку і вельмі ганарацца тым, што жывуць у Будславе.

Галіна Калевіч

Цэтлікі: Будслаў, Лёсы

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней