Урок любові і прабачэння

Хіба маглі фашысты і іх паслугачы, выганяючы на лютаўскі мароз раздзетую ды босую дзяўчыну Ганну з Ліпавак, уявіць сабе, што гэтай Ганцы Бог адмераў доўгае, хоць і нялёгкае жыццё? У той дзень, 16 лютага 1943 года, на яе вачах фашысцкія карнікі спалілі жывымі яе маці і браціка, шмат сваякоў, вяскоўцаў, а саму Ганку разам з іншымі хлопцамі і дзяўчатамі пагналі паўраздзетымі па лютаўскім марозе ў Росіцу...

Яна прайшла шмат «сарціровак», калі двуногія істоты адбіралі здаровых і нестарых людзей для працаў на Трэці Рэйх, — спачатку ў родных Ліпаўках, потым у росіцкім касцёле, потым у канцэнтрацыйных лагерах. Выжыла. І пранесла па жыцці вялікую любоў да Бога і лю­дзей. Як гэта магчыма пасля ўсяго перажытага? Аказваецца, магчыма, калі ў душы сапраўды ёсць Бог. 

Большую частку свайго жыцця Ганна Дзмітраўна Жураўлёва правяла ў Маскве — там жыла і працавала, стварыла сям’ю. Але на родныя Ліпаўкі, з якіх яе выгналі, не забылася. Вярнулася ў іх, ператвораныя ў папялішча, пасля вайны і жыла нейкі час у зямлянцы. Потым выехала ў Маскву. І зноў прыехала ўжо тады, калі выйшла на пенсію. Кожнае лета прыязджае гэтая «масквічка» ў сваю родную вёску — жыве тут у невялічкім дамку, даглядае магілы аднавяскоўцаў, проста дыхае родным, такім балючым і гаючым паветрам бацькоўскай зямлі. І заўсёды вельмі рада гасцям, незалежна ад таго, колькі чалавек да яе за­вітае. Часам гэта можа быць цэлы аўтобус пілігрымаў, тых, што прыязджаюць памаліцца ў Росіцу, а потым пажадаюць яшчэ і сустрэцца з ёю, жывою сведкаю трагедыі, мужнаю жанчынаю, якая асабіста ведала благаслаўлёных Юрыя Кашыру і Антонія Ляшчэвіча.

У кастрычніку мы, невялікая група пілігрымаў з наваполацкай супольнасці «Божым шляхам», чыімі апекунамі з’яўляюцца благаслаўлёныя росіцкія мучанікі, прыехалі ў Ліпаўкі, каб павіншаваць Ганну Дзмі­траўну з 85-годдзем. Прыехалі і прапанавалі завесці юбілярку на Імшу ў Росіцу. Як жа свяціўся яе твар, калі яна зноў адчыняла дзверы дарагога для яе касцёла, таго самага, які ў часе вайны яна з моладдзю аднаўляла да жыцця, з якога потым была выгнаная фашыстоўскімі нелю­дзямі ў канцэнтрацыйны лагер... У маладосці прыбягала сюды з родных Ліпавак, потым прыязджала пры кожнай магчымасці. А цяпер, калі ў Ліпаўках улетку людзі жывуць толькі ў трох хатах і ўсю зіму ніводныя іншыя дзверы не адчыняцца, ёй таксама стала вельмі цяжка дабірацца да касцёла. Таму на дзень наро­дзінаў прыняла гэта як найвялікшы і найдаражэйшы падарунак.

Пасля Імшы Ганна Дзмітраўна яшчэ доўга размаўляла на касцёльным пляцы з групай моладзі, а потым айцец Часлаў Курэчка паабяцаў прыехаць да яе яшчэ праз некалькі дзён з будучымі марыянамі. 

— Рэкалекцыі ім, Ганна Дзмі­траўна, патрэбныя, — трохі жартам, а больш усур’ёз сказаў ён. — Прымеце нас? Пагаворыце? 

— Чаму ж не? — молада й радасна заўсміхалася Ганна Дзмі­траўна. — Міласці просім! Заўсёды рада.

Вельмі важны ўрок у свой час атрымала ад Ганны Дзмітраўны і я. На пытанне, ці мае яна злосць ды крыўду на тых нелюдзяў, што здзекваліся з яе ў маладосці, яна адказала вельмі пераканана: «Што вы! Як можна? Яны ж Бога не ведалі! А мы Яго пазналі. Нам Яго Антоні Ля­шчэвіч і Юры Кашыра паказалі...» Дзякуй вам за гэты ўрок мужнасці, прабачэння і любові, дарагая наша Ганна Дзмітраўна! Да новых сустрэчаў у Ліпаўках і Росіцы!

Ірына Жарнасек

Цэтлікі: Лёсы

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней