Парафіянка віцебскай парафіі Святога Духа Галіна Дзмітрыева свой прыход у касцёл лічыць лагічным працягам усяго папярэдняга драматычнага, поўнага нястачы і стратаў жыцця. Калі слухаеш Галіну Рыгораўну, ні на хвіліну не пакідае думка пра тое, які часам бязлітасны лёс да чалавека і як шмат закладзена ў нас сілаў супрацьстаяць самым цяжкім выпрабаванням, выжыць. Выжыць дзякуючы Богу і тым добрым людзям, якіх Ён нам пасылае на нашым шляху. Галіна Рыгораўна – з сям’і людзей праваслаўных. Калі і быў, кажа яна, сярод продкаў хто з католікаў, то цяпер гэта наўрад ці высветліш. Ды і ці патрэбна яно, тое высвятленне? Лёс трывала звязаны з вераю каталіцкай — раз і назаўсёды. Нават у тым, што пасялілася жанчына па пераездзе амаль 10 гадоў таму з Санкт-Пецярбурга ў Віцебск побач з будынкам касцёла, бачыцца ёй пэўны знак — знак Божай міласэрнасці. Пра ўсё гэта – наша размова.
— Галіна Рыгораўна, як Вы трапілі ў парафію Святога Духа? Самі прыйшлі ці хто-небудзь параіў?
— Па прыездзе з Санкт-Пецярбурга, дзе я пражыла паўстагоддзя, зайшла неяк у касцёл побач з домам. Касцёльнае жыццё вабіла мяне, прыцягвала, вось і пайшла паглядзець, як яно ўладкавана ў віцебскіх католікаў. І тут спаткала жанчыну гэткага ж складанага, як і мой уласны, лёсу — Антаніну Браніславаўну Ласмінскую. Я — ахвяра ваенных падзеяў, яна — дачка незаконна рэпрэсаваных пры Сталіне. У абедзвюх жыццё было не мёд, таму, напэўна, і паразумеліся хутка. З’явілася жаданне стаць парафіянкаю, але пераследаваў страх. Гэта ж не жарты: 50 гадоў з таго часу, як пасялілася ў Ленінградзе, не была ў споведзі. То ці прыме мяне Бог? А святар ці прыме? Звярнулася да пробашча парафіі ксяндза Адама Дынака. На шчасце, і зразумеў, і прыняў. Пайшла на катэхезу, узнавіла споведзь. І вось ужо восем гадоў не прапускаю святой Імшы, жыву паводле касцёльных запаведзяў.
— Вы сказалі перад пачаткам нашай размовы, што паходзіце з праваслаўнай сям’і? А як наогул прыйшлі да каталіцкай веры?
— Гэта быў такі паварот лёсу, які ад мяне мала залежаў. Можна сказаць, зусім не залежаў. Бацькі мае і іх бацькі верылі і маліліся. І мяне, вядома, хрысцілі. Але я занадта рана іх усіх страціла, каб казаць пра нейкую сістэмнасць у рэлігійным выхаванні. Адзінае, што памятаю, — гэта прыгожыя абразы ў хаце ў вёсцы Сушчава Віцебскага раёна. А пераход мой з праваслаўя ў каталіцтва адбыўся ўжо пасля вайны, калі трапіла ў Літве ў сям’ю Повеласа і Канстанцыі Монствілаў. Гэта зусім чужыя былі мне людзі, якія, аднак, прынялі мяне як сваю, і ні ў чым не адрознівалі ад уласных – іх трое ў іх было — дзяцей. Сям’я была каталіцкая, і я, жывучы ў ёй, прыняла іх веру.
— Сваіх бацькоў Вы страцілі ў час вайны?
— Так. Напярэдадні вайны мы пераехалі з вёскі ў Віцебск. Бацька быў прызваны на фронт, але хутка яго камісавалі. Мы зноў вярнуліся ў Сушчава, і бацька пайшоў у лес. І маці, і бацьку забілі немцы, схапіўшы ў лесе па падказцы жанчыны, якая іх выдала дзеля таго, каб не забівалі яе сына. Жанчыну тую, дарэчы, і яе сына фашысты таксама не пашкадавалі, забілі. А мае брат, сястра і я засталіся з цёткай, якую маці перад адыходам у лес напрамілы Бог прасіла нас не пакідаць.
— Хоць якая, а ўсё ж такі родная душа, праўда?
— Не кажыце. Цётка адразу аддала сястру ў дзіцячы дом, брата – у вёску бацькавай сястры. Я пры цётцы засталася. Неяк пайшлі з ёю ў лес, і я памарозіла ў дарозе ногі, і цётка, жадаючы, мусіць, пазбавіцца лішняга клопату ды цяжару, кінула мяне, васьмігадовую, пад елкай, а сама знікла. Такая вось «родная душа». Наогул, у маім жыцці так складвалася, што не сваякі дапамагалі і ратавалі, а чужыя людзі.
— І што Вы рабілі, застаўшыся адна ў лесе?
— Пра гэта, мабыць, раман можна пісаць. Памятаю, есці вельмі хацелася. А тут яшчэ ногі памарожаныя. Прыбілася да людзей, што жылі ў зямлянцы, а тут немцы зноў. Схапілі. «Её надо расстреляйт!» — адзін кажа. А я як здранцвела, толькі хлеба прасіла. Пасадзілі ў машыну, павезлі. Адзін з немцаў аказаўся даволі зычлівы, дык не застрэлілі. Прывезлі ў вёску, адпусцілі. Там другая цётка адшукалася. Потым і тая, што ў лесе мяне кінула, аб’явілася.
— І як яна тлумачыла свой брыдкі ўчынак?
— А хіба васьмігадоваму дзіцяці прыйдзе ў голаў пра такое пытацца? Дзіця, ды калі яно яшчэ заўсёды галоднае, іншым жыве, пра іншае думае. Гэта ўжо пазней, як дарослым станеш, спрабуеш разабрацца ва ўсім ды ўсё па належных месцах расставіць.
— На гэтым скончыліся Вашы пакуты?
— Якое там! Можна сказаць, толькі пачаліся. Зноў лес быў, потым — Віцебск. У Віцебску немцы схапілі, павезлі ў літоўскі Алітус, у канцэнтрацыйны лагер. Дарэчы, факт прабывання ў лагеры мне ў свой час, калі пачалі выдаваць адпаведныя кампенсацыі яго былым вязням, так і не ўдалося даказаць. З лагера сям’я палякаў мяне забрала — на гаспадарцы працаваць. Ад іх у Віцебск вярнулася. Потым зноў паехала таварняком, ужо з уласнае ініцыятывы, у Літву, бо ў Віцебску блізкіх нікога не было. Там, пасля немалога перыяду бадзяжніцтва, трапіла ў сям’ю Монствілаў. Жыла ў іх 10 гадоў, пакуль гаспадара не раскулачылі. Вельмі добрыя былі людзі, іх дзеці Чэславас, Ніёля і Ванда мне як родныя брат і сёстры былі. Разам працавалі, разам Богу маліліся. Гэтая сям’я, без перабольшання, мяне выратавала – і фізічна, і ў духоўным сэнсе.
— І цяпер падтрымліваеце з імі сувязь?
— А як жа! Перапісваемся рэгулярна, сустракаемся. З Ленінграда да іх колькі разоў ездзіла. Цяпер вось Ванду ў госці да сябе чакаю, абяцае прыехаць.
— А як Вы ў Ленінград трапілі? Чым там займаліся?
— Калі раскулачылі Монствілаў, дзядзька да сябе ў Ленінград паклікаў. Там 30 гадоў на карбюратарным заводзе працавала. Потым курсы цырульнікаў скончыла. Замуж выйшла. А праз больш як 50 гадоў, пасля таго, як памёр муж, пацягнула на радзіму, вярнулася з Санкт-Пецярбурга ў Віцебск.
— Не шкадуеце, што вярнуліся?
— Не. Тут – усё роднае. А галоўнае — тут ёсць магчымасць маліцца, паўнавартасна сведчыць пра сваю веру. Святыня, малітва — гэта ў любым узросце важна, а ў маім сённяшнім — тым больш. Розныя людзі ў маім жыцці былі. Хтосьці дапамагаў сіраце, а хтосьці адварочваўся. Толькі Бог быў побач заўсёды. Дзякуючы Яго апецы я выжыла, дзякуючы Яму маю магчымасць зірнуць уранні ў акно ды ў чарговы раз падзівіцца, які прыгожы Ягоны свет...
Гутарыў Франц Сіўко.