Лекавыя ўласцівасці капусты

На працягу многіх стагоддзяў капуста карыстаецца ў людзей заслужанай папулярнасцю. Археалагічныя раскопкі сведчаць, што капусту людзі сталі выкарыстоўваць яшчэ ў каменным веку. Яны не ведалі тады пра вітаміны, антыбіётыкі, ферменты і карысныя бактэрыі, але інтуітыўна атрымлівалі іх, спажываючы капусту. Яна служыла прафілактыкай цынгі, узмацняла імунную сістэму, а кампрэсамі з капуснага соку лячылі рэўматызм і хваробы скуры, абмаражэнні і апёкі.

Капуста — выдатная крыніца кальцыя, магнія, калія і перш за ўсё натуральны антыбіётык, які рэгулюе дзейнасць стрававальнай сістэмы. Дзякуючы бактэрыям, што ўзні­каюць падчас ферментацыі пры квашанні, кіслая капуста мае больш вітаміна С, чым сырая. Іншы прадукт гэтага працэсу — малочная кіслата — цудоўна ачышчае стрававальны тракт ад гніласных бактэрый і стварае ідэальныя ўмовы для карысных кішэчных бактэрый. Па колькасці антыаксідантаў капуста займае другое месца (пасля крэс-салаты). Яна добра ўплывае на зрок і сэрца, разбурае канцэрагены і таксіны.

Капуста мае мала калорый, таму карысная для людзей з за­лішняй вагой. Колькасць вітаміна С у ёй, як у лімоне (30–36 мг на 100 г), ёсць у капусце і комплекс вітамінаў групы В, шмат вітаміна А, вітаміны Е, К, Р, а таксама вітамін U (яго яшчэ называюць супрацьязвенным), ін­шыя вітаміны. Пры гатаванні страваў з капусты мы адчу­ваем своеасаблівы пах, што свед­чыць пра наяўнасць се­ры, якая паляпшае стан валасоў, скуры і пазногцяў. Ёсць таксама жалеза і фоліевая кіс­лата — найбольш іх у верхніх зялёных лістах (таму не вы­кідвайце іх, а дадавайце ў супы і салаты).

У белакачаннай капусце асабліва карысны сок: ён умацоўвае імунітэт, дапамагае пры анеміі і ацёках, выкліканых затрымкай вадкасці ў арганізме. Але сваю папулярнасць у народнай медыцыне гэты сок здабыў перш за ўсё таму, што з яго дапамогай лечыцца язва дванаццаціперснай кішкі.

У апошні час усё больш гаворыцца пра супрацьракавыя ўласцівасці капусты.  Даследаванні навукоўцаў ЗША выявілі, што розныя віды капусты належаць да галоўных крыніцаў раслінных субстанцый, якія дзейнічаюць супраць утварэння пухлінаў, у тым ліку малочнай залозы, яечнікаў, прастаты, мачавога пузыра, лёгкіх і страўніка.

Кампрэс на суставы

Болі ў суставах зменшацца, калі зрабіць кампрэс з ліс­ця капусты. 2—3 самыя вялікія верхнія лісты трэба адбіць, каб яны сталі мяккімі, і па­класці на некалькі хвілін на цёплую батарэю. Цёплым кам­прэсам абкласці хворы сустаў, абгарнуць яго бандажам ці ручніком, каб не астыў, і пакінуць на 15 хвілін. Пры неабходнасці кампрэсы можна рабіць шмат разоў на працягу дня. Яны таксама дапамогуць пры вывіхах. Добра дапаможа і такі кампрэс: 2—3 капусныя лісты, 2 цыбуліны і 1 ст.л. вотруб’я гатаваць у малой коль­касці вады 20 хвілін. Пасля таго, як выпарыцца вада, астудзіць, пакласці цёплае ме­сіва на балючае месца і зра­біць кампрэс. Пасля кампрэса скуру можна змазаць алеем.

Пры дэпрэсіі і цукровым дыябеце

Пры нервовым стане, неспакоі і дэпрэсіі можна што­дзённа выпіваць сумесь со­каў у наступнай прапорцыі: 2 шклянкі соку з капусты (свежай), сок з адной морквы і паловы лімона. Гэта дапаможа пазбавіцца таксама і ад ацёкаў.

Сок са свежай капусты (да дзвюх шклянак штодзённа) карысна піць пры цукровым дыябеце: яго трэба разводзіць вадою 1:1, піць па паўшклянкі за 30–40 хвілін да ежы.

Калі вы ахрыплі

Пры страце голасу і хрыпаце дапамагае сок са свежай капусты, змяшаны з яечным жаўтком і лыжачкай мёду.

Пры бранхіце

Піць цёплы сок са свежай капусты з мёдам ці цукрам 

(1–2 лыжачкі  мёду на 1 шклянку соку) па паўшклян­кі некалькі разоў у дзень (5–6 дзён).

Ад масціту 

Калі грудзі ў жанчыны становяцца цвёрдымі і цяжкімі, а дзіця смокча дрэнна, можа ўзнікнуць масціт. Каб гэтага не здарылася, добраю дапамогаю можа служыць капуста. Капусныя лісты трэба трымаць у халадзільніку (можна нават на хвіліну пакласці іх у маразільную камеру), потым крыху адбіць, каб былі мякчэйшыя, і абкласці імі грудзі.

Пры анеміі дапаможа сок са свежай капусты: 1–2 шклян­кі ў дзень.

Пры болю галавы пры­класці 2 лісты на лоб і 3 лісты на карак (на 4 гадзіны або нанач).

Пры язве страўніка і дванаццаціперснай кішкі (у асноўным рэкамендуецца хворым з паніжанай кіслотнасцю і пад кантролем урача!): вы­ціснуць са свежай капусты сок. Піць па паўшклянкі (цёплым) за 30–40 хвілін перад ежай. Можна дадаць да соку разведзены вадою праполіс. Падчас лячэння трэба захоў­ваць строгую дыету. Нязручнасць пры такім лячэнні мо­жа ствараць скапленне газаў і шлакаў (у такіх выпадках да пачатку  курса варта зрабіць ачышчальныя клізмы).

Капусны сок рэкамендуецца хворым на гастрыт з паніжанай кіслотнасцю. Сок захоўваюць у халадзільніку (не больш за 1 дзень, але лепш ра­біць свежы) і рыхтуюць яго ў неакісляльным посудзе.

Асаблівымі ўласцівасцямі валодае квашаная белакачанная капуста. Гэта адзіны прадукт расліннага паходжання, які мае вітамін В12. Квашаная капуста павышае імунітэт 

(у тым ліку і на стрэсавыя сітуацыі), паляпшае абмен рэчываў, дапамагае засвойванню жалеза і будове костнай тканкі, рэгулюе тлушчавы абмен і паніжае халестэрын, умацоўвае сардэчную мышцу, паляпшае памяць.

Адціснутую квашаную капусту, змяшаную з цыбуляю, кменам і алеем, рэкамендуецца ўжываць нашча тым, хто хварэе на цынгу, мае праблемы са страўнікам, храніч­ныя запоры і зменшаную колькасць чырвоных цельцаў кры­ві.

Сок з квашанай капусты не толькі ўмацоўвае імунітэт, але і злагоджвае кашаль, стымулюе стрававальныя сокі, абуджае апетыт. Дзякуючы значнай колькасці вітамінаў групы В ён узбагачае арганізм кіслародам, а таксама зла­годжвае шкоднае ўздзеянне алкаголю. Спажыванне соку добра ўплывае на лячэнне вантробы, селязёнкі, жоўцевага пузыра, гемарою, рэўматызму, атэрасклерозу. Сок з квашанай капусты цудоўна ачышчае ўвесь арганізм, калі яго піць па паўшклянкі тры разы на дзень. Раніцай ка­рысна піць яго нашча, а вечарам — праз паўгадзіны пасля вячэры.

Капуста спрыяе прафілактыцы анкалагічных хваробаў. Спажыванне капусты (найлепш сырой) хаця б раз у ты­дзень значна змяншае рызыку захворвання на рак страўніка, дванаццаціперснай і  тоўстай кішкі.

Капусту (здробненую ў каш­ку) прымяняюць для змян­шэння сухасці скуры, пры пігментных плямах.

Каб захаваць больш віта­мінаў, капусту не трэба доўга гатаваць — лісце можна бланшыраваць ці гатаваць на пары.

Спецыфічны пах пры гатаванні капусты можна нейтралізаваць, дадаючы ў ваду скарынку чэрствага хлеба або грэцкі арэх. Асабліва гэта рэкамендуецца рабіць пры гатаванні галубцоў, бо пад накрыўкай непрыемны пах узмацняецца.

Белакачанную свежую капусту нельга ўжываць лю­дзям, якія хварэюць на гастрыт, хранічны каліт, язву страўніка і дванаццаціперснай кішкі, карысны толькі яе сок. Пры панкрэатыце таксама нельга ўжываць свежую капусту, асабліва тыя гатункі, якія маюць шмат цукру. Пры высокай кіслотнасці страўнікавага соку, паносах і метэарызме капусту таксама трэба ўжываць з асцярогаю.

Паколькі ў верхніх лістах і ў сэрцавіне капусты назапашваецца шмат нітратаў, трэба звяртаць увагу на «ножку»: яна павінна быць белаю, без цёмнага абадка і без ніякіх плямаў на лістах. Калі ж на лістах ёсць шэрыя ці рудыя плямы, а на «ножцы» цёмны абадок, гэта азначае, што ў капусце шмат нітратаў, небяспечных для здароўя.

Падрыхтавала 

А. Лукашэвіч.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней