1039 + Я адчуваю такі страшны боль, калі гляджу на цярпенні бліжніх; у маім сэрцы адгукаюцца ўсе цярпенні бліжніх, іх мучэнні я нашу ў сваім сэрцы, і гэта мяне знясільвае нават фізічна. Я хацела б, каб на мяне абрынуліся ўсе цярпенні дзеля палёгкі бліжніх.
1040 У страшных цярпеннях я ўглядваюся ў Цябе, о Божа, і хоць бура збіраецца над маёю галавою, я ведаю, што сонца не гасне, і я не здзіўляюся падступным стварэнням, і ўсе падзеі загадзя прымаю. Мае вусны маўчаць, калі вушы перапоўненыя здзекамі. Сярод найбольшых цярпенняў я імкнуся да цішыні свайго сэрца і засланяюся шчытом Твайго Імя ад усялякіх стрэлаў.
1041 [11] Гарачае жаданне гэтага свята1 распальвае ўсю маю душу. У палымянай малітве аб хуткім устанаўленні гэтага свята я адчуваю невялікую палёгку. Я распачала навэнну ў інтэнцыі некаторых святароў, каб Бог даў ім святло і натхненне, каб яны рупіліся аб зацвярджэнні гэтага свята і каб Дух Божы натхніў Святога Айца ва ўсёй гэтай справе.
Навэнна складалася з гадзіны адарацыі перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Я горача маліла Бога аб паскарэнні ўстанаўлення гэтага свята і прасіла Духа Святога аб натхненні для некаторых асобаў ва ўсёй гэтай справе. Гэту навэнну я закончу ў Вялікі чацвер.
1042 + 23.03.1937. Сёння сёмы дзень гэтай навэнны. Я атрымала вялікую і неспасцігальную ласку: Найміласэрнейшы Езус даў мне абяцанне, што я прычакаю ўрачыстага адзначэння гэтага свята.
1043 Гэты дзень 23-га, Вялікі аўторак, стаў для мяне днём, калі Бог удзяліў мне шмат ласкаў.
1044 Нечакана мяне захліснула Божая прысутнасць, і я тут жа ўбачыла сябе ў Рыме, у капліцы Святога Айца. У той жа час я была ў нашай капліцы, а ўрачыстасць Святога Айца і ўсяго Касцёла была цесна звязана з нашаю капліцаю і, асаблівым чынам, з нашаю кангрэгацыяй; і адначасова я ўдзельнічала ва ўрачыстасці ў Рыме і ў нас. Паколькі гэтая ўрачыстасць была так цесна звязана з Рымам, што хоць я і пішу, не магу разрозніць, але [пішу] так, як ёсць, або так, як я бачыла. Я бачыла ў нашай капліцы Пана Езуса, выстаўленага ў манстранцыі на вялікім алтары. Капліца была ўрачыста прыбраная, і ў гэты дзень у яе можна было зайсці ўсім людзям, хто толькі хацеў2 . Натоўпы былі такія вялікія, што я не магла іх ахапіць вокам. Усе з вялікаю радасцю ўдзельнічалі ў гэтай урачыстасці, і многія атрымалі тое, што хацелі. Тая самая ўрачыстасць была ў Рыме, у прыгожай святыні, і Святы Айцец з усім духавенствам святкаваў гэтую ўрачыстасць. Нечакана я ўбачыла св. Пятра, які стаяў паміж алтаром і Святым Айцом. Што казаў св. Пётр, я чуць не магла, але бачыла, што Святы Айцец разумеў яго словы…
1045 У гэты час нейкія духоўныя асобы, якіх я не ведаю, пачалі мяне выпрабоўваць і прыніжаць, а дакладней, тое, што я напісала, але я бачыла, што Езус сам мяне бараніў і тлумачыў тое, чаго яны не ведалі.
1046 У гэты момант я раптам убачыла, як са святой Гостыі выйшлі два прамяні, такія, як намаляваныя на абразе, і разышліся на ўвесь свет. Гэта было адно імгненне, а як быццам працягвалася цэлы дзень, і наша капліца была ўвесь дзень перапоўненая, і ўвесь гэты дзень быў перапоўнены радасцю.
1047 Нечакана на нашым алтары я ўбачыла жывога Пана Езуса ў тым выглядзе, у якім Ён намаляваны на гэтым абразе. Аднак я адчувала, што сёстры і ўвесь люд не бачылі Пана Езуса так, як я Яго бачу. Езус з такою ласкавасцю і радасцю глянуў на Святога Айца, на некаторых святароў, на ўсё духавенства, на людзей, на нашу кангрэгацыю.
1048 У гэты час я нечакана апынулася блізка каля Езуса, стала пры алтары побач з Панам Езусам, а мая душа напоўнілася такім вялікім шчасцем, якога я ані зразумець, ані апісаць не ў стане. Глыбіня спакою і супачыну залівала маю душу. Езус нахіліўся да мяне і прамовіў ласкава: Чаго ты жадаеш, дачка Мая? Я адказала: «Жадаю хвалы і пашаны для Тваёй міласэрнасці». — Я ўжо прымаю ўшанаванне праз устанаўленне і адзначэнне гэтага свята; чаго ты яшчэ жадаеш? І я зірнула на вялікія натоўпы людзей, якія аддавалі пашану Божай міласэрнасці, і сказала Пану: «Езу, благаславі ўсіх тых, хто сабраўся, каб аддаць хвалу Табе і Тваёй бясконцай міласэрнасці». Езус зрабіў рукою знак святога крыжа; гэтае благаслаўленне адбілася на душах бляскам святла. Мой дух патануў у Яго любові, я адчула, што як быццам растварылася ў Богу і знікла ў Ім. Калі я вярнулася ў рэальнасць, глыбокі спакой заліваў маю душу і майму розуму было дадзена дзіўнае спасціжэнне многіх рэчаў, якія да гэтага былі мне незразумелыя.
Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько.
Працяг будзе.