Даверся свайму імкненнюІмя «Анзэльм» азначае «абаронены багамі». Св. Анзэльм, паводле словаў яго біёграфа, св. Эдмара, быў вядомы як вельмі прыязны чалавек. Характэрнаю для яго была «тэалогія, прасякнутая малітваю», — гэта фармуліроўка дзякуючы яму стала ўстойлівым паняццем.
Вядомым з’яўляецца яго дэвіз: «Credo ut intelligam» — «Веру і таму прызнаю, таму разумею». Толькі прыняць перакананні для св. Анзэльма было недастатковым. Ён хацеў пранікнуць у іх і зразумець з дапамогаю свайго розуму. Св. Анзэльм лічыў, што розум не з’яўляецца канчатковым крытэрыем, больш за тое, вера — гэта тая аснова, на якой можа будавацца розум. Вера скіроўвае да новага разумення. Акт веры расплюшчвае вочы, каб можна было ўбачыць рэчаіснасць такой, якая яна ёсць. Успамін св. Анзэльма адзначаецца 21 красавіка. Пасля ўступлення ў кляштар я абраў сабе ў якасці апекуна св. Анзэльма. Яго постаць з’яўляецца для мяне заклікам пражыць сваё жыццё больш свядома.
Св. Анзэльм паходзіць з Італіі. Ён нарадзіўся ў 1033 г. у Аосце ў сям’і лангабардскага двараніна. Рана пакінуўшы бацькоўскі дом, дзе адчуваў адчужэнне, ён накіраваўся праз Альпы ў Бургундыю і далей — у Нармандыю, у Ле Бэк*, дзе, як ён даведаўся, працаваў вучоны настаяцель Ланфранк. Тут св. Анзэльм вывучаў тэалогію і філасофію і ўступіў у манаскую супольнасць. У хуткім часе Анзэльм стаў духоўным цэнтрам кляштара. Калі нармандцы пакарылі Англію, усе найважнейшыя пасады ў краіне занялі французы. Вільгельм Заваёўнік абвясціў Ланфранка біскупам Кэнтэрберыйскім, а св. Анзэльм быў выбраны абатам на яго месца. На працягу 15 гадоў, калі ён стаяў на чале кляштара, да закону далучылася 180 манахаў. У 1093 г. св. Анзэльм быў прызначаны пераемнікам Ланфранка на пасадзе біскупа Кэнтэрберы. Цяпер ён быў уцягнуты ў спрэчкі паміж дзяржаваю і Касцёлам. Два разы, змушаны палітычнымі абставінамі, ён апынаўся ў выгнанні. Кароль Вільгельм II выслаў яго з Англіі ў 1097 г., кароль Генрых I — у 1103 годзе. Толькі пасля 1106 г. св. Анзэльм змог вярнуцца ў Кэнтэрберы. Яго сустрэлі з вялікаю радасцю, але біскупу заставалася ўсяго толькі тры гады спакойнай працы. 21 красавіка 1109 г. св. Анзэльм памёр, так што большую частку свайго біскупства ён правёў у выгнанні.
Св. Анзэльм лічыцца айцом схаластыкі. Ён першым паспрабаваў абгрунтаваць веру шляхам разумення прычынаў, але яго тэалогія не была сухою: яна скіравала свой глыбокі экзістэнцыяльны давер у бок малітвы. Навукова-тэалагічныя працы св. Анзэльма — гэта бясконцае імкненне да Бога. У знакамітым пачатку «Праслагіёна» ён развівае свае доказы існавання Бога. Калі Бог з’яўляецца самым вялікім, што можна сабе ўявіць, то Ён павінен таксама існаваць. Калі б Ён не існаваў, Ён не быў бы самым вялікім, што можна сабе ўявіць. Св. Анзэльм распачынае [сваю працу] далікатнымі словамі: «Устань, маленькі чалавек, пакінь хоць крыху тваю занятасць! Схавайся на кароткі час ад тваіх шумных думак! Адкінь клопаты, што прыгнятаюць цябе, адмяжуйся ад таго, што робіць цябе рассеяным! Падары свой час Богу і ў Ім знайдзі супакой! Скажы Богу: “Буду шукаць Твайго аблічча, Пане” (Пс 27, 8). Пан мой і Бог мой, навучы маё сэрца, дзе і як Цябе шукаць, дзе і як я магу Цябе здабыць». З гэтых словаў відавочна, якое глыбокае імкненне да Бога заахвочвала св. Анзэльма да яго тэалагічных разважанняў.
Гэты вялікі багаслоў на самай справе напісаў таксама шматлікія малітвы. У гэтых тэкстах адчуваецца асабістая любоў, з якой св. Анзэльм узнімае свой позірк да Хрыста. Ён прынёс Яму самога сябе і ўсё тое, што кранала яго сэрца, і адчуваў, што яго незадаволенасць таксама была праяўленнем імкнення пазнаць
у Хрысце Божую любоў і праз яе перамяніцца.
Св. Анзэльм быў таксама таленавітым выхавальнікам. Яго біёграф расказвае, як ён размаўляў з іншым настаяцелем пра выхаванне дзяцей. Суразмоўца скардзіўся на дзяцей, якія цяжка паддаюцца выхаванню, і гаварыў, што ім патрэбны цялесныя пакаранні. Св. Анзэльм за гэта яго сур’ёзна папракаў. Нельга заціскаць дрэва і перашкаджаць яго росту. Цялесныя пакаранні прыводзяць да таго, што ў сэрцах дзяцей узрастаюць гнеў і горыч. «Дзеці даручаныя вам, каб расці і прыносіць плён, а вы трымаеце іх пад такім цяжкім прымусам, што іх думкі застаюцца замкнёнымі ў грудзях і там набываюць заганную форму. Тут няма месца любові, міласэрнасці і разуменню, у іх душах развіваюцца нянавісць, упартасць і зайздрасць. Паспрабуй далучыць да строгасці прыязнасць, яна зніме горыч ад пакарання і размякчыць яе, быццам алей».
У гэтых словах адчуваюцца любоў і давер, з якімі св. Анзэльм ставіўся да дзяцей. Гэтая прыязнасць, насуперак усяму, захапляла яго сучаснікаў. Св. Анзэльм не наракаў нават тады, калі ў Кэнтэрберы ён быў уцягнуты ў палітычныя канфлікты, нават у гэтай сітуацыі ён захаваў сваю прыязнасць. Нягледзячы на ўсё знешняе напружанне, ён далей працягвае пісаць свае кнігі, быццам палітычнага канфлікту і не было. У тэалогіі ён знаходзіць супакой. Тут яго сэрца і яго розум могуць узнімацца да сапраўднага, да асновы ўсяго жыцця, да Трыадзінага Бога.
Асабіста для мяне св. Анзэльм з’яўляецца пастаянным выклікам, бо ён вучыць мяне ў маіх тэалагічных працах не бегчы за абстрактнымі выразамі, а займацца тэалогіяй сэрцаў, давяраць імкненню майго сэрца. Ён дапамагае мне не бянтэжыць людзей, якія знаходзяцца ў пошуку, але паказваць, што чалавек са сваім імкненнем да больш глыбокай любові не самотны. Акрамя таго, св. Анзэльм натхняе не палохацца паведамленняў пра катастрофы і не бянтэжыцца ад скаргаў на сучасныя абставіны, але давяраць Богу, які здольны перамяняць сэрцы людзей і пасля працяглага канфлікту ізноў можа падарыць супакой.
Хто давярае свайму імкненню, той расшырае сваё сэрца. Тваё імкненне выводзіць цябе з уласнага абмежаванага самалюбства і ўпарадкоўвае праблемы, якімі ты сябе акружаеш. Імкненне вызваляе цябе ад неабходнасці абавязкова прытрымлівацца ўсяго прыгожага і радаснага. Ты можаш нечым цешыцца і ізноў гэта пакінуць. Імкненне робіць цябе здольным, знаходзячыся ў самым цэнтры жыццёвых канфліктаў, — а св. Анзэльм перажыў шмат спрэчак і паклёпаў — заставацца ў супакоі. Тое, што не адпавядае тваім спадзяванням, можа паглыбіць тваё імкненне. Такім чынам, ты рэагуеш не з расчараваннем і сумам, а з унутранаю свабодаю і ўпэўненасцю. Усё, што ідзе ўпоперак, не можа пазбавіць таго, хто давярае свайму імкненню, любові і прыязнасці, якія, наадварот, будуць толькі ўзмацняцца і паглыбляцца. Я жадаю табе навучыцца давяраць свайму імкненню і ў ім адчуць заспакаенне.
Пераклад з нямецкай мовы Алены Шымак.
Паводле: Anselm Grün. Fünfzig Helfer in der Not. Die Heiligen fürs Leben entdecken. — Freiburg, 2002.
Працяг будзе.