У гэтым годзе Каталіцкі Касцёл у Беларусі святкуе 75-годдзе кананізацыі святога Андрэя Баболі, галоўнага апекуна Пінскай дыяцэзіі. Прапануем увазе чытачоў урывак з паэмы Янкі Купалы «Святы Андрэй Баболя».
Знаёмства з гэтай кнiгай — незвычайнае i памятнае, нiбы спатканне з чымсьцi нештодзённым. Пэўна, усё, што ахiнаецца жыццяпiсам святога Андрэя Баболi, такое велiчнае — на мяжы прарыву духоўнага ў неспазнаныя закуткi чалавечага сэрца.
Адкрыццё кнiгi, а значыць i самога iмя пакутнiка Баболi, адбылося ў родным мне Ракаве. Неяк парафiянка ракаўскага касцёла, спадарыня Малевiчова, паказала маёй маме ценькую, у зялёнай папяровай вокладцы, брашурку:
— Во, Марыя, маю рэлiгiйную ксёнжачку, пiсаную па-беларуску...
Неўзабаве я гартаў яе дома. I не зацiкавiцца, адкiнуць як штось тэндэнцыйна-клерыкальнае, не мог. Найперш зацiкавiў доўгi, на старонак трыццаць, аповед пра жыццё ксяндза езуiта, kaznodzieja — гэта значыць, прапаведнiка, мiсiянера, што паходзiў з старажытнага роду герба Лялiва з мястэчка Страхоцiн каля Санока (Польшча) — i ягоную пакутнiцкую смерць «на разнiчым стале» ў палескiм Янаве ад казацкiх здзекаў падчас Хмяльнiччыны (1657 год). А далей... Далей за пераказам у прозе iшлi беларускiя вершы:
Шмат таму лет назад,
У Палесьсi глухiм
Жыў Баболя Андрэй,
Слаўны iмям сваiм...
Хто ж напiсаў іх? Відаць, кожны беларус, не маючы фiлалагiчнай адукацыi, прыгадаўшы напеўныя, спрадвечныя, нiбы самiмi сiвымi стагоддзямi народжаныя радкi «Памiж пустак, балот беларускай зямлi...», адкажа: «Пэўна, Янка Купала!». Так падумалася мне, асаблiва калi пачаў чытаць частку 2-ю:
Там, дзе Прыпяць-рака па пяску гонiць воды
Сярод багнаў i пушчаў палескiх,
Там Баболя святы душам нёс асалоду,
Жыў, вучыў веры Божай, нябескай...
Эпiчнасць малюнкаў, танiчная напеўнасць радка, стрыманая сiла там, дзе павiнна крычаць душа i, найгалоўнейшае, вобразны лад — усё сведчыла пра несумненную пячатку майстра на паэтычных строфах (цi перакладных — яшчэ належыць сцвердзiць).
Адгарнуўшы старонкi назад, зноў i зноў пiльна ўзiраўся ў вокладку, нiбы тут, а не памiж вершаванымi радкамi мог знайсцi разгадку: Jan z nad Buga. B. Andrej Babola. Mučanik T.J. Piraklad z polskaha. Wilnia: Drukarnia Marcina Kuchty. 1911. (...)
Язэп Янушкевіч