Крыніца моцы — Езус Эўхарыстычны

19 сакавіка, ва ўрачыстасць святога Юзафа, у друйскім касцёле Святой Тройцы адбылося святкаванне 90-годдзя заснавання манаскага Ордэну Служабніцаў Езуса ў Эўхарыстыі. На ўрачыстасць прыехалі сёстры з розных дамоў, але, вядома, не з усіх, бо сёстры служаць не толькі ў Беларусі, а і далёка за яе межамі.

90 гадоў таму ў Друю прыехалі служыць усяго некалькі сясцёр, якія адгукнуліся на прапанову Віленскага біскупа, благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча, і пажадалі стаць першымі сёстрамі ў заснаванай ім новай супольнасці. Засноўвалася гэтая супольнасць дзеля таго, каб «працаваць сярод мясцовых сялянаў, асабліва сярод найбяднейшых». Перад сёстрамі ставілася задача не толькі несці людзям святло хрысціянскае веры, але і арганізоўваць інтэрнаты, прытулкі, дапамагаць мясцовым жанчынам і моладзі асвойваць асобныя прафесійныя навыкі. Духоўнасць сясцёр павінна была будавацца паводле канстытуцыі на «любові да Хрыста Пана, утоенага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце». Сёстры абавязваліся «больш Хрыста пазнаваць і наследаваць, духам Хрыста напаўняцца і кіравацца, Валадарства Хрыста з усіх сіл пашыраць».

Сёстры з радасцю пачалі працаваць, як і наказваў іх заснавальнік, але нядоўга, бо надышлі часы, калі самі яны трапілі ў шэраг найбяднейшых, гнаных і пераследаваных. Бо ці ж не найбяднейшы той, каго выганяюць з уласнага дому, каму забараняюць служыць, каго пераследуюць? Савецкая ўлада пазбавіла сясцёр магчымасці служыць Богу і людзям, а фактычна яна пазбавіла іх магчымасці жыць у сваёй супольнасці. Дом быў забраны, забаронена катэхізаваць людзей, нават манаскія хабіты забаронена насіць. А што ж можна? Жыць паводле законаў улады, якая не прызнавала Хрыста.

Як было згадзіцца з гэтым? Дык і не згадзіліся. Не, хабіты сапраўды яны знялі і дом свой пакінулі, вымушаныя туляцца й цярпець абразы. Яны не згадзіліся з бязбожнай уладай у галоўным — не пакінулі веры Хрыстовай і свайго манаскага паклікання. Вядома, былі такія, што адступіліся. Але знайшліся й моцныя, дзякуючы якім супольнасць вытрывала. Што праўда, часта даводзілася цярпець і голад, і холад, і насмешкі. Дапамагла трываласць, крыніцай якой стаў Езус Эўхарыстычны, Той, якому яны паводле паклікання служылі і служаць.

Быў час, калі Ён, Езус Эўхарыстычны, знаходзіўся на дне куфра, пад адзеннем і іншымі рэчамі сясцёр — такі вось дзіўны «табэрнакулюм». Яны навучыліся адараваць Яго нават так! Памятаю, як сястра Ядвіга Віршута распавядала мне пра той час, пра такія адарацыі — са шчыльна завешанымі вокнамі, калі, здавалася, усё было супраць іх. Ды толькі быў Ён, які не пакінуў іх, і вернасць Яму дапамагла вытрываць. Для сясцёр эўхарыстак — гэта не проста прыгожыя словы, але гісторыя іх ордэну ў Беларусі. Гэтая вернасць дапамагла патаемна і надалей нейкі час служыць у Друі, потым, разам з айцамі марыянамі, — у Росіцы, потым, пасля росіцкай трагедыі, дапамагла не зняверыцца. А калі пасля вайны ўлада саслала большасць святароў у ГУЛАГ, кволыя з выгляду дзяўчаты, якія знешне ўжо нічым нібыта не адрозніваліся ад равесніц, сталі надзейнай падтрымкай для многіх святароў. Гэта яны знаходзілі для іх прытулкі на аддаленых хутарах,  а калі ўлада ўсё ж арыштоўвала і высылала святара — сёстры падтрымлівалі яго лістамі, пасылкамі. Колькі іх было выслана ў дзікунскія сталінскія лагеры, ніхто ўжо ніколі не злічыць. Памяць пра тое высакароднае служэнне сясцёр засталася ў лістах, якія часткова апублікаваныя.

Маці Апалонія Пяткун расказвала некалі, прысланіўшыся да сцяны касцёла ў Ідолце, колькі ёй сілы спатрэбілася, каб застацца, не выехаць у Польшчу тады, калі іншыя выязджалі! Як трымалася яна за прыстанцыйную бярэзіну, каб не зрабіць крок да вагона, у якім было месца і для яе… Магчыма, у многім дзякуючы гэткай вось незаўважнай стойкасці супольнасць не перапыніла сваё існаванне ў Беларусі. Магчыма, таму і цяпер яна цешыцца пакліканнямі ды службай у розных краінах свету.

І цудоўна, што сёстры не забываюць, дзякуючы каму іх супольнасць цяпер такая, якая ёсць. Пра гэта сведчыла цудоўная выстава на ўрачыстасці ў Друі, арганізаваная ў бочнай наве касцёла. Сястра настаяцельніца дэлегатуры супольнасці ў Беларусі Зоф’я Грыгатовіч казала пра тое, што, магчыма,  гэтая выстава стане асновай будучага музея. Тым больш, што экспанатаў і самі сёстры, і ўдзячныя ім жыхары Друі, Браслава, Слабодкі, дзе яны служылі, хоць і не гаварылася пра гэта ўголас, захавалі даволі шмат.

І ўсё ж самае галоўнае, што  сёстры эўхарысткі і цяпер прыгожа служаць Богу ў розных кутках Беларусі, а таксама далёка за яе межамі. Няхай жа Езус Хрыстус і надалей благаслаўляе гэтае прыгожае і годнае служэнне!

Ірына Жарнасек.
Фота Кацярыны Лаўрыненкі.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней