Перадаваць агонь любові

«Прымеце моц Духа Святога, які на вас сыдзе, і будзеце Маімі сведкамі ў Ерузалеме і ва ўсёй Юдэі, і ў Самарыі, і ажно да краю зямлі» (Дз 1, 8).

Апошні «Вінаграднік» — так называюцца духоўныя сустрэчы ў аршанскай парафіі святога Юзафа — быў прысвечаны тэме хрысціянскага сведчання. Як было напісана ў запрашэнні: «Многія вернікі баяцца сведчыць, распавядаць пра тое, што Бог робіць у іх жыцці. Хтосьці саромеецца, не хоча выдзяляцца сярод іншых. Хтосьці проста не ўпэўнены ў самім сабе. Нам часта прасцей распавядаць пра традыцыі і гісторыю Касцёла, пра догмы веры, рэлігійныя і маральныя правілы. Людзям прасцей казаць пра ўсё, што хоць неяк звязана з Богам, але не казаць пра Яго жывую і канкрэтную прысутнасць у сваім жыцці. А тым часам, магчыма, Богу патрэбна, каб мы былі не выкладчыкамі гісторыі хрысціянства, але Яго сведкамі. І часта гэта — адзінае, што насамрэч мы можам для Яго зрабіць».

Але сведчыць пра справы Божыя можа толькі той, хто сам спазнаў Божае дзеянне, зразумеў яго, «расчытаў», хто спазнаў моц Духа Святога. І часта гэта не абавязкова нейкія гучныя гісторыі, бо наша жыццё складаецца ў бальшыні сваёй не з іх. Вялікай радасцю напаўняюцца сэрцы вернікаў, калі яны чуюць пра аздараўленне, вызваленне ад злоснай залежнасці, пра тое, як Пан Бог вырашае неардынарныя жыццёвыя сітуацыі. Але не менш важна, відаць, навучыцца бачыць руку Божую над намі і ў штодзённым жыцці, навучыцца давяраць Яму тады, калі Ён нібыта і не выканае нашай канкрэтнай просьбы, але мы на сто адсоткаў упэўненыя ў тым, што наша сітуацыя ў Ягоных руках. А таму: «Калі нават пайду далінай смяротнага ценю, не буду баяцца зла, бо Ты са мною» (Пс 22, 4).

Ці вучымся мы распазнаваць Божае дзеянне ў нашым жыцці? Ці ўмеем давяраць Яму любыя нашы жыццёвыя сітуацыі? Ці вучымся сведчыць пра Яго перад іншымі людзьмі? Такія пытанні, здаецца, вельмі дарэчы задаць самому сабе ў чаканні вялікага свята — Спаслання Духа Святога, а зрэшты, яны актульныя для верніка заўсёды. Таму мы і задалі іх некалькім удзельнікам аршанскага «Вінаградніка». І вось якія атрымала адказы.


Генрых Голуб, парафія Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, г. Мінск

— У чаканні ўрачыстасці Спаслання Святога Духа думаю пра тое, што азначае для мяне гэтае свята. Я з дзяцінства выхаваны ў каталіцкай традыцыі і лаўлю сябе на думцы, што само свята для мяне не вельмі вылучаецца сярод іншых каталіцкіх святаў. Шмат гадоў я перажываў яго проста як адно са святаў літургічнага году. Ведаў, што разам з ім заканчваецца Велікодны перыяд у літургіі Касцёла. Асацыявалася яно для мяне з пахам маладой бярозавай лістоты, бо бярозкамі ўпрыгожваюцца дамы і касцёлы, з вясновым сонцам, сіняй нябеснай смугой і прыўзнятым радасным настроем. Але гэта ўсё вонкавае.

Калі ж задумваюся аб сутнасці свята, прысвечанага Духу Святому, адразу адчуваю поў-нае глыбокай пашаны трымценне перад таямніцаю Святой Тройцы.

Дух Святы вее там, дзе хоча, Ён усё пранікае, усё ведае, усё можа. Ён усё ажыўляе, Ён хуткі, як думка, і гарачы, як агонь. Ён умацоўвае нас і заступаецца за нас «стагнаннямі невымоўнымі», калі мы не ведаем, аб чым трэба маліцца. Ведаю таксама, што Ён даруе чалавеку ў сакрамэнце канфірмацыі сем сваіх дароў, якія могуць прынесці плён у жыццё кожнага, калі толькі чалавек іх не змарнуе, а будзе развіваць.

Думаю, што мяне Дух Святы больш за ўсё закрануў праз людзей, якія жывуць актыўным духоўным жыццём. І адбылося гэта не ў свята Спаслання Духа Святога, і выявілася не ў момант прыняцця сакрамэнту канфірмацыі, а значна пазней. Гэта адбылося на адных рэкалекцыях і пасля іх. Думаю, што такім чынам выявілася Божая ласка, атрыманая калісьці ў сакрамэнтах хросту і канфірмацыі, дзякуючы асабістаму прыкладу малітвы, служэння, а таксама перакананням тых людзей, якія вялі рэкалекцыі. Я заўважыў, што яны, служачы іншым, самі часам і недасыпалі, і ахвяроўвалі свой вольны час, і дзяліліся сваім жыццёвым вопытам, пра які іншы раз балюча распавядаць, але гэта вельмі патрэбна тым, хто іх слухае.

Які вынік тых рэкалекцый? Раней малітва была для мяне нейкім руцінным абавязкам прамаўлення завучаных з дзяцін-ства формулаў Богу, які іх чамусьці павінен слухаць. Дзякуючы ж прыкладу малітвы служыцеляў на рэкалекцыях я зразумеў, што малітва — гэта не абавязак, а высокі і ганаровы прывілей дзяцей Божых: стаяць у прысутнасці Айца нашага Нябеснага і Яго святых і размаўляць з імі ў любові. Гэта значыць не толькі расказваць, але і слухаць, не толькі прасіць чагосьці, але і дзякаваць, не толькі прасіць прабачэння, але і славіць Бога, а таксама і пытацца пра ўсё. Дух Святы ажыўляе малітву, надае сэнс і значэнне ўсяму жыццю, бо Ён жывы, блізкі і больш рэальны, чым кожны з нас, Ён заўсёды цікавы, неспазнаны і неабмежаваны. Гэта Ён ажыўляе і надае сэнс усім нашым святам, традыцыям і абрадам. А таму, калі я засяроджваюся толькі на знешняй форме, то і малітва, і святкаванне губляюць для мяне сэнс. Гэта вельмі добра выказала святая Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса: «Я ведаю добра, што ўсе справы і думкі, ахвяры прад Табою не вартыя анічога, але дзеля таго, каб надаць ім хоць трохі сэнсу, я прынясу іх усе да Сэрца Твайго».

Думаю, што, як свечка запальваецца ад свечкі, так і людзі могуць запальваць адзін аднаго агнём Духа Святога. Але крыніцай гэтага агню з’яўляецца Бог, і чым бліжэй чалавек да Бога ў асабістай малітве, чым ён больш адкрыты на дзеянне Духа Святога, тым больш ён можа перадаць гэта іншым. Таму для мяне такім важным з'яўляецца ўдзел у розных рэкалекцыях і пілігрымках, бо менавіта там можна сустрэць такіх людзей.

 

Наталля Нядбайла, парафія св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ , г. Мінск

—Па-сапраўднаму я наблізілася да Бога пасля таго, як перажыла асабістае аднаўленне ў Духу Святым на рэкалекцыях «Школы хрысціянскага жыцця і евангелізацыі». Што адбылося са мною ў выніку? Я веру ў таго ж самага Езуса Хрыста, у якога верыла і раней, адно што пасля аднаўлення змянілася, бо ажыла сама мая вера. Дух Святы адкрыў мне вочы на многія рэчы. Гэта нібы так, калі ты чакаеш найдаражэйшага госця і нарэшце дачакаўся яго. Госць прыйшоў, але ты ў выніку тых наведзінаў раптам убачыў, што некаторыя куткі твайго жытла не надта чыстыя. Ты разумееш гэта і імкнешся штосьці прыкрыць, затаіць, захінуць, але потым разумееш, што такі «бягучы рамонт» не дае вынікаў, бо твайму жытлу патрэбны капітальны рамонт, які б цалкам аднавіў твой дом. Працэс такога аднаўлення, вядома, даецца нялёгка, бо Дух Святы адкрывае адну за адной тыя сферы твайго жыцця, якія трэба мяняць. 

Дух Святы запатрабаваў ад мяне вызвалення ад граху, пасля чаго я перажыла надзвычайнае шчасце і палёгку. Толькі пасля гэтага я напоўніцу змагла ўспрыняць Божую любоў і цяпер разумею, што Пан Бог кліча і мяне таксама мацней любіць людзей, Ён кліча несці ім супакой, які я зведала сама. Словам, як сказаў апостал Павел: «Хто ў Хрысце, той новае стварэнне; даўняе мінула, вось сталася новае» (пар. 2 Кар 5, 17). Сапраўды, раней Божыя запаведзі для мяне былі суровым кодэксам, які амаль немагчыма выканаць, а калі і магчыма — так мне думалася, — то гэта забірае ўсялякую свабоду і радасць жыцця. Цяпер жа я бачу радасць менавіта ў тым, што жыву паводле Божых запаведзяў, бо яны дапамагаюць мне пазнаваць Божую волю. А што можа быць важнейшым для хрысціяніна?

Я вельмі ўдзячная Пану Богу за тое, што Ён у бязмежнай дабрыні сваёй некалькі разоў пасылаў мне фізічнае аздараўленне. Але найбольшы цуд майго жыцця той, што Ён аздаравіў маю душу!


Дар'юш Астасевіч,парафія святога апостала Андрэя, г. Мінск


— Пра дзейнасць Духа Святога ў маім жыцці да нядаўняга часу я ведаў мала, але Ён дзейнічаў, нягледзячы на маё няведанне. У Касцёле я ўжо даўно, але маё навяртанне адбылося нядаўна — на Сусветных днях моладзі, якія праходзілі ў Мадрыдзе. Памятаю, я ўбачыў аб'яву і падумаў, што гэта будзе добрым падарожжам па Еўропе — не вельмі дорага, шмат чаго пабачу ды й прыгода добрая. Пра магчымую сустрэчу з Богам, прызнаюся, я мала думаў. Мэту тае маёй пілігрымкі можна было б акрэсліць народным выслоўем: «Людзей паглядзець ды сябе паказаць». Але ў Пана, як я цяпер разумею, быў зусім іншы план для мяне.

Сапраўды, я шмат чаго пабачыў, шмат чаго перажыў, але два моманты таго падарожжа я памятаю як зараз і, маючы цяперашні досвед, смела кажу, што менавіта тады Дух Святы дакрануўся да мяне вельмі моцна! Першы момант быў падчас святой Імшы, якая адбывалася ў горадзе Мурсія, у вялікім спортзале. Да таго, як пачалася Імша, памятаю, было шмат нейкай бегатні, клопату. Я, шчыра кажучы, не вельмі і рыхтаваўся да яе духова, нават увогуле — не рыхтаваўся. Але калі я прыняў Цела Езуса, адышоў у натоўп і стаў на калені, я, 28-гадовы хлопец, пачаў раптам плакаць. Я хаваўся, згінаўся, каб мяне не бачылі, і… плакаў. У галаве круціліся ўсе мае грахі, боль, які я прычыніў Езусу сваім жыццём. І ўсё ж гэта было так лагодна, так мякка, як у дзяцінстве, калі маці абдымае дзіця. Быў сапраўдны жаль за ўсе тыя раны, якія я нанёс Езусу. Менавіта так упершыню я адчуў, як Дух Святы мяне закрануў. І яшчэ я адчуў, што маё падарожжа паварочваецца зусім іншым бокам.

Другі момант быў тады, калі мы ўжо вярталіся. Пасля той Эўхарыстыі знешне для мяне нібы нічога і не змянілася: ну паплакаў і паплакаў, з кім не бывае. Па дарозе мы заязджалі ў Люрд. Спачатку быў начлег у гатэлі, дзе я, як звычайны малады чалавек, папіў піва, а на наступны дзень мы наведалі санктуарый Маці Божай. Там была святая Імша, пасля якой я спусціўся да таго месца, дзе аб’яўлялася Марыя, але падысці блізка не атрымалася — там ішоў нейкі канцэрт. І калі я стаў воддаль на калені, я зноў пачаў плакаць. Слёзы ліліся, як летні дожджык, які раптам надыходзіць і гэтак жа раптам знікае. У сэрцы быў моцны жаль з-за таго, што я не варты дакрануцца да таго каменя, на якім стаяла Маці Божая. Але была і радасць ад таго, што я, такі, які ёсць, грэшнік, стаю на каленях на той зямлі, дзе была Яна, якая размязджыла галаву злому...

Пасля вяртання на радзіму Дух Святы пачаў маленькімі крокамі вучыць мяне зносінам з Езусам, Айцом Нябесным і Марыяй.

І яшчэ адно. Я неяк пачуў: «Ніхто не можа сказаць: „Панам ёсць Езус“, калі не будзе ў Духу Святым» (пар. 1 Кар 12, 3). Я вельмі ўдзячны Духу Святому за тое, што Ён кожны дзень дазваляе мне называць Езуса сваім Панам і Збаўцам. Такі вось досвед. Нібы нічога незвычайнага і не адбылося, але для мяне гэтыя падзеі вельмі шмат значаць. Яны — нібы кароткія прыпынкі на шляху майго збаўлення, імя якому — жыццё.

Падрыхтавала 
Ірына Жарнасек.

Дзякуем нашым чытачам за гэтыя шчырыя, прыгожыя сведчанні, якімі яны падзяліліся з намі. Запрашаем і вас, шаноўныя чытачы, дзяліцца на старонках «Ave Maria» сваім досведам веры, тым, што Пан Бог робіць у вашым жыцці. Бо часта Ён гэта робіць не толькі для аднаго чалавека, але і для іншых, каб і яны, даведаўшыся, моцна паверылі.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней