Кожны ведае гэтую дзіцячую казку пра рэпку, ды мала хто добра ўяўляе гародніну, якая стала ўжо амаль экзатычнай. А між тым у нашых продкаў рэпа была папулярнаю не менш, чым сёння бульба. Гэтая гародніна была добра вядомай яшчэ шэсць тысяч гадоў таму назад — радзімай яе лічыцца Міжземнамор’е, Усходняя і Паўднёвая Азія. Яна была папулярнаю і ў старажытных рымлянаў, якім удавалася вырошчваць рэпу да пудовай вагі.
Рэпа — цудоўная скарбонка вітамінаў, бялкоў, цукраў (у выглядзе лёгказасваяльных монацукраў) і мінеральных соляў. Яна багатая асабліва карыснымі для арганізма вітамінамі С (якога у ёй больш, чым у лімонах і апельсінах), В, В2, РР; ёсць у ёй таксама солі фосфару, калію, магнію, жалеза і мікраэлементы (медзь, марганец, цынк), карацін, пантатэнавая і фоліевая кіслоты. У рэпе ёсць і бурштынавая кіслата (універсальны біястымулятар, які валодае антыаксідантным і метабалічным дзеяннем), якая рэдка сустракаецца ў іншай гародніне. Своеасаблівы водар і востры прысмак рэпе надаюць гарчычныя алеі (ад гэтага прысмаку можна пазбавіцца, калі апусціць нарэзаную рэпу на пару хвілін у гарачую ваду).
Вельмі карысныя маладыя лісты рэпы, бо ў іх аднаго вітаміна С у шэсць разоў больш, чым у караняплодах. Менавіта таму ў Японіі, ЗША, Канадзе, Італіі, Індыі ўжываюць лісце рэпы ў салатах і гарачых стравах у свежым і замарожаным выглядзе. У Японіі нават заквашваюць рэпу разам з лісцем, як капусту. Нашы продкі ўжывалі рэпу круглы год сырою, варанаю і смажанаю, а калі не хапала хлеба, то падмешвалі муку і пяклі хлеб з рэпы. На сушанай рэпе настойвалі квас.
Лекавыя ўласцівасці рэпы вядомыя са старажытнасці. Яшчэ Дыяскарыд (старажытнарымскі ўрач, фармаколаг, адзін з заснавальнікаў батанікі) адзначаў мачагонныя ўласцівасці вараных парасткаў рэпы, а настой варанай рэпы з цукрам і алеем рэкамендаваў для лячэння запалення горла і памяншэння кашлю. Ён лічыў, што насенне рэпы, змешанае з іншымі лекамі, добра выводзіць атруту. Дзецям, калі яны хварэлі на воспу, таксама давалі насенне рэпы. Печаную і вараную рэпу нашы продкі выкарыстоўвалі для лячэння падагры і абмарожаных канечнасцяў. У тыбецкай медыцыне насенне рэпы рэкамендуюць увогуле пры ўсіх хваробах.
У сучаснай народнай медыцыне рэпу выкарыстоўваюць для харчавання дыябетыкаў і ў якасці супрацьзапаленчага, супакаяльнага, антысептычнага сродку пры бранхіце, астме, астэахандрозах і для стымуляцыі сардэчна-сасудзістай дзейнасці ў выглядзе настояў, сокаў і адвараў, а таксама як мачагонны і лёгкі слабіцельны сродак. У рэпе ёсць глюкарафанін — рэдкі кампанент, які ахоўвае арганізм ад раку і цукровага дыябету, а таксама дапамагае змагацца з гэтымі хваробамі.
Сок рэпы — цудоўны супрацьцынготны сродак, ён садзейнічае растварэнню камянёў у нырках, добра ўплывае на хворыя суставы. Адвар з рэпы рэкамендуецца пры прастудных лёгачных захворваннях. Настоем з лісця палошчуць рот пры захворваннях зубоў. Мазь, зробленую з працёртай рэпы і гусінага тлушчу, паўночныя народы выкарыстоўваюць пры абмарожанні.
Паколькі ў рэпе шмат вітаміну С, то восенню і халоднай зімой рэпка — наш надзейны абаронца ад прастудаў і інфекцый. Асабліва карысны для падтрымкі імунітэту японскі гатунак рэпы — какабу.
Рэпа вельмі багатая на кальцый, які ў асноўным змяшчаецца ў лісцях. Таму сок з лісцяў выкарыстоўваюць для лячэння хваробаў касцей (напрыклад, астэапарозу) і для ўмацавання зубоў. Сумесь соку рэпы (2 ст. лыжкі)
з сокам каранёў дзьмухаўца (3 ст. лыжкі) і сокам з морквы (1 шклянка) добра ўмацоўвае косці і зубы. Хімічны склад гэтай сумесі з’яўляецца выдатнай прафілактыкай пераломаў, таму такі сок асабліва карысны пажылым людзям, якія часта пакутуюць ад астэапарозу. Сок з лісця рэпы, асабліва разам з сокамі сельдэрэю і морквы, з’яўляецца добрым сродкам для паніжэння кіслотнасці.
У традыцыйнай медыцыне таксама здаўна цэняцца ўзмацняльнае і аднаўляльнае ўздзеянне рэпы. З яе можна выціскаць сок, гатаваць гарбату, адвар, рабіць кампрэсы, якія суцішваюць боль і спрыяюць загойванню ранаў. Яна дапамагае пры хваробах ротавай поласці, дыхальных шляхоў, малакроўі. Вараная ў малацэ рэпа, змешаная з маркоўным сокам і мёдам (50–70 г у дзень), дапамагае вылечыць імпатэнцыю, а сок рэпы, морквы і шпінату дапамагае пазбавіцца ад гемарою. Эфектыўная рэпа і пры лячэнні цяжказагойных ранаў. Цёплая кашка з варанай рэпы, прыкладзеная да хворых суставаў, дапамагае суцішыць боль.
Яшчэ адна цікавая ўласцівасць рэпы — яна дапамагае людзям з павышанай метэаадчувальнасцю, не ствараючы дадатковай нагрузкі на сэрца. Таму рэпу (як і моркву, бульбу, гарох, фасолю) карысна ўжываць тым, хто адчувальны на змены надвор’я. Сок з паранай рэпы лічыц-ца натуральным супакаяльным сродкам. Змяшайце яго з мёдам, піце на ноч — і моцны сон вам гарантаваны.У дыетычным харчаванні рэпу выкарыстоўваюць свежаю і паранаю з раслінным алеем пры захворваннях вантробы і жоўцевага пузыра.
Аднак трэба памятаць, што сырую рэпу і сок з яе не трэба ўжываць пры абвастрэнні язвы страўніка і дванаццаціперснай кішкі, а таксама, калі ў вас востры гастрыт, энтэракаліт ці вострыя запаленчыя працэсы ў вантробе ці нырках.
Пры арытміі сок рэпы з мёдам ужываюць па 2 ст. л. 3 разы ў дзень.
Пры астме і дрэнным зроку, пры атлусценні, а таксама пры тытунёвай залежнасці (ужыванне рэпы зніжае рызыку раку лёгкіх у курыльшчыкаў на 20%) карысна ўжываць рэпу штодзённа.
Калі кроваточаць дзясны, палошчуць рот (4–5 разоў у дзень) настоем з лісця рэпы: 1 ст. л. сухога лісця заліць 1 шклянкаю кіпеню, настаяць 30 хвілін.
Пры вострым бранхіце 2 ст. л. дробна парэзанай рэпы заліць 1 шклянкаю кіпеню, настойваць 25 хвілін, піць паўшклянкі 4 разы ў дзень.
Пры дыскенізіі жоўцевых шляхоў прымаць па паўшклянцы соку рэпы, змешанага з лыжачкай мёду, 2 разы ў дзень.
2 ст. л. дробна парэзанай рэпы заліць шклянкаю вады, гатаваць 10 хвілін, настойваць 1 гадзіну, працадзіць. Прымаць на працягу дня пры бяссонніцы, арытміі, кашлі. Гэты ж адвар прымяняюць для прымочак, абмыванняў.
Стравы з рэпы
Паранкi з разынкамi
Невялікія караняплоды рэпы аднолькавай формы прамыць, абабраць, пакласцi ў глiняны гаршчок, дадаць паўшклянкi вады, закрыць накрыўкай, паставiць у духоўку. Парыць да гатоўнасцi. Дадаць 100–150 г разынак i прапарыць яшчэ 3–5 хвiлiн. На стол падаваць у халодным выглядзе.
Рэпа са смятанай
150 г рэпы, 2 ст. л. смятаны, 20 г цыбулі, 5 г зеляніны, соль.
Рэпу прамыць, абабраць, пакласці на протвінь з невялікай колькасцю вады, запячы да мяккасці, астудзіць. Парэзаць тонкімі палоскамі, дадаць дробна парэзаную цыбулю, пасаліць, дадаць смятану, змяшаць. Падаючы на стол, паліць смятанай, пасыпаць кропам ці пятрушкай.
Рэпа, фаршыраваная грыбамі
10 шт. рэпы, 300 г грыбоў, 2 цыбуліны, зеляніна пятрушкі, соль.
Рэпу спячы, абабраць скурку, выняць мякаць з сярэдзіны і дробна парэзаць. Абабраную цыбулю нарэзаць кубікамі і крыху абсмажыць на алеі. Грыбы прамыць, парэзаць, абсмажыць на алеі, змяшаць з парэзанаю рэпаю і цыбуляю, пасаліць. Гэтым фаршам напоўніць рэпу, пакласці ў сацейнік, заліць сметанковым маслам і тушыць 30–40 хвілін у духоўцы.
Рэпа для прыгажосці
Мякаць рэпы здавён прымяняецца ў касметалогіі для захавання пругкасці скуры, яна валодае супрацьзапаленчымі і супакаяльнымі ўласцівасцямі (ёсць у касметычных крэмах, якія рэкамендуюцца супраць прышчоў).
Маска для кожнай жанчыны. Нацерці рэпу на тарцы, дадаць крыху вяршкоў, 1 лыжачку мёду, намазаць твар. Праз 10 хвілін змыць маску слабой цеплаватай заваркай зялёнай гарбаты.
Танізуючая маска. Адварыць 1 рэпку, стаўчы яе, дадаць 1 ст. л. смятаны, 1 ст. л. маркоўнага соку, 1 ст. л. аліўкавага алею. Нама-заць твар і шыю на 15–20 хвілін. Змыць цёплаю вадою і працерці скуру кубікам лёду. Добра замарозіць кубікі з соку рэпы і імі праціраць твар, калі ў вас тлустая скура.
Адвар з лісця рэпы з’яўляецца дасканалым бальзамам для валасоў. Прапануем зрабіць маску, якая дапаможа пазбавіцца ад перхаці і ўмацуе валасы. Змяшаць 4 ст. л. соку рэпы з
1 ч. л. соку з цыбулі і 1 ст. л. лопухавага алею (рэпейнага масла). Уцерці ў карані валасоў за 30 хвілін перад мыццём. Вымыць шампунем.
Падрыхтавала
Аліна Лукашэвіч.