Сямнаццатая звычайная нядзеля, год С (28.07.2013 г.)
«Калі Езус быў у пэўным месцы і маліўся, і калі перастаў, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: Пане, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў.
Ён сказаў ім: Калі моліцеся, кажыце:
Ойча, няхай свяціцца імя Тваё,
няхай прыйдзе Валадарства Тваё.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння,
і адпусці нам грахі нашыя, бо і мы адпускаем кожнаму даўжніку нашаму,
і не ўводзь нас у спакусу.
Затым сказаў ім: Хтосьці з вас, маючы сябра, пойдзе да яго апоўначы і скажа яму: Дружа, пазыч мне тры боханы, бо сябар мой з дарогі зайшоў да мяне, а ў мяне няма чаго даць яму. А той знутры скажа яму ў адказ: Не турбуй мяне, дзверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае на ложку са мною. Не магу ўстаць і даць табе. Кажу вам: калі ён не ўстане і не дасць яму з-за таго, што той сябра ягоны, то з-за настойлівасці ягонай устане і дасць яму, колькі патрабуе. І Я вам кажу: прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму адчыняць. Калі ў нейкага з вас, бацькі, сын папросіць рыбы, ці той падасць яму замест рыбы змяю? Або, калі папросіць яйка, дасць яму скарпіёна? Калі ж вы, будучы злымі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто папросіць у Яго» (Лк 11, 1–13).
Прасіце...
Даволі часта з вуснаў людзей, якія лічаць сябе спецыялістамі ў галіне малітвы, можна пачуць, што малітва-просьба з’яўляецца чымсьці менш дасканалым і годным хрысціяніна, чым малітва падзякі ці праслаўлення. Маўляў, сапраўды духоўны чалавек не павінен задавальняцца выпрошваннем у Бога здароўя, дабрабыту, поспехаў, а нават і патрэбных ласкаў, толькі засяродзіцца на Яго ўдзячным праслаўленні. Аднак, недаацэньванне просьбы ў малітве супярэчыць навуцы самога Пана Езуса, пераказанай нам евангелістам Лукою ва ўзгаданым урыўку Святога Пісання: «Прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам». А ўзнікае яно, магчыма, як рэакцыя на той факт, што многія вернікі блытаюць просьбу з патрабаваннем («Божа, Ты абавязаны мне гэта даць!») або гандлем («Я Табе — малітву, а Ты мне за гэта — тое, аб чым прашу!»). Такія адносіны да Бога і да малітвы сапраўды не могуць быць добрым прыкладам і часта прыводзяць да глыбокага расчаравання і адыходу ад веры.
На самай жа справе праўдзівая малітва-просьба вынікае з пакоры, якую называюць каралеваю цнотаў. Просячы Бога, чалавек усведамляе сваю ўласную абмежаванасць, прызнае залежнасць ад Яго і прымае волю Усявышняга, які найлепш ведае, чаго патрабуе Яго стварэнне. Менавіта вытрывалая просьба дапамагае верніку лепш разумець свае сапраўдныя патрэбы, якія толькі ўласнымі намаганнямі, без Божай дапамогі, заспакоіць немагчыма. Без гэтай свядомасці нават малітва падзякі і праслаўлення можа ператварыцца ў самаўсхваленне і выраз ганарыстасці — узгадайма хоць бы славутую прыпавесць пра фарысея і мытніка...
Такім чынам, сапраўдная малітва-просьба вучыць нас справядліва прызнаваць у Богу крыніцу нашага жыцця і ўсіх дабротаў, зямных і нябесных, а таксама стварае рэальныя падставы для таго, каб нашыя падзяка і праслаўленне плылі з пераканання і шчырага сэрца, гатовага ў сваю чаргу адгукнуцца на патрэбы нашых бліжніх.
Айцец Міхал Ермашкевіч ОР