Агульны змест1142 [38] 04.06.[1937]. Сёння ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса1. У часе святой Імшы я адчула Сэрца Езуса, — якім агнём любові да нас Яно палае; у ім — мора міласэрнасці. У гэты момант я пачула голас: Апосталка Маёй міласэрнасці, абвяшчай усяму свету гэтую бяздонную міласэрнасць; не расхалоджвайся цяжкасцямі, з якімі ты сутыкаешся, абвяшчаючы Маю міласэрнасць. Гэтыя цяжкасці, што цябе так балюча закранаюць, неабходныя для твайго асвячэння і для таго, каб паказаць, што гэта Мая справа. Дачка Мая, будзь пільная ў запісванні кожнай фразы, калі Я гавару табе пра Маю міласэрнасць, бо гэта прызначана для вялікай колькасці душаў, якія будуць гэтым карыстацца.
1143 + У часе адарацыі Пан даў мне глыбей спазнаць тое, што датычыць гэтай справы.
1144 Сёння я перапрашала Пана за ўсе знявагі, якія спазнае Яго Боскае Сэрца ў нашых дамах.
1145 + 06.06.[1937]. Першая нядзеля месяца. Сёння я пайшла на месячныя рэкалекцыі.
Азарэнне з ранішняга разважання: што б Ты са мною ні ўчыніў, Езу, я заўсёды буду любіць Цябе, бо я — Твая. Мне ўсё роўна, пакінеш Ты мяне тут ці дзе-небудзь яшчэ, — я заўсёды буду Тваёю.
Я з любоўю падпарадкуюся Тваім наймудрэйшым прысудам, о Божа, а воля Твая, Пане, з’яўляецца для мяне штодзённым падмацункам. Ты, які ведаеш біццё майго сэрца, ведаеш, што яно б’ецца выключна для Цябе, мой Езу. Нішто не здолее заглушыць маёй тугі па Табе. Я паміраю па Табе, Езу, калі ж Ты забярэш мяне ў свой дом?
1146 [39] — [Няхай ускладаюць] надзею на Маю міласэрнасць найбольшыя грэшнікі. Яны больш за іншых маюць права спадзявацца на бяздоннасць Маёй міласэрнасці. Дачка Мая, пішы пра Маю міласэрнасць да змучаных душаў. Мне прыносяць асалоду душы, якія звяртаюцца да Маёй міласэрнасці. Такім душам Я ўдзяляю больш ласкаў, чым яны жадаюць. Я не магу караць, хоць бы хтосьці быў найбольшым грэшнікам, калі ён звяртаецца да Маёй літасцівасці, і апраўдваю яго ў сваёй бязмежнай і неспасцігальнай міласэрнасці. Напішы: перш чым Я прыйду як справядлівы Суддзя, Я адчыняю насцеж дзверы Маёй міласэрнасці. Хто не хоча прайсці праз дзверы міласэрнасці, той павінен прайсці праз дзверы Майго правасуддзя…
1147 Калі аднаго разу з пэўнай прычыны я перажывала прыкрасць і паскардзілася Пану, Езус адказаў мне: Дачка Мая, чаму цябе так хвалююць настаўленні і меркаванні людзей? Я сам хачу цябе павучаць, таму Я складваю абставіны так, каб ты не магла бываць на гэтых навуках; у адно імгненне Я дам табе спазнаць больш, чым іншыя здабудуць, цяжка працуючы многія гады.
1148 20.06.[1937]. Мы тады найбольш падобныя да Бога, калі прабачаем бліжнім. Бог — гэта любоў, дабрыня і міласэрнасць…
Маю міласэрнасць павінна адлюстраваць у сабе кожная душа, і асабліва душа манаская. Маё сэрца перапоўненае літасцю і міласэрнасцю да ўсіх. Сэрца Маёй абранніцы павінна быць падобнае да Майго сэрца, з яе сэрца павінна струменіць крыніца Маёй міласэрнасці для душаў, інакш Я не прызнаю яе сваёю.
1149 [40] + У некаторых выпадках я адчувала, як манаскія душы абараняюць уласную хвалу, прыкрываючыся хвалою Божаю, у той час як і гаворкі не йшло пра Божую хвалу, а толькі пра ўласную.
О Езу, як мне гэта было балюча. Якую ж таямніцу адкрые дзень Твайго суду! Як жа можна красці дары Божыя?
1150 Сёння мяне напаткала вялікая прыкрасць, якую ўчыніла адна асоба, — адна свецкая асоба. Гэта асоба на падставе аднаго праўдзівага факту гаварыла шмат прыдуманых рэчаў, а паколькі яны ўспрымаліся як праўдзівыя і распаўсюджваліся па ўсім доме, то яны дайшлі і да маіх вушэй, і ў мяне сціснулася сэрца — як можна злоўжываць чужою дабрынёю? Але я вырашыла ні слова не казаць у сваю абарону, а да гэтай асобы ставіцца з яшчэ большаю дабрынёю. Ды заўважыла, што ў мяне замала сілы, каб знесці гэта спакойна, бо ўсё расцягнулася на тыдні. Калі я ўбачыла, што наспявае бура і вецер пачынае сыпаць пясок проста ў вочы, я пайшла да Найсвяцейшага Сакрамэнту і сказала Пану: «Езу, я прашу Цябе аб сіле Тваёй умацавальнай ласкі, бо адчуваю, што не дам рады ў гэтай барацьбе. Заслані мяне сваімі грудзьмі».
У гэты момант я пачула такія словы: Не бойся, Я з табою. Калі я адышла ад алтара, дзіўная моц і спакой напоўнілі маю душу, і бура, якая шалела, білася аб маю душу, як аб скалу, а пена гэтай буры асела на тых, хто яе выклікаў. О, які добры Пан, які кожнаму плаціць паводле яго ўчынкаў… Няхай кожная душа выпрошвае для сябе дапамогу ўмацавальнай ласкі, бо звыклай ласкі іншы раз бывае недастаткова.
Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько.
Працяг будзе.