Пяцьдзясят памочнікаў у нягодах. Святы Антоній Падуанскі
03.05.2013|№ 6 (219) 2013

Дакраніся да творчых здольнасцяў, схаваных унутры цябе

Св. Антоній паходзіць не з першых гадоў Касцёла, таму яго жыццё можна прасачыць з гісторыі. Ён нарадзіўся ў 1195 г. у Лісабоне і ў 1231 г. памёр у Арчэлла (горад на поўдні Італіі). Наўрад ці якога іншага святога людзі любяць так, як св. Антонія. Італьянцы называюць яго проста – «Il Santo», што значыць «Святы». Шмат вернікаў адчуваюць да яго бязмежны давер. Калі вы штосьці згубілі, прасіце ў «Антонія, які ўсё губляе», ён дапаможа ў пошуках (часам так любяць пажартаваць католікі. – А.Ш.). І многія кажуць, што гэта, сапраўды, дапамагае. У многіх касцёлах каля фігуры св. Антонія стаіць скрынка для ахвяраванняў, куды вернікі кідаюць свае грошы на патрэбы бедных. Успамін св. Антонія адзначаецца 13 чэрвеня.

Кім быў гэты святы, які так завалодаў сэрцамі людзей? Ён <...> паходзіў з роду Готфрыда Бульёнскага. Ва ўзросце 17 гадоў ён уступіў у ордэн аўгустынаў-канонікаў. Калі св. Антоній даведаўся, што пяць братоў францішканаў загінулі ад сарацынаў, церпячы за сваю веру, ён адчуў пакліканне стаць бедным манахам. У 1220 г. ён уступіў у францішканскі кляштар у Каімбры, маючы намер вырушыць у Марока як місіянер. Але, прыбыўшы туды, ён моцна захварэў і быў вымушаны вяртацца на радзіму. Карабель, на якім ён плыў, трапіў у шторм і яго выкінула ў горадзе Мессіна на Сіцыліі. Там св. Антоній пачуў, што св. Францішак заклікае спаткацца ўсім братам у Асізі, і накіраваўся на гэтую сустрэчу. Наўрад ці нехта ў Асізі заўважыў ціхага брата, які схаваў сваё шляхецкае паходжанне. Упершыню яго красамоўства адкрылася тады, калі падчас адной Прыміцыйнай Імшы ніхто з прысутных святароў не захацеў прамовіць казанне без падрыхтоўкі. Св. Антоній гаварыў з такім захапленнем і дасведчанасцю, што яго заўважыў св. Францішак і прызначыў першым выкладчыкам тэалогіі для маладых братоў францішканаў. Пасля св. Францішак накіраваў яго [прамаўляць казанні] у катэдры розных гарадоў, дзе людзі тысячамі сцякаліся слухаць яго. Сіла яго слова і знешняя прыязнасць былі такімі, што зачароўвалі людзей.

Жыццё св. Антонія ахутана шматлікімі легендамі. Вядомай з’яўляецца легенда пра яго казанне для рыбаў. Св. Антоній неаднаразова прапаведаваў супраць катараў — прадстаўнікоў радыкальнай секты, якія мелі вялікі ўплыў на людзей. У Рыміні ён хацеў прамовіць да іх казанне, але ніхто не з’явіўся. Тады св. Антоній звярнуўся да рыбаў, і яны павыцягвалі свае галовы з вады. І, як сведчыць легенда, гэта ўбачыла шмат катараў, якія прыйшлі да навяртання. Часта мастакі таксама паказваюць св. Антонія з Дзіцяткам Езусам на руках. Гэты вобраз бярэ свой пачатак з іншай легенды. Калі св. Антоній захварэў, па просьбе сваіх братоў францішканаў ён знайшоў зацішак у замку Кампазамп’ера. У адзін з вечароў яго наведаў граф. Дзверы былі напалову адчыненыя, і прасочвалася яркае ззянне. Граф спужаўся, што мог успыхнуць пажар, таму ён адчыніў дзверы і, зачараваны, застаўся стаяць. У ярка асветленым пакоі, апусціўшыся на калені, стаяў св. Антоній і трымаў на руках Дзіця, ад якога падала яркае святло. Св. Антоній прасіў графа нікому пра гэта нічога не расказваць. Толькі пасля смерці святога граф парушыў сваё абяцанне.

У асобе св. Антонія вялікая дасведчанасць і незвычайнае красамоўства спалучаюцца са сціпласцю і пакораю, з прыязнасцю і прастатою. Гэта сапраўды натхняе людзей і да сённяшняга часу прываблівае. Св. Антоній робіць мяккімі сэрцы многіх, каб яны ахвяравалі свае грошы для бедных. Ён з’яўляецца таксама своеасаблівым апекуном грамадскай свядомасці. І да яго звяртаюцца, калі нехта штосьці згубіў і, нягледзячы на адчайны пошук, не знаходзіць. Многія спадзяюцца, што св. Антоній дапаможа ў такой сітуацыі. Зразумела, узнікае пытанне, ці не з’яўляецца гэта чарамі ці забабонамі, альбо ці павінны мы гэтаму давяраць. З пункту гледжання псіхалогіі, гэта, безумоўна, карысна — адмовіцца ад фіксацыі на пошуку і зрабіць адзін крок назад — так адбываецца, калі людзі звяртаюцца да святых. Малітва да св. Антонія прыводзіць верніка да абуджэння яго ўласных творчых здольнасцяў, і пасля часта прыходзіць у галаву, дзе можа ляжаць тое, што ты лічыў згубленым. Некаторыя «цуда-знаходкі» можна растлумачыць, напэўна, з пункту гледжання псіхалогіі, але
малітва да св. Антонія — гэта больш, чым псіхалогія, і яна не становіцца непрыкметнай сярод псіхалогіі. Яе сапраўдны сакрэт заключаецца ў даверы Богу, які злітуецца нада мною, калі я быў забыўлівым, калі я штосьці згубіў. Гэта трымаецца на ўпэўненасці, якой вучыць св. Антоній: ва ўсіх нягодах мы павінны звяртацца да Бога. Разважанне пра св. Антонія, якога Бог надзяліў такімі вялікімі дарамі і які ўсё ж застаўся пакорлівым, можа разбудзіць у нас бязмежны давер да Бога, які клапоціцца пра дробязі нашага штодзённага жыцця.

Хто старанна назірае за сабою, заўважыць, як часта ён бяздумна пражывае дзень. Ты зусім не адчуваеш, што ты робіш. Ты можаш згубіць сваю вязку ключоў альбо свае акуляры. Так, як ты не бачыш сябе, ты не разумееш, што згубіў не толькі ключы, але самога сябе. Ты не бачыш сябе. І калі нават з усіх сілаў ламаць над гэтым галаву — ты не зможаш вярнуцца да сябе. Паспрабуй зрабіць гэта з малітваю. Дакраніся да творчых здольнасцяў, схаваных унутры цябе. Тады адразу з’явіцца ідэя, дзе ты мог бы шукаць. Гэта датычыцца не толькі згубленых рэчаў. Гэта датычыцца ўсіх складаных сітуацый. Пакінь убаку праблему. Знайдзі кантакт з тым, што ўнутры цябе. Там, унутры цябе, ты знаходзіш сябе. Там адразу ўзнікаюць творчыя рашэнні. З’яўляюцца думкі, як можна зрабіць выбар у заблытанай сітуацыі ці весці складаную размову. Унутры цябе рашэнне знаходзіцца ўжо падрыхтаваным.

Пераклад з нямецкай мовы Алены Шымак.
Паводле: Anselm Grün. Fünfzig Helfer
in der Not. Die Heiligen
fürs Leben entdecken. — Freiburg, 2002.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней