Нататкі яшчэ аднаго маленькага сэрца
Гэтым летам Беларусь сустракае маю любую Тэрэзку! Калі я даведалася аб гэтым — плакала ад шчасця…
Памятаю, як чатыры гады таму пазнаёмілася з ёю, набыўшы ў Наваградку «Дзеі душы». Пачатак кнігі быў такі: «Я адчуваю, што мая душа заўсёды шукала праўды». Мая душа — таксама… Потым я прачытала, што святая Тэрэза вельмі любіла чытаць «Следам за Хрыстом» Тамаша Кэмпійскага і, калі засынала, пакідала гэтую кнігу побач. Я таксама так раблю і захапляюся гэтай кнігай, таму адразу ўмілавала сваю духоўную сястрычку, адчула блізкасць нашых душаў…Сваімі словамі я папрасіла святую быць маёй сяброўкай і сястрычкай, дапамагчы мне палюбіць Бога і Маці Марыю, і асабліва я захацела, як і яна, штодзённа маліцца за святароў і ўшаноўваць Дзіцятка Езуса.
Аднойчы я напісала малітву да маленькага Пана:
«Божае Дзіцятка, Найпрыгажэйшая Беззаганная Кветачка нябёсаў! Прагну, каб для мяне Ты быў усім, каб быў маёй адзінай Любоўю, Скарбам і Шчасцем.
Прагну сагрэць Цябе сваёй любоўю і прытуліць да сэрца. Езу мой маленькі, аддаюся Табе цалкам і прашу: вядзі мяне да Айца шляхам Твайго дзіцячага даверу. Амэн».
Мне вельмі блізкі просты шлях святой Тэрэзкі, шлях да Бога, поўны дзіцячага даверу і шчырай любові. У мяне няма таты і, дзякуючы і маёй маленькай святой таксама, я яшчэ больш адчула, што Бог з’яўляецца маім Татам, які любіць, які клапоціцца, які прабачае і які заўсёды побач!..
Я штодня адчуваю падтрымку маленькай Тэрэзкі і заўсёды магу паразмаўляць з ёю як з найлепшай сяброўкай. Менавіта Тэрэза з Лізьё паказала мне прыгажосць духоўнасці Кармэлю, і цяпер я — член трэцяга Ордэну свецкіх кармэлітаў босых і таксама маю дадатак да імені: «ад Дзіцяткі Езуса»…
«Праслаўляю Цябе, Ойча, Пан неба і зямлі, што таямніцы Валадарства адкрыў Ты дзецям!» (пар. Мц 11, 25).
Аленка Ярмак OCDs