да свайго спецыяльнага легата на юбілейныя ўрачыстасці ў Будславе кардынала Жана-Луі Тарана
Старшыня Папскай рады па міжрэлійгійным дыялогу кардынал Жан-Луі Таран прызначаны спецыяльным легатам Святога Айца Францішка на ўрачыстасці 400-годдзя прыбыцця цудатворнага абраза Маці Божай у Будслаў, якія пройдуць 5-6 ліпеня. З гэтай нагоды Папа скіраваў ліст да свайго спецыяльнага легата.
<...> Як наш намеснік 5-6 дня наступнага месяца ліпеня ў Будславе ты ўзначаліш літургічныя абрады і ад нашага імя сардэчна прывітаеш (...) святога пастыра і іншых вялебных братоў у біскупстве, святароў, сяброў Ордэну братоў меншых, законнікаў і законніц, грамадзянскіх і дзяржаўных кіраўнікоў, пастыраў і вызнаўцаў Праваслаўнай Царквы ды іншых хрысціянскіх супольнасцяў і ўсіх сабраных там пілігрымаў.
Мы жадаем, каб з гэтай шчаслівай нагоды былі ўзвялічаны адмысловыя цноты і духоўныя скарбы Найсвяцейшай Багародзіцы Марыі, «Дзевы, учыненай Касцёлам і абранай Найсвяцейшым Айцом Нябесным, якую Ён асвяціў разам з Найсвяцейшым умілаваным Сынам сваім і Святым Духам Суцяшальнікам, у якой была і ёсць уся паўната ласкі і ўсялякае дабро» (св. Францішак Асізскі, Вітанне благаслаўлёнай Панны Марыі, 1-3).
Мы самі радуемся гэтай выдатнай падзеі, найбольш таму, што будслаўская святыня бачыць новы век пабожнасці і рэлігійнасці народа, стаўшы Нацыянальным санктуарыем Беларусі і мэтаю пілігрымак, якія зблізку і здалёк едуць і ідуць пешшу, каб у розных патрэбах прасіць мацярынскага заступніцтва Багародзіцы.
Мы атуляем тваё пасланніцтва нашымі малітвамі і разам з усімі вернікамі асабліва молім нябесную Каралеву, ясную Зорку новай евангелізацыі, аб супакоі, які можа даць толькі Езус Хрыстус. Нашае Апостальскае благаслаўленне, як спавяшчэнне Божай ласкі і сведчанне нашай прыхільнасці і любові, найперш мы ўдзяляем табе, вялебны браце наш. А ты ўдзялі яго ўмілаванай супольнасці Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, яе рупліваму пастыру і ўсім удзельнікам святых урачыстасцяў.
29 мая 2013 года, у першы год
нашага Пантыфікату
Папа Францішак