Сredo: «Веру ў Езуса Хрыста...»

Гэтыя словы мы знаходзім у многіх сімвалах веры, якія ўзніклі на працягу больш чым дзвюх тысяч гадоў хрысціянства. Веру перадаў нам Бог, яна з’яўляецца Боскай тэалагальнай цнотаю. Яна была перададзеная ў дар Касцёлу і праз Касцёл перадаецца чарговым пакаленням вернікаў. У гэтым артыкуле мы звернем увагу на словы вызнання веры, якія датычаць Езуса Хрыста. Паколькі абсяг гэтай тэмы вельмі шырокі, мы разгледзім некаторыя асобныя аспекты і падзеі з жыцця нашага Пана.

Увесь літургічны год з’яўляецца няспынным разважаннем над падзеямі з жыцця Езуса Хрыста. Гэтыя падзеі таксама ўвасабляюцца падчас святой Літургіі і цэлебрацыі святых сакрамэнтаў. З году ў год, калі мы трываем у малітве і ў навучанні Касцёла, калі прымаем удзел «у супольнасці, у ламанні хлеба» (Дз 2, 42), або выяўляем любоў да бліжняга і прымаем
удзел у Эўхарыстыі, мы ўсё глыбей зазіраем у бездань асобных таямніцаў Пана Езуса. Паўтор літургічнага цыклу служыць таму, каб з Божаю дапамогаю ўсё больш паглыбляцца ў Божыя таямніцы і адкрываць у іх усё багацейшыя скарбы, схаваныя пад заслонаю сімвалаў і знакаў.

Варта таксама звярнуць увагу на ружанцовую малітву, падчас якой мы разважаем над падзеямі з жыцця нашага Збаўцы, а таксама на багацце сэнсу літургічных спеваў.

1. Незвычайны пачатак нашага збаўлення, прадказаны прарокам Ісаяй, гэта падзея Звеставання.

Урывак з Евангелля паводле св. Лукі (Лк 1, 26–38),
у якім апісваецца з’яўленне анёла Габрыэля Марыі, добра ведае кожны вернік, як і пачатак Евангелля паводле св. Яна, які адкрывае нам праўду аб таямніцы Уцелаўлёнага Слова. Што за незвычайнае здарэнне! Адзіны выпадак, калі чалавек быў зачаты з моцы Духа Святога ва ўлонні Дзявіцы! У гэтым незвычайным зачацці другая Асоба Святой Тройцы, Яе Боская натура, таямнічым чынам злучылася з эмбрыёнам, зачаткам чалавечага цела Езуса і новастворанай Богам чалавечай душою Езуса. Тэалогія называе гэты цуд гіпастатычнай еднасцю, гэта значыць — злучэннем дзвюх натураў, Боскай і чалавечай, у адной асобе Езуса Хрыста. Боская натура заключаная ў Слове, якое было ў Бога і ёсць Богам ад самага пачатку, калі свет яшчэ не ўзнік. Гэтае «Слова», як мы паўтараем у малітве следам за св. Янам Евангелістам, «сталася целам і пасялілася між намі». Святы Пётр з Алькантары, выбітны францішканін, які жыў у XVI ст., разважаючы пра ўцелаўленне Слова Божага, напаўняўся экстазам, захапленнем і, здаралася, левітаваў. Айцы Касцёла сцвярждаюць, што гэтая падзея — большы цуд, чым стварэнне неба і зямлі Панам Богам.

Кожную нядзелю пасля казання падчас святой Імшы мы ўмацоўваем сваю веру, вызнаючы яе і кажучы пра яе ў супольнасці Касцёла: «Веру <…> ў адзінага Пана Езуса Хрыста, Сына Божага Адзінароднага, з Айца народжанага перад усімі вякамі; Бога ад Бога, Святло ад Святла, Бога сапраўднага ад Бога сапраўднага, народжанага, не створанага, адзінасутнага Айцу, праз якога ўсё сталася. Ён дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення зышоў з неба. І ўцелавіўся ад Духа Святога з Дзевы Марыі, і стаўся чалавекам» (Нікейска-Канстанцінопальскае вызнанне веры).

Надзвычай прыгожа напісаў пра гэтую падзею папа Павел VI у сваім вызнанні веры: «Верым у Пана нашага, Езуса Хрыста, Сына Божага. Ён — спрадвечнае Слова, народжанае ад Айца перад усімі вякамі, адзінасутны Айцу, па-грэцку: homousios to Patri, праз якога ўсё сталася. Ён уцелавіўся ад Духа Святога з Дзевы Марыі і стаўся чалавекам, Ён роўны Айцу ў Боскай натуры і меншы за Яго ў нату-ры чалавечай, у цалкавітым адзінстве, без змяшання натураў (што немагчыма), Ён з’яўляецца адной асобай» (Вызнанне веры народу Божага, 30 чэрвеня 1968 г., плошча
св. Пятра ў Рыме).

Таксама і ў гімне, якому больш за 1600 гадоў, «Te Deum laudamus» — «Цябе, Бога, праслаўляем», мы спяваем: «Каб жа выбавіць свет цэлы праз свае святыя раны, Сын Айца спрадвечны, цела Ты прыняў ва ўлонні Панны» (гімн прыпісваецца аўтарству св. Амброзія).

Існуе манаская традыцыя тройчы на працягу дня маліцца «Анёл Панскі». Пра гэта ўзгадвае папа Бэнэдыкт  XVI у адгартацыі Verbum Domini (VD 88). Калі мы хоць раз на дзень чытаем малітву «Анёл Панскі», гэта добра дапамагае нам паспяхова выконваць волю Божую, на ўзор Марыі, і нанова адкрываць для сябе веліч падзеі, якую мы ўрачыста святкуем у Касцёла 25 сакавіка. Літургія Адвэнту і літургічныя спевы таксама паказваюць нам праўду аб уцелаўленні.

2. Укрытае жыццё Езуса і Яго публічная дзейнасць.

У літургічным годзе гэтыя гады жыцця Езуса нам паказвае перыяд Божага Нараджэння і Звычайны перыяд. Молячыся на ружанцы, мы разважаем пра гэтыя падзеі ў Радасных таямніцах і таямніцах Святла.

Евангелле прысвячае шмат месца публічнай дзейнасці Хрыста. Калі мы чытаем гэтыя ўрыўкі з Бібліі, трэба памятаць, што Езус — сапраўдны чалавек і адначасова сапраўдны Бог. Пра чалавечую натуру Езуса піша Ёзаф Ратцынгер у сваёй кнізе «Уводзіны ў хрысціянства»: «Езус як чалавек-прыклад пераступае межы чалавечай натуры і сапраўды з’яўляецца прыкладам чалавека. Бо чалавек тым больш становіцца сабою, чым больш існуе дзеля іншых. А таму ён цалкам з’яўляецца сабою, калі перастае разлічваць на сябе, замыкацца ў сабе і бараніцца, калі цалкам адкрываецца Богу. Той найбольш з’яўляецца чалавекам, адзіным сапраўдным чалавекам, хто найбольш не абмежаваны, хто з тым, што Бясконцае, з самою Бясконцасцю, не толькі ўваходзіць у зносіны, але цалкам злучаецца: Езус Хрыстус».

Папа Павел VI у сваім вызнанні веры вельмі прыгожа апісвае нашага Пана падчас Яго публічнага жыцця: «Ён пасяліўся між намі, поўны ласкі і праўды. Ён абвясціў і ўстанавіў Валадарства Божае, учыніўшы так, што мы пазналі Айца. Ён даў нам запаведзь любіць адзін аднаго так, як Ён палюбіў нас. Ён навучыў нас шляху евангельскіх благаслаўленняў, паводле якіх мы павінны быць ціхія і ўбогія духам, павінны цярпліва трываць смутак, прагнуць справядлівасці, быць міласэрнымі, мець чыстыя сэрцы, несці супакой, цярпець пераслед за справядлівасць».

Боства Пана Езуса выяўляецца ва ўладзе над марскімі хвалямі, ветрам, у перамяненні вады ў віно, у памнажэнні хлеба і рыбы. Праявы Яго Боства мы бачым у адпушчэнні грахоў, уваскрашэнні памерлых, выгнанні злых духаў. Ён — Боскі лекар, які вяртае зрок, слых, маўленне. Праз Яго Боскае ўмяшальніцтва атрымліваюць аздараўленне паралізаваныя, пракажоныя і кульгавыя. 

Здзіўляе той факт, что Пан Езус вёў публічны лад жыцця толькі каля трох гадоў, не падарожнічаў па ўсім свеце, а заставаўся ў межах Святой Зямлі. Можна падлічыць, што, калі б наш Пан пражыў 90 гадоў і прайшоў па ўсёй зямлі, Ён мог бы зрабіць значна больш для пашырэння
Валадарства Божага. Але ж адкінем гэтыя «калі б», бо «шляхі Божыя — не нашыя шляхі і Яго думкі — не нашыя думкі».

3. Пакуты, смерць, Уваскрасенне, Унебаўшэсце і Апошні суд.

Чытаючы апошнія раздзелы чатырох Евангелляў і іншыя кнігі Новага Запавету, мы жывім сваю веру тымі падзеямі і праўдамі веры, якія маюць найбольшае значэнне для нашага жыцця цяпер і ў вечнасці.

Літургічны год нагадвае нам і пра пакуты Пана. Гэта адбываецца перш за ўсё ў перыяд Вялікага посту, аднак і кожную пятніцу на працягу ўсяго года мы ўзгадваем пра пакуты і смерць Пана Езуса, устрымліваючыся ад розных забаваў, ад пэўнай ежы. У аскезе мы злучаемся з паміраючым Хрыстом. Шмат малітваў і набажэнстваў, такіх як Балесныя таямніцы Ружанца, Крыжовы шлях, Вяночак да Божай міласэрнасці, Песні жальбы і літургічныя спевы з перыяду Вялікага посту вядуць нас углыб пакутаў Хрыстовых. Святая Ружа з Лімы казала, што «няма іншых драбінаў, якія вядуць у неба,
акрамя крыжа».

Пра ўваскрасенне Пана нам нагадвае кожная нядзельная святая Імша. «Мы не можам жыць без нядзельнай Эўхарыстыі», — сведчылі афрыканскія пакутнікі першых стагоддзяў хрысціянства. Літургічны год і літургічныя спевы асаблівым чынам нагадваюць нам пра слаўныя таямніцы ў Велікодны перыяд і напрыканцы літургічнага году. Над гэтымі ж таямніцамі мы разважаем і молячыся на ружанцы.

Папа Павел VI у сваім вызнанні веры так піша пра гэтыя балесныя і слаўныя таямніцы жыцця Езуса: «Замучаны пры Понцкім Пілаце, Ён, Баранак Божы, прыняўшы на сябе грахі свету, памёр за нас, быў укрыжаваны і прынёс нам збаўленне праз кроў
адкуплення. Пахаваны, Ён уваскрос сваёю моцаю на трэці дзень, праз сваё Уваскрасенне прывёўшы нас да ўдзелу ў жыцці Божым, якое ёсць жыццём ласкі. Ён узышоў на неба, адкуль ізноў прыйдзе судзіць жывых і памерлых, кожнага паводле ягоных заслугаў; тыя, хто адказаў на любоў і міласць Божую, атрымаюць жыццё вечнае, а тыя, хто ажно да смерці адкідалі іх, будуць асуджаныя на агонь нязгаслы. І Валадарству Ягонаму не будзе канца».

А «Te Deum» жывіць нашую веру паэтычнымі радкамі: «Зруйнаваў Ты брамы смерці, на крыжы ёй вырваў джала, каб для ўсіх, хто ў Цябе верыць, радасць вечная заззяла. Праваруч Айца, у славе трон Твой, Збаўца наш адзіны, прыйдзеш зноў адтуль
у яве, каб судзіць людскія чыны».

Адзін з амерыканскіх біскупаў заахвочваў вернікаў сваёй дыяцэзіі, каб у Год веры, які мы цяпер перажываем, яны штодня ў духу глыбокай малітвы і веры чыталі словы вызнання веры з мэтаю ўмацаваць у сабе сапраўдную веру і выпрасіць ласку веры для іншых людзей.

Варта ўзгадаць словы святога Аўгустына, які заахвочваў два разы на дзень чытаць Апостальскі сімвал веры. Калі нехта штодня моліцца Ружанец і Вяночак да Божай міласэрнасці, ён ажыццяўляе парады святога Аўгустына.

Цудоўным дарам папы Бэнэдыкта XVI для Касцёла сталі тры тамы яго кнігі «Езус з Назарэта». Чытанне гэтай кнігі добра паглыбляе разуменне таямніцы жыцця Езуса Хрыста.

У лісце пра ружанцовую малітву «Rosarium Virginis Mariae» папа Ян Павел ІІ заахвочвае далучыць да кожнай таямніцы Ружанца яшчэ адну малітву, звязаную з гэтаю таямніцаю. Гэтая малітва павінна заключаць у сабе просьбу аб плёне для нашага жыцця. Такім чынам, мы становімся перад пытаннем аб уласным перажыванні і прыняцці гэтых праўдаў веры ў сваім штодзённым жыцці, бо вера, якая не змяняе жыцця, не збаўляе.

На заканчэнне няхай ізноў прагучаць словы старажытнага гімна «Te Deum», звернутыя да Езуса Хрыста: «Грэшным Ты не дай загінуць, будзь нам Збаўцам, не Суддзёю, і абмый нас ад правінаў дарагой сваёй крывёю. Са святымі, ў бляску моцы захавай Тваіх абраных, Пане, збаў народ Твой, просім, благаслаў Тваіх падданых. Шляхам нас вядзі бяспечным у нябесны Ерузалем. Цябе, Валадар адвечны, мы штодзёна праслаўляем. He пакінь жа свайго люду, Божа, без Тваёй апекі. Пану веру, дык не буду асаромлены навекі».

Айцец Раман Шульц ОР

Цэтлікі: Год веры

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней