
Пачатак размовы на гэту тэму чытайце ў № 1-2 за 2013 г.
Маці Тэрэза з Калькуты распавяла гісторыю, якая адбылася з ёю: «Калі нашы сёстры былі на Цэйлоне, адзін міністр гэтай краіны выказаў мне такую дзіўную думку: „Ведаеце, маці, я люблю Хрыста, але ненавіджу хрысціянаў“. Я спыталася, як такое можа быць. „Таму што хрысціяне не нясуць нам Хрыста. Яны не пражываюць сваё хрысціянскае жыццё поўнасцю“. Гандзі таксама казаў нешта падобнае: „Калі б хрысціяне жылі сапраўды па-хрысціянску, у Індыі не засталося б ніводнага індуіста“. Ці не праўда гэта?».
Для каго прыйшоў Езус? Мне здаецца, адказ вельмі просты. Для ўсіх. Толькі ёсць людзі, якім падараваная ласка сустрэць і распазнаць Яго, а ёсць людзі, якія яшчэ з Ім не пазнаёміліся. Мне вельмі запомніліся словы з пасланняў Божай Маці ў Меджугор’і: «Любыя дзеці, Я хачу выратаваць усе душы і паказаць іх Богу... Я хачу, каб вы любілі ўсіх людзей Маёй любоўю, як добрых, так і злых. Толькі так любоў можа заваяваць свет». Маці Божая сказала аб прагненні ўратаваць усе душы. Любоў Яе Сэрца да нас настолькі вялікая, што ўмяшчае ў сабе ўсіх, нават тыя душы, якія жорстка раняць Яго.
Але каштоўнасць кожнай душы для Бога настолькі вялікая, што ніякае зло не будзе здольнае перамагчы гэтую Любоў. Доказ гэтаму мы бачым на крыжы, дзе Любоў перамагла і перамагае ўсялякае зло і ўсялякі грэх. Гэта любоў татальная, яна паўсюдная і незнішчальная. З-за чалавечай слабасці нам не па сілах так любіць, але мы маем права прасіць у Езуса аб такой любові.
Мы, католікі, на жаль, не да канца ўсведамляем, што мы павінны адчуваць сябе самымі шчаслівымі людзьмі ў свеце, бо Касцёл, да якога належым, з’яўляецца месцам рэальнай і поўнай прысутнасці Бога ў святых сакрамэнтах. Касцёл дае нам найлепшага памочніка ў спазнанні і ўцелаўленні Бога ў нашых душах — у асобе Найсвяцейшай Панны Марыі, праз прызнанне Яе Беззаганнага Зачацця. І калі мы прымаем Бога праз святыя сакрамэнты, то прымаем Езуса ў сваё сэрца не дзеля таго, каб там жа Яго і знішчыць, а дзеля таго, каб даць Яму жыць у нас. І вядома, якім будзе Яго жыццё, калі Ён паселіцца ў нашых душах. Ён будзе прагнуць жыць для іншых, бо гэта — Езус. Хто, як не мы, вернікі католікі, павінны быць Яго нагамі, Яго рукамі, Яго вуснамі, Яго любоўю. А часам здаецца, што мы з’яўляемся бетоннай сцяной паміж Ім і тымі, хто Яго яшчэ не ведае.
Гэта зразумела, бо чалавек праз сваю сапсаванасць першародным грахом мае ў сабе зачаткі эгаізму. Гэта вельмі добра праяўляецца ў нашых адносінах з Богам. Пераважная колькасць нашых просьбаў да Бога датычыцца нас саміх ці нашых родных і блізкіх. Гэта натуральна, і ў гэтым няма нічога дрэннага. Але жыццё такое, што гэтымі блізкімі ці бліжнімі часта з’яўляюцца не толькі дарагія нам людзі, але і зусім незнаёмыя, якіх Бог нам пасылае няспынна. Аднак наша любоў да нас саміх настолькі вялікая, што звычайна асляпляе нас і мы проста не распазнаём у выпадковых людзях Хрыста. Прыпавесць пра міласэрнага самараніна цудоўна гэта ілюструе. Выпадковыя мінакі не заўважылі на дарозе душу, якой патрэбна была любоў. Толькі адзін злітаваўся і праявіў да гэтай душы міласэрнасць. Напрыканцы Езус сказаў кніжніку, якому распавёў гэтую прыпавесць: «Ідзі і ты рабі таксама» (Лк 10, 37).
У маім жыцці было шмат праблемаў і цяжкасцяў, і яны не мелі вырашэння да той пары, пакуль Бог не падарыў мне ласку паставіць на месцы ўсіх гэтых праблемаў любоў. Я сапраўды пераканаўся ў тым, што любоў «усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць» (1 Кар 13, 7).
Бог падарыў мне двух сыноў, і апошнім часам я вельмі цешуся, што адчуваю іх шчырую і моцную любоў да сябе. Але гэтага магло б і не быць. Цяжкасці... Развод... Шмат крыўдаў, нянавісці, злосці, пакуль я ў пэўны момант не зразумеў адну рэч: у аносінах да сваёй жонкі і дзяцей Бог даў мне толькі адно права — любіць. Любіць у адказ на ўсе папрокі, крыўды і прэтэнзіі. І аднойчы (адбылося гэта ў свята Божай Міласэрнасці ў тры гадзіны дня) мне патэлефанаваў мой старэйшы сын і сказаў: «Тата, мне патрэбна твая дапамога». Гэта было трыумфам Божай міласэрнасці ў маім жыцці. Даволі ціхім і амаль незаўважным. (Зазвычай Езус якраз і прыходзіць ціха.) З гэтага моманту любоў пачала знішчаць на сваім шляху ўсялякае зло, пасеянае злым духам. Але я таксама ведаю, што Езус хоча, каб я любіў гэтак не толькі сваіх родных, а і ўсіх, каго сустрэну ў сваім жыцці.
Я веру ў непераможную моц любові. Злы дух здольны знішчыць усё, але ён ніколі не знішчыць любові. Можна няспынна чытаць трынаццаты раздзел Першага паслання апостала Паўла да Карынцянаў — там цудоўна пра гэта сказана. Такім чынам, галоўнае права, якое нам дадзена Богам, — любіць. І гэты прывілей не дае нам права асуджаць.
...Неяк на вочы трапіла прыпавесць, якая глыбока кранула маё сэрца. У купэ цягніка, які праз некалькі хвілін павінен быў адправіцца, размясціліся тата з 15-гадовым сынам і жанчыла сталага ўзросту. Цягнік крануўся з месца, хлопчык зірнуў у акно і з захапленнем ускрыкнуў: «Глядзіце, як цікава! Дрэвы як быццам рухаюцца назад!». Жанчына з незадаволеным выглядам паціснула плячыма, а хлопчык працягваў: «Хмары на небе рухаюцца разам з намі, а самалёт ляціць так павольна!». Не падзяляючы незразумелай радасці, жанчына паглядзела на тату дзіўнага хлапчука. Той маўчаў і пяшчотна глядзеў на сына. «Паслухайце, — жанчына схілілася да самага вуха мужчыны і прашаптала, — я бачу, што хлопчык нездаровы. Чаму б вам не адвезці яго ў шпіталь? Сучасная медыцына чыніць цуды». «Мы толькі што адтуль, — таксама шэптам адказаў тата. — Мой сын пасля аперацыі і ўпершыню стаў бачыць». Так і ў жыцці: нельга судзіць пра чалавека з першага погляду.
Неяк па дарозе з Мінска ў Будслаў ксёндз падчас сваёй прыміцыйнай Імшы для пілігрымаў распавёў такую прыпавесць. У касцёл зайшоў чалавек. Ён не ўкленчыў і не перахрысціўся. Адзін мужчына і жанчына папракнулі яго ў гэтым, а затым мужчына ўвогуле параіў яму выйсці з касцёла. Чалавек выйшаў. Ды раптам каля касцёла сустрэў Езуса і сказаў яму: «Пане Езу, мяне выгналі з касцёла». А Езус адказаў: «Што Я магу табе сказаць? Мяне таксама выгналі».
Я перакананы, што Езус усё роўна адшукае свае душы. І калі гэта спатрэбіцца, то і без нас. Але... Але тады за ўсё нам трэба будзе адказваць. Мы ж хрысціяне... Перакананы, што, калі на дрэвах нашай веры не вырастуць плады любові, наша вера будзе марная і такія дрэвы трэба будзе ссякаць, як у той гісторыі з бясплоднаю смакоўніцаю.
Сатана добра ўсведамляе, што Касцёл трэба зрабіць такім, каб яму ніхто не верыў, яго трэба дыскрэдытаваць у вачах няверуючых, вынішчыць у ім галоўнае, пра што гавораць хрысціяне, — дух любові. І тады ім (хрысціянам) ужо ніхто не будзе верыць. Тады і сатана зможа пранікнуць у Касцёл і пачаць там сваё панаванне.
Вось чаму ў гэтай барацьбе трэба няспынна дасканаліцца ў любові. І варта заручыцца ў гэтым падтрымкай Найсвяцейшай Панны Марыі — Маці ўцелаўлёнай Любові, Той, якая падарыла нам Хрыста, якая перажыла сваё хрысціянскае жыццё поўнасцю.
Святая Тэрэзка ад Дзіцяткі Езуса вельмі любіла словы святога Яна ад Крыжа: «Найменшая праява любові больш карысная Касцёлу, чым усе іншыя справы разам узятыя». Яна казала: «Я зразумела, што без любові ўсе справы — нішто, нават такія цудоўныя, як уваскрашэнне памерлых ці навяртанне народаў».
Дык для каго ж прыйшоў Езус?
«Адзін кніжнік, які прыслухоўваўся да іх, як яны размаўлялі паміж сабою, падышоў і спытаўся ў [Езуса]: „Якая запаведзь першая з усіх?“. Езус адказаў: „Першая такая: „Слухай, Ізраэль. Пан Бог наш — Пан адзіны; любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй“. Другая: „Любі бліжняга твайго, як самога сябе“. Няма іншай запаведзі, большай за гэтыя». І сказаў Яму кніжнік: «Добра, Настаўнік, Ты праўду сказаў, што ёсць адзін і няма іншага, апроч Яго. Любіць Яго ўсім сэрцам і ўсім розумам, і ўсёю моцаю; і любіць бліжняга, як самога сябе, — гэта больш за ўсе ахвяры і ўсеспаленні“. Езус, убачыўшы, што той разумна адказвае, сказаў яму: „Недалёка ты ад Валадарства Божага“. І ніхто ўжо больш не адважваўся пытацца ў Яго» (Мк 12, 28–34).
Уладзімір Вайцяховіч