Быць сведкамі любові Хрыста

З 1999 года, з дня заснавання ў Шуміліне каталіцкай парафіі (пазней — санктуарый) Маці Божай Фацімскай, дзейнічае тут кляштар Кангрэгацыі сёстраў міласэрнасці св. Вінцэнта дэ Поля. Галоўная мэта кангрэгацыі — служэнне бедным праз аказанне ім неабходнай дапамогі падчас наведання па месцы жыхарства. Пра тое, як увасабляецца яна ў жыццё на Шуміліншчыне, пра формы працы з людзьмі, што маюць хра­нічныя праблемы са здароўем і адпаведна — з самаабслугоў­ваннем і сацыялізацыяй у грамадстве, наша размова з сястрой Юліяй Новікавай.

— Сястра Юлія, дзе нара­дзіўся, там і згадзіўся — ці не пра Вас гэта? Вы ж з гэтых мясцінаў паходзіце?
— З гэтых. Нарадзілася ў Обалі, у сям’і, дзе вера перадавалася з пакалення ў пакаленне. У дзяцінстве мяне вазілі ў капліцу ў Мікалаеве, куды на той час прыязджаў ладзіць св. Імшы ксёндз Мечыслаў Янчышын. Адразу пасля сканчэння школы падалася да сёстраў. 2 гады з’яўлялася кандыдаткай, папаўняючы неабходныя веды ў катэхетычным каледжы ў Гродне. Тэрміны пастуляту і навіцыяту адбывала ў Варшаве, пасля чаго, папрацаваўшы яшчэ каля двух гадоў у Харкаве, вярнулася сюды, на радзіму.

— Гэта зручна — працаваць на радзіме? Ці, можа, ёсць пэўныя нюансы, якія ўскладняюць жыццё?
— Спачатку было крыху боязна: навокал усе знаёмыя, сваякі, школьныя сябры, і раптам ты, каго яны ведаюць з маленства, — духоўная асоба. Як сцвердзіцца ў такой ролі? Але час мінуў, і боязі як не было. Штодзень з радасцю думаю: як добра, што я мена­віта тут, на радзіме. Вось праз год мяркуецца складанне шлюбу, і я ўпэўнена, што знаходжуся на сваім месцы, на тым, дзе найбольш магу быць карыснай людзям і Богу.

— Раскажыце пра вашу працу ў плане рэалізацыі галоўнай мэты кангрэгацыі. Што гэта за праца?
— Галоўным чынам — штодзённае наведванне па месцы жыхарства людзей бед­ных і з абмежаванымі фі­зічнымі магчымасцямі. Наш раён, які вельмі моцна пацярпеў у гады апошняй вайны, можна аднесці да ліку тых, дзе такіх людзей нямала. Як у плане фізічным, так і ў плане духоўным тут шмат праблем. Адпаведна — і працы па іх пераадоленні хапае. Мы апякуемся некаторымі адзінокімі і хворымі ад нараджэння  людзьмі, з калецтвамі пасля нейкіх аварый ужо на працягу 10 гадоў. Ёсць, напрыклад, мужчына, які чатыры дзясяткі гадоў прыкаваны да ложка — як яго не наведаеш, калі чалавек з дня ў дзень чакае твайго прыходу.
 
— Гэта ўсё вернікі з парафіі?
— Не. І праваслаўныя сярод іх ёсць, і атэісты — усялякія. Мы не выбіраем паводле канфесійнай прыналежнасці, а проста дапамагаем. Вядома ж, праводзім і працу па навяртанні, але гэта — як атрымаецца. Атрымліваецца — радуемся. Вось трое дзяцей з сем’яў, далёкіх ад веры, ходзяць на катэхезу — хіба не радасць? 

— Вас трое ў кляштары. Абавязкі між сабою неяк размяркоўваеце?
— Размяркоўваем. У кожнай сястры свая дзялянка для працы, але пры гэтым мы ўсё плануем і робім супольна, падпарадкоўваючы свае дзеянні агульнай мэце. У нас дружны, вельмі добры калектыў аднадумцаў. Напрыклад, сястра Юзэфа — наша цудоўная сакрыстыянка. Сястра Бернадэта, настаяцельніца кляштара, — адмысловы арганізатар працы з людзьмі па месцы жыхарства.

— Нярэдка людзі, якімі не­хта апякуецца, пачынаюць успрымаць апеку як выключны абавязак апекуноў. Вы з гэтым сутыкаецеся?
— Так яўна — не. А вось прыклад іншага стаўлення хворага чалавека да апякунства маем. Сястра Бернадэта працуе з адзінокай жанчынай з цяжкой формай хваробы sclerosis multiplex. Дык тая не толькі не патрабуе выключнай увагі, а наадварот, кожны раз падкрэслівае, што галоўнае для яе — атрымаць дапамогу ў набыцці навыкаў самаабслугоўвання. Чалавек хоча максімальна быць самастойным. І з такім чалавекам працаваць — задавальненне. І нават на нейкія вынаходніцтвы натхняе. Вось сястра Бернадэта прыдумала для нашай Зіны ў дадатак да крамнай каляскі зручную нізенькую самаробную каляску, каб жанчына магла даваць сабе рады, калі побач нікога няма.            

{gallery}222-2{/gallery}

— У вёскі часта наведваецеся?
— Так. І айцы аблаты Ан­джэй Юхневіч, Марэк Пісарэк, Шыман Форайтэр, якія нас вельмі падтрымліваюць, ездзяць, і мы, сёстры. Мішневічы, Мішкавічы, Вялікія Ляжні, Обаль — усё гэта нашы адрасы.

— Якім формам працы аддаяце перавагу?
— Залежыць ад кантынгенту. У Мішкавічах, напрыклад, да Першай Камуніі дзяцей рыхтуем, катэхезай займаемся. У дзіцячым прытулку ў Обалі, дзе знахо­дзяцца дзеці, адабраныя ад бацькоў, апроч катэхезы — арганізацыяй баўлення вольнага часу. У Мішневічах, у прытулку для састарэлых — іншыя нейкія формы прыдумваем. Бывае, людзі, як, напрыклад, даяр Дзіма з Вялікіх Ляжнёў, самі да нас прыходзяць — проста пагаварыць, падзя­ліцца нейкімі ўражаннямі, атрымаць параду. Вядома ж, без падарункаў з нашага боку не абыходзіцца — і так проста, як выпадае, ці да нейкага свята. Што, зрэшты, таксама важна, але – не самае галоўнае. Як казаў св. Вінцэнты, даць чалавеку хлеба, супу не так ужо цяжка. Куды цяжэй стаць сведкам любові Хрыста. «Любоў Езуса Хрыста Укрыжаванага заахвочвае нас» — такі дэвіз нашай супольнасці, які мы заўсёды стараемся памятаць. 

Размаўляў Франц Сіўко.
Фота з архіва сясцёр.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней