67. «Possumus! — Можам!» (Мц 20, 22). Мы можам перамагчы ў гэтай бойцы з Божаю дапамогаю. Спадзяюся, я пераканаў вас, што ператварыць працу ў малітоўны дыялог — гэта няцяжка. Дастаткова толькі прынесці яе ў дар Богу і ўзяцца за справу, а Бог ужо слухае, ужо дае моц. У штодзённай працы мы наследуем сузіральныя душы, бо нас напаўняе ўпэўненасць, што Пан назірае за намі і між іншым просіць ізноў перамагаць сябе: трошкі ахвяравацца, усміхнуцца чалавеку, які з’явіўся несвоечасова, спачатку зрабіць непрыемную, але тэрміновую працу, паклапаціцца пра парадак у дробязях, упарта выконваць свае абавязкі, хоць вельмі лёгка было б іх закінуць, не пакідаць на заўтра працу, якую трэба завяршыць сёння. І ўсё дзеля таго, каб Яму, нашаму Богу і Айцу, было прыемна! Магчыма, на свой стол або ў іншае месца, якое не прыцягвае залішняй увагі, але абуджае ў табе дух сузірання, ты пакладзеш крыж, які ўжо з’яўляецца падручнікам для душы і розуму, па якім ты вучышся служэнню.
Калі ты вырашыш без дзівацтваў, не пакідаючы свет, у асяродку сваіх штодзённых справаў ступіць на шлях сузірання, ты адразу адчуеш сябе сябрам Настаўніка, якому Ён даручыў паказаць усяму чалавецтву Божыя шляхі на зямлі. Так, з дапамогаю гэтай сваёй працы ты пашырыш валадарства Хрыста на ўсіх кантынентах. І вось адна за адной пацякуць гадзіны працы, якую прынясуць у дар Богу далёкія народы, што толькі нараджаюцца для веры, людзі з Усходу, якім бязлітасна забаранілі свабодна вызнаваць сваю веру, краіны са старажытнымі хрысціянскімі традыцыямі, дзе святло Евангелля, здаецца, ужо згасла і душы супрацьстаяць цемры няведання... Такім чынам, якую каштоўнасць набывае гадзіна працы, калі ты працягваеш рабіць яе гэтак жа рупліва, ізноў, яшчэ некалькі хвілінаў, да самага завяршэння! Простым практычным чынам ты ператвараеш сузіранне ў апостальства, неадкладную патрэбу сэрца, якое б’ецца ва ўнісон з салодкім і міласэрным Сэрцам Езуса, нашага Пана.
68. Вы спытаеце: і як я здолею заўжды дзейнічаць у тым духу, што дазволіць мне дасканала выконваць свае прафесійныя абавязкі? Адказ на пытанне даю не я, а святы Павел: «Чувайце, трывайце ў веры, будзьце мужныя, цвёрдыя, усё ў вас няхай будзе з любоўю» (пар. 1 Кар 16, 13–14). Рабіце ўсё без прымусу і з любоўю, не давайце ходу страху і руціне, служыце Богу, нашаму Айцу.
Мне вельмі даспадобы паўтараць наступны верш, бо я перажыў і адчуў тое самае. Ён невысокай мастацкай вартасці, але вельмі трапны:
Маё жыццё ўсё — любоў,
і я дасведчаны ў любові,
бо навучыў мяне ёй боль.
А лепш любіць ніхто
не здольны,
чым той, хто зведаў
мноства болю.
Я настойліва раю: выконвай свае працоўныя абавязкі дзеля любові, даводзь усё да ладу дзеля любові, і ты ўбачыш цуды, здзейсненыя з дапамогаю тваёй працы менавіта таму, што любіш, нягледзечы на горыч непаразуменняў, несправядлівасць, няўдзячнасць і нават, па чалавечых мерках, паразу. Ты атрымаеш найсмачнейшы плод, плён вечнасці!
Пераклад з іспанскай мовы
Юліі Шэдзько.
Паводле: Jose Maria Escriva de Balaguer, «Amigos de Dios», 1977.