Агляд пошты
Пахвалёны Езус Хрыстус!
Вітаем вас, паважаныя чытачы. Даўно мы не сустракаліся з вамі ў «Аглядзе пошты», але гэта зусім не азначае, што вашы лісты на адрас рэдакцыі не прыходзілі або мы абышлі іх сваёй увагай. Проста ўсе допісы, якія траплялі ў нашу паштовую скрынку, прыходзілі на конкурс «Будслаў — прызнанне ў любові» і разглядаліся іншым чынам.
Але — конкурс завершаны, вынікі падведзены і абвешчаны, пераможцы ўзнагароджаны. Прамінула ўрачыстасць у Будславе, і нават кніжка выдадзена пад назовам «Будслаў — прызнанне ў любові». Аднак лісты, што прыходзяць у рэдакцыю, усё пра тое ж: пра вялікую любоў да Маці Божай Будслаўскай. Ёсць у гэтай пошце і верш —
Ішлі сюды паломнікі
заўжды.
Ішлі, каб нізкі Ёй паклон
аддаць.
……………………
Душу напоўніць радасцю,
натхненнем,
Любоўю да людзей, дабра
імгненнем,
Малітваю да Бога,
сонечным святлом.
Гэта напісала Марыся Разумка з Мінска.
Ёсць і аповед пра свой шлях у Будслаў, сваю першую пілігрымку, пра тое, якой убачыла урачыстасць Данута Голубева з вёскі Бабінавічы, што на Лёзненшчыне. Данута прыгадала і малітву, якой малілася ў Будславе: «О велічная і ласкавая Маці Божая Будслаўская, наша Валадарка! Дай нам, нашаму ксяндзу, усёй нашай парафіі, здароўе, шчасце, каб яно ніколі не згасла, адвярні ад нас усе беды і дапамажы нам, Божа, дабудаваць касцёл».
Часлава Тамашэўская з Наваполацка звярнула ў Будславе сваю ўвагу на нечаканыя рэчы: «Людзі ў сваім калецтве, знямоглыя, старэнькія станавіліся на калені, не зважаючы на мокрую падлогу, і з ружанцам у руках прынялі ад Маці Божай Будслаўскай гэты кароценькі шлях пакаяння. Другія — маладыя, здаровыя, не збіраліся прайсці гэты шлях пакаяння на каленях. Яны заходзілі наперад знямоглым, перашкаджалі, спяшаліся да алтара, напэўна, без роздуму і малітвы, каб хутчэй пакласці грошы і выйсці з касцёла. Відаць, не ўсе былі гатовы да сустрэчы з Маці Будслаўскай. Людзі выходзілі на вуліцу з касцёла, размаўлялі пра дамашні быт, быццам на кірмашы. І, напэўна, ніхто не прызнаўся на споведзі, што ён пакінуў у касцёле бліжняга, які ішоў на каленях да алтара, не дапамог старэнькаму чалавеку падняцца з падлогі, а толькі думаў, каб хутчэй трапіць у гандлёвыя лаўкі…»
Гэты ліст мы абмяркоўваць не будзем, бо ніхто, апроч Пана Бога, не ведае, пра што думалі, за чым ішлі людзі і ў чым яны спавядаліся. І, магчыма, той, хто прайшоў шлях да цудоўнага абраза на каленях, зрабіў гэта ўпершыню ў жыцці, а той, хто пакуль па нейкіх прычынах гэтага не зрабіў, стане на калені ў наступным годзе… або праз пяць ці дзесяць гадоў. Бо пілігрымы будуць ісці і ехаць у Будслаў штогод, і што яны нясуць у сваіх сэрцах, ведае толькі Пан Бог. Ён хай і судзіць, а мы ўстрымаемся.
На гэтым мы развітваемся з вамі. Да новых сустрэч. Заставайцеся з Богам.
Вера Галубовіч
Цэтлікі: Агляд пошты