Арханёл Міхал лічыцца найвялікшым з анёлаў. Яго імя азначае: «Хто як Бог?». Часта яго малююць з вагамі, на якіх ён усё ўзважвае. Таксама ён лічыцца абаронцам людзей. Ён змагаецца супраць дракона цемры. У Германіі яго разглядаюць як нябеснага заступніка краіны. Успамін арханёла Міхала, які адзначаецца 29 верасня, шануецца таксама і пратэстантамі. Менавіта да гэтага дня Ёган Себасцьян Бах стварыў кантату «І ўзнялася бітва». Бах апісвае нябесную барацьбу арханёла Міхала з сіламі цемры. Пасля перамогі арханёла Міхала чалавек ведае, што ён абаронены ад д’ябальскіх сілаў. Бах перадаў гэта выдатнай тэнаровай арыяй: «Застанься, анёле, застанься са мною».
Лічыцца таксама, што арханёл Міхал суправаджае душу да Божай славы. А ў Сярэднявеччы на яго глядзелі і як на Анёла Ахоўніка ад чумы, які стрымаў небяспечную эпідэмію. Арханёл Міхал — знаўца ўтоеных гаючых сілаў зямлі і вады. Але, па-першае, ён — ахоўнік, Анёл Ахоўнік, якога Бог ставіць каля нас. Праз яго нас акружае ахоўная і гаючая Божая сіла. Аднак з іншага боку, арханёл Міхал з’яўляецца анёлам, які кідае нам выклік. Ён ставіць перад намі пытанне: «Хто як Бог?». Гэтае пытанне мы павінны ставіць перад сабою. Асноўная спакуса чалавека тая, што ён жадаў бы быць як Бог. Ён жадаў бы не залежаць ад Бога, жадаў бы быць самадастатковым, жадаў бы мець магчымасць самастойна кіраваць сваім жыццём. Чым большае ў чалавека жаданне быць як Бог, тым больш ён губляе сваю чалавечнасць. Замест Бога ён моліцца да сябе, робіць з самога сябе ідала і лічыць правільнымі толькі ўласныя стандарты, што з’яўляецца прычынаю шматлікіх пакутаў у свеце. Многія лічаць, што гэтая небяспека пагражае вышэйшым з людзей, якія маюць уладу і кіруюць гэтым светам. Але мы ўсе знаходзімся ў небяспецы, калі хочам быць як Бог. У аднаго — гэта спакуса быць дасканалым. Ён жадаў бы не мець памылак і пры гэтым лічыць, што такою з’яўляецца Божая воля. У сапраўднасці да гэтага яго падштурхоўвае ганарлівасць. Для іншых — гэта звычка ўсталёўваць цалкам свае ўласныя стандарты, кожнага ставіць пад сумніў. Ён жадаў бы рабіць і спыняцца па ўласным жаданні, дазваляць сабе супярэчыць ва ўсім. Згодна з тэорыяй К. Г. Юнга, спакуса жадання быць як Бог выяўляецца ў ідэнтыфікацыі з адным з архетыповых вобразаў. Напрыклад, я магу ідэнтыфікаваць сябе з архетыпам прарока. Тады ў мяне складваецца ўражанне, што я адзіны, хто адважваецца гаварыць праўду. Але гэта робіць мяне сляпым да ўласных патрэбаў. Альбо я ідэнтыфікую сябе з архетыпам збаўцы. Я лічу, што магу вылечыць хворую жанчыну, якая прыходзіць да мяне. Але я ўжо падымаю сябе вышэй за свае ўласныя магчымасці і тады не заўважаю, як з-за такога высокага вобразу не бяру пад увагу сябе, як я растрачваю сваю цалкам жыццёвую патрэбу ў блізкіх і прыхільных узаемаадносінах. Хто жадае быць як Бог, той руйнуе жыццё, губляе жыццё, той грашыць. Усё гэта адлюстроўвае гісторыя пра першародны грэх чалавека (Быц 3).
Адна небяспека заключаецца ў тым, што мы самі хочам быць як Бог. Іншая небяспека звязаная з тым, што мы замест Бога молімся ідалам. Такімі ідаламі ў наш час з’яўляюцца, перш за ўсё, улада, грошы, сексуальнасць. Гэтыя тры сферы здольныя цалкам запанаваць і ўсебакова кантраляваць думкі і памкненні чалавека. Арханёл Міхал кідае ў твар словы, якія не даюць супакою: «Хто як Бог?». Толькі калі мы будзем маліцца Богу, зможам быць сапраўднымі людзьмі, здолеем жыць адзін з адным чалавечна.
Мы не застрахаваныя ад небяспекі быць апанаванымі чымсьці, што не мае сэнсу. Ізноў і ізноў задавай сабе гэтае пытанне: «Хто як Бог?». Тады ты зразумееш, дзе ў тваім жыцці схаваная небяспека панавання цалкам чалавечага, небяспека атаясамлівання самога сябе з Божым хараством, з Божай уладай, небяспека жадання быць як Бог. Сэнс у тым, каб успрыняць сябе ў сваім абмежаваным чалавечым існаванні. Толькі калі ты ўсведамляеш свае чалавечыя межы, ты зможаш прыняць у сябе Бога і быць адкрытым для тваёй рэчаіснасці. Калі ты атаясамліваеш сябе з Богам альбо з Божымі якасцямі і ідэнтыфікуеш сябе з архетыповымі вобразамі, тады ты становішся д’яблам (у перакладзе з грэцкай — той, хто блытае), тады ты ўсё блытаеш і збіваеш з толку самога сябе і людзей навокал.
Пераклад з нямецкай мовы Алены Шымак.
Паводле: Anselm Grьn. Fьnfzig Helfer in der Not. Die Heiligen fьrs Leben entdecken. — Freiburg, 2002.