Аздараўленне італьянкі Данілы Кастэлі, якое адбылося пасля яе пілігрымкі ў санктуарый у Люрдзе ў 1989 г., афіцыйна прызнанае чарговым цудам, здзейсненым у гэтым месцы. Навіну паведаміў кіраўнік Бюро медыцынскіх даследаванняў у Люрдзе Алесандра Дэ Франсіскіс, інфармуючы, што адпаведны дэкрэт быў абвешчаны ардынарыем італьянскай дыяцэзіі Павія біскупам Джаванні Джудзічы. Гэта ўжо 69-е афіцыйна прызнанае цудоўнае аздараўленне, якое адбылося ў гэтым санктуарыі.
Даніла Кастэлі нарадзілася ў 1946 годзе. Калі ёй было 34 гады, у яе пачаліся праблемы са здароўем. З часам у яе выявілі пухліну. Падчас лячэння выдалілі родавыя органы і часткова падстраўнікавую залозу, аднак пазней з’явіліся метастазы ў іншыя органы. Калі ў 1989 г. стан яе здароўя значна пагоршыўся, яе муж, які быў урачом, запланаваў аперацыю ў клініцы Мейо ў Амерыцы. Аднак хворая папрасілася з’ездзіць у Люрд. Адразу пасля выхаду з басейна пры санктуарыі яна адчула сябе вельмі добра. У хуткім часе яна паведаміла пра сваё аздараўленне ў Бюро медыцынскіх даследаванняў у Люрдзе. Адначасова яна спыніла ўсялякую далейшую тэрапію.
Пасля пяціразова праведзеных даследаванняў у 1989, 1992, 1994, 1997 і 2010 г. члены бюро адзінадушна прызналі аздараўленне Кастэлі невытлумачальным паводле сучасных медыцынскіх ведаў. Яна была цалкам вылечаная ад сваёй хваробы, і гэта не мела ніякай сувязі з тэрапіяй і аперацыямі, якія праводзіліся раней.
З моманту вяртання з Люрда ў 1989 г. Даніла Кастэлі вядзе цалкам нармальнае жыццё. «Гэты дэкрэт — цудоўная нагода зноў знайсці радасць жыцця з Панам. Гэта новае запрашэнне вырушыць у шлях, і прагучала яно, як заўсёды, ў ідэальны момант, бо час Бога — ідэальны», — сказала аздароўленая італьянка.
Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка.
Паводле: КАІ, www.niedziela.pl