З казання кардынала Казіміра Свёнтка на ўрачыстасць Божага Цела ў 2003 годзе
<...> Менавіта сёння, ва ўрачыстасць Божага Цела, Каталіцкі Касцёл указвае на Езуса Хрыста, Сына Божага, утоенага ў Боскай Эўхарыстыі, як Таго, хто адзіны можа выратаваць людзей ад духоўнай і маральнай пагібелі. Гэта ж Ён пасля здзяйснення справы адкуплення чалавецтва сваёю смерцю на крыжы на Галгоце застаўся сярод людзей у выглядзе эўхарыстычнага Хлеба, каб быць пастаянна з намі, каб паказваць людзям мэту жыцця і даваць ім сродкі для дасягнення спакою, згоды, справядлівасці, душэўнай раўнавагі, любові да Бога і да бліжняга.
Гэта Ён запаўняе духоўную пустку сваім Боскім Евангеллем, утаймоўвае схільнасці да дрэннага сваімі сакрамэнтамі, мірыць і яднае людзей сваёю запаведдзю любіць бліжняга, як сябе самога, супакойвае і суцяшае засмучаных у малітве, якой навучыў, умацоўвае слабых і сілкуе сваім Целам у святой Камуніі тых, хто адчувае духоўны голад, і сваім уваскрасеннем дае надзею на жыццё вечнае.
Такім чынам, калі ўсе і ўсё падманвае, Езус Хрыстус гатовы ў любы момант нашага жыцця прыйсці да нас на дапамогу з паратункам, бо Ён — наш Збаўца, Сын Божы, Бог!
О Езу, утоены ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, да Цябе прыходзім, Табе давяраемся, асабліва ў гэтую ўрачыстасць Твайго Божага Цела.
З Табою, Езу, Вязень любові, спадзеючыся на Тваю ласку і на Тваю дапамогу, мы ідзём у нашу далейшую жыццёвую вандроўку, памятаючы Тваё абяцанне, што не пакінеш нас сіротамі! Святы Павел гаворыць: «Хто адлучыць нас ад любові Хрыста? Няшчасце ці прыгнёт, ці пераслед, ці голад, ці галеча, ці небяспека, ці меч? Над усім гэтым мы атрымліваем поўную перамогу праз Таго, Хто палюбіў нас.
І я перакананы, што ні жыццё, ні смерць, ні анёлы, ні ўлады, ні цяперашняе, ні будучыня, ні вышыня, ні глыбіня, ніякае стварэнне — нішто не зможа адлучыць нас ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце Езусе, Пану нашым» (пар. Рым 8, 35, 37–39).