Конкурс юных пчаляроў

Першы рэспубліканскі конкурс юных пчаляроў адбыўся 26-27 красавіка ў Смілавіцкім аграрным каледжы, які з’яўляецца адзінай навучальнай установай, дзе рыхтуюць пчаляроў.

У конкурсе юных пчаляроў Беларусі прынялі ўдзел 13 падлеткаў ва ўзросце ад 12 да 16 гадоў, большасць з якіх дапамагае бацькам (хаця адзін з іх, шаснаццацігадовы, мае ўласную пасеку!). На пачатку конкурсу ўдзельнікам паказалі музей пры каледжы, разваліны замка Манюшкаў-Вайніловічаў, а потым пазнаёмілі са спецыяльнасцямі, і многія хлопцы ўжо мараць вучыцца ў гэтым каледжы. 

Спаборніцтва ўключала наступныя туры: 1) Практычная праца з пчоламі (з сапраўднай пчалінай сям’ёй). 2) Распазнаванне інструментарыя пчаляроў. 3) Акадэмічныя веды ў пчалярскай справе.

Акрамя конкурсных заданняў былі таксама лекцыі, навука вырабу свечак з воску.

Не першы год дзейнічае ў Беларусі адмысловае душпастырства пчаляроў, духоўным апекуном якога з 12 верасня 2012 года з’яўляецца кс. Уладзіслаў Завальнюк (менавіта ён уваходзіў у склад журы).

Журы вызначыла трох пераможцаў, якія прымуць удзел у Міжнародным конкурсе юных пчаляроў, што пройдзе ў Польшчы, дзе будуць удзельнікі з 25-ці краінаў свету. Пераможцамі сталі: Бялоў Віктар, Скараходаў Аляксандр і Беймалі Наталля.

Кс. Уладзіслаў, вітаючы ўдзель­нікаў конкурсу, сказаў: «Не будзе прыроды, не будзе здароўя, калі не будзе пчолаў. Важны аспект пчалярства — духоўнасць. Ні адно набажэнства, ні адзін касцёл нельга ўявіць без васковай свечкі. У Святым Пісанні пчала ўспамінаецца часта, напрыклад, у Кнізе Мудрасці Сіраха сказана, што пчала, хоць і малая, дае плод, найлепшы са слодычаў. Дзякуючы маладосці ўдзельнікаў пчалярства можа развівацца». Кс. Уладзіслаў пажадаў удзельнікам і арганізатарам Божага благаслаўлення, а таксама запрасіў на свята «Дзень пчалы» ў верасні гэтага года ў Будславе.

Людміла Бурлевіч.

Фота аўтара і Андрэя Скараходава.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней