4 чэрвеня споўнілася 30 гадоў з дня святарскага пасвячэння пробашча касцёла святога Юзафа, што ў Валожыне Мінскай вобласці, ксяндза-доктара Генрыка Акалатовіча. З гэтай нагоды мы, парафіяне, гаворым словы ўдзячнасці нашаму юбіляру.
У кожным мястэчку Беларусі ёсць асяродак той духоўнасці, дзе чалавек можа адпачыць сэрцам і наталіць душу спакоем. Такім асяродкам у нашым горадзе з’яўляецца касцёл святога Юзафа. Сюды спяшаюцца вернікі старэйшага пакалення, дзякуючы якім наша вера выжыла; сюды ідуць людзі таго пакалення, якое спазнала атруту ваяўнічага атэізму; можна ўбачыць і моладзь, якая шукае тут тое, чаго нельга знайсці на дыскатэках; наведваюць святыню дзеці, чыстыя сэрцы якіх найбольш адчувальныя да любові, дабрыні і ласкі.
Касцёл наш (як класічнае архітэктурнае збудаванне 1816 г. і як супольнасць вернікаў) за сваю гісторыю перажыў і балючыя падзенні, і жаданыя ўзлёты. Не аднаму пробашчу даводзілася ўздымаць занядбаную святыню і аднаўляць духоўнае жыццё парафіі. З 1986 г. тут працаваў місіянер з Польшчы айцец Томаш Лях, які паклаў нямала сілаў на аднаўленне касцёла і аздараўленне духоўнасці парафіянаў. Пасля складання а. Томашам сваіх паўнамоцтваў у 2006 годзе на яго месца быў накіраваны ксёндз-доктар Генрык Акалатовіч.
Нарадзіўся будучы святар (08.04.1960 г. у в. Новая Мыш, што пад Баранавічамі) у пабожнай каталіцкай сям’і Уладзіслава і Тэрэзы Акалатовічаў. Пасля школы займаўся ў вучылішчы чыгуначнага транспарту, якое закончыў з чырвоным дыпломам. Ён мог і далей (дарэчы, без уступных экзаменаў) вучыцца на інжынера ў Гомельскім інстытуце чыгуначнага транспарту, але, адчуўшы зусім іншае пакліканне, 18- гадовы юнак выбраў духоўную семінарыю ў Рызе. З перапынкам на службу ў арміі закончыў яе ў 1984 годзе. Першым месцам службы маладога святара быў Браслаў, потым — Ракаў (Валожынскі раён), адкуль яго накіравалі ў Нясвіж на дапамогу хвораму пробашчу. Пасля Нясвіжа быў Бабруйск, затым — Валожын...
Сёння кс. Генрык з цеплынёй узгадвае той далёкі час, калі дома штодзённа маліліся ўсёй сям’ёй, калі кожную нядзелю разам удзельнічалі ў святой Імшы. Дарэчы, менавіта бацькі кс. Генрыка дамагаліся ад мясцовай улады дазволу паставіць у Новай Мышы каплічку Маці Божай... Удзячны кс. Генрык і святару, якому з 9-ці гадоў прыслужваў як міністрант...
Ксёндз Генрык будуе святыню і ў нашых душах. Як добры пастыр, вядзе сваю паству Божым шляхам, клапоціцца аб кожнай душы, евангелізуючы і ўдзяляючы сакрамэнты. Асаблівую ўвагу ксёндз Генрык удзяляе моладзі і дзецям для іх духоўнага развіцця. Кожнае лета арганізоўвае для дзяцей аздараўленчыя двухмесячныя адпачынкі ў Італіі, турбуючыся пра іх фізічнае здароўе. Дарэчы, наш ксёндз з’яўляецца пробашчам і забрэзскай парафіі, дзе таксама нямала клопатаў.
Шмат працы мае пробашч і па аднаўленні касцёла. Нядаўна быў праведзены рамонт нашай святыні. Узведзены галоўны і два дадатковыя алтары, а ў хуткім часе з’явіцца яшчэ адзін, чацвёрты — алтар Езуса, Цернем Укаранаванага.
Яшчэ ў 2007 годзе злева ад касцёла, на гарадской плошчы, быў пастаўлены помнік цяпер ужо святому Яну Паўлу ІІ, а справа — фігура Маці Божай...
Наш пробашч ніколі не ўпускае магчымасці павіншаваць і праваслаўных з іх галоўнымі святамі і моліцца за іх — асабліва тады, калі яны прысутнічаюць у касцёле. Па галоўных напрамках у горадзе і на выездзе ксёндз з парафіянамі паставіў крыжы — як каталіцкія, так і праваслаўныя, добра засвоіўшы прыклад і ўрокі бацькоў, ён пастаянна заахвочвае парафіянаў ставіць каля сваіх хатаў каплічкі Маці Божай...
Шаноўны ксёндз Генрык!
Прыміце ад вернікаў парафіі святога Юзафа шчырыя словы віншавання з 30-годдзем Вашага святарскага пасвячэння, а таксама найлепшыя пажаданні з гэтай нагоды: моцнага Вам здароўя, Божай ласкі і апекі Маці Божай і ўсіх святых, а шчырае, сардэчнае цяпло парафіянаў няхай заўсёды сагравае Вас і натхняе на далейшую плённую душпастырскую працу на карысць людзям і Божую хвалу.
Ад імя парафіянаў — Людвіка Таўгень, выкладчыца катэхетычнай школы.