Пахвалёны Езус Хрыстус!
Вітаем вас, паважаныя чытачы.
Шмат пра што мы вялі з вамі размову на нашых старонках у «Аглядзе пошты». Калі ва ўсіх астатніх матэрыялах рэдакцыя распавядае, а вы чытаеце (або не чытаеце), то тут было якраз наадварот. Апавядальнікамі заўсёды з’яўляліся вы, а мы ўважліва выслухоўвалі вас. За гэтыя гады пра што толькі вы ні расказалі! Пра лёс святыняў у сваіх родных мясцінах; пра парафіяльныя святы; пра далёкае (і не вельмі) дзяцінства; пра бацькоў, бабуляў і дзядуляў, пра тое, як выхоўвалі яны вас у духу Божай любові… Некаторыя карэспандэнты на некалькіх старонках упраўляліся распавесці ці не пра ўсё сваё жыццё. Імёны іх засталіся ў памяці, і не-не ды і задумаешся — а куды гэта падзеліся Валянціна Навасельская з Вільні ці Часлава Васільева з Расонаў? Чаму не пішуць? Ці ўсё ў іх добра?
Але апошнім часам наша пошта пераважна звялася да лістоў-падзякаў святарам. Гэта вельмі добрыя лісты, і нас, безумоўна, радуе, што вы так любіце і паважаеце сваіх пастыраў. Як правіла, дзякуеце ім за малітву, за дапамогу, за навуку… А ці задумваемся мы, што найлепшай падзякай святарам будзе плён той самай навукі, якую яны ўкладаюць у нашы вушы, розумы і душы? А то ж бывае, выслухаем, пазахапляемся, «як жа хораша ксёндз сказаў», часам нават слязу змахнем — так закране тое казанне — ды і пайшлі жыць далей, як і дагэтуль жылі. Часам нават з касцёла не выходзячы, паспеем некага абгаварыць, штурхнуць, некаму нагрубіць, бо нават у касцёле мы застаемся ўсё тымі ж людзьмі, якія не надта любяць свайго бліжняга. А калі гэты бліжні яшчэ сеў на тое месца, дзе прывык сядзець я падчас нядзельнай Імшы, дзе тут будзеш ксяндзову навуку ўспамінаць? Трэба ж неяк ставіць на месца «захопніка», хоць пастаяннае месца ў касцёле мае толькі святар пры алтары, астатнія — як атрымаецца.
На жаль, шмат каму здаралася прыходзіць з касцёла ў не надта добрым настроі. І Пан Бог тут ні пры чым. Мы самі, людзі, робім прыкрасці бліжняму нават у такім святым месцы. А так жа хочацца, каб чалавек станавіўся лепшым, заходзячы ў святыню, а яшчэ больш хочацца, каб лепшым ён з яе выходзіў, каб тое лепшае ён нёс у свет, і тады мы, магчыма, сапраўды навучымся любіць бліжняга і разумець, што бліжнія — гэта не толькі нашы сямейнікі, але і калегі па працы, і суседзі, і тыя, хто поруч з намі стаіць у грамадскім транспарце або сядзіць на касцёльнай лаўцы. Гэта зусім незнаёмыя людзі.
Ці не пагаварыць нам пра гэта? Напэўна, у вас знойдзецца што сказаць. Можа, гэта размова некаму дапаможа — і таму, хто прачытае, і таму, хто напіша. Магчыма, у некага хопіць смеласці расказаць, як яму самому было сорамна за свае паводзіны. Хоць бы і без подпісу...
Чакаем лістоў. Заставайцеся з Богам.
Вера Галубовіч