
— Што мне рабіць? — спытала Анжэла. — Ён не хрысціянін, і ўсе мае знаёмыя кажуць, што я не павінна хадзіць з ім на спатканні. Але я гэтага не разумею. Гэта ж толькі спатканне. Чаму я не магу на яго пайсці?
— Не бачу прычынаў, па якіх ты не магла б гэтага зрабіць, — сказаў я. — Чаму яны лічаць, што ў гэтым ёсць нешта дрэннае? Ты ж не збіраешся выйсці за яго замуж у гэты ж вечар?
— Я ім сказала тое самае! — выкрыкнула дзяўчына. — Гэта проста спатканне. Чаго яны баяцца?
Вам гэта знаёма? Калі вы не з’яўляецеся хрысціянінам, можаце прызнаць, што чытанне гэтага артыкула для вас не мае сэнсу, і спытаць: «Што за праблема?» Аднак калі вы — хрысціянін, то, несумненна, у вашым жыцці здаралася штосьці, падобнае да вышэйапісанай сітуацыі. Можа, вы, як і Анжэла, лічыце прыемным сустрэцца з новым знаёмым, які не падзяляе вашай веры. Нічога сур’ёзнага — проста сустрэцца. А можа, вы, як і яе знаёмыя, лічыце, што гэта сапраўды дрэнная ідэя, і незалежна ад таго, колькі радасці можа прынесці такая сусрэча, вы павінны пазбягаць адносінаў з нехрысціянамі.
На чыім баку праўда? Ці ёсць у гэтым нейкая заканамернасць? Дзе аргументы за і супраць?
У чым заключаецца праблема?
Калі муж і жонка вызнаюць розныя рэлігіі, часам з’яўляюцца цяжкасці. Таму неабходна праясніць некаторыя праблемы, звязаныя з гэтым. Біблія вучыць, што хрысціяне не павінны «хадзіць пад чужым ярмом з няверуючымі» (пар. 2 Кар 6, 14). У гэтым раздзеле Другога паслання да Карынцянаў апостал Павел гаворыць пра небяспеку, звязаную з адносінамі паміж людзьмі, якія пакланяюцца адзінаму сапраўднаму Богу, і людзьмі, якія ўшаноўваюць іншых бажкоў і багоў.
Апостал тлумачыць хрысціянам: калі яны наследуюць Хрысту, а хтосьці, з кім яны «ходзяць пад адным ярмом», не робіць гэтага, то паміж імі няма «згоды» (пар. 2 Кар 6, 15).
У гэтым ёсць рацыя, і гэта адносіцца да большасці рэлігій, калі паслядоўнікі таго ці іншага веравызнання сур’ёзна адносяцца да сваіх перакананняў. Паколькі вера адыгрывае вырашальную ролю ў жыцці чалавека, сужэнцы могуць аддаліцца адно ад аднаго і ісці ў двух розных кірунках, калі кожны з іх актыўна прапаведуе сваю веру або калі адзін з сужэнцаў сур’ёзна адносіцца да сваёй веры, а другі — не.
Глыбокія духоўныя перакананні — гэта тое, што я называю «накіраванасцю» ў жыцці. У супрацьлегласць да такіх адрозненняў паміж людзьмі, як уласнае хобі або розныя густы ў абсталяванні дома, глыбокія духоўныя перакананні вызначаюць кірунак, у якім будзе ісці сужэнства ці сям’я. Прыкладам такой «накіраванасці» з’яўляецца жаданне мець дзяцей. Калі адзін з сужэнцаў жадае дзяцей, а другі — не, то яны разыйдуцца па розных жыццёвых сцежках. Прафесійныя выклікі таксама могуць стаць прычынаю рознагалоссяў паміж сужэнцамі. Калі жонка хоча паднімаць эканоміку ў якой-небудзь краіне Трэцяга свету, а муж намерваецца праектаваць загарадныя гандлёвыя цэнтры, то яны імкнуцца ў розных кірунках. Гэтыя пытанні датычацца размеркавання іх часу, энергіі і сродкаў.
Шчырая вера вызначае кірунак жыцця сям’і. Як выхоўваць дзяцей? Якія каштоўнасці ім перадаваць? Чым заняць дзяцей на канікулах? Як ім растлумачыць, чаму гэтая вера для вас добрая, а іншая — не? Што рабіць, калі адзін з вас пажадае ахвяраваць грошы на Касцёл, а другі будзе мець іншыя намеры?
Падумайце пра напружанне, што ўзнікне паміж мужам, які жадае фінансава падтрымліваць свой Касцёл, і жонкаю, якая захоча выкарыстаць гэтыя грошы для рамонту дома, бо ўвогуле з’яўляецца няверуючай або належыць да іншай рэлігіі. А як праводзіць сумесны адпачынак? Падумайце пра сям’ю, у якой, напрыклад, муж жадае, каб у нядзелю ўся сям’я ішла ў касцёл, а жонка лічыла гэты дзень проста часам адпачынку, гульні ў гольф або сумесных сямейных выездаў. Што будзе, калі адно з іх захоча адправіць дзіця ў нядзельную школу, а другое — не? Гэтыя пытанні могуць развесці людзей па розных шляхах.
У такой сітуацыі лёгка зразумець параду апостала Паўла. Для пабожных хрысціянаў праблема ляжыць яшчэ глыбей. Чалавек, адданы Богу, можа адчуваць унутраны разлад, спрабуючы ашчаслівіць сужэнца, які не жадае, каб той з такой руплівасцю ставіўся да свайго рэлігійнага жыцця. Іншы бок можа адчуваць сябе пакрыўджаным, калі сужэнец так шмат часу і ўвагі прысвячае Богу.
Як сямейны кансультант я заўсёды перасцерагаю нарачоных перад такой небяспекаю. Часам людзі розных рэлігій думаюць, што яны так моцна кахаюць і цалкам разумеюць адно аднаго, што вера не стане для іх праблемаю. Аднак гэта рэдка спраўджваецца, нават калі кожны з бакоў згаджаецца з адрозненнямі ў веравызнанні, у той жа час кожны з іх не падзяляе найважнейшых аспектаў жыцця сужэнца. Калі яны маюць розную веру, і для кагосьці з іх яна будзе найважнейшаю, то сэрцы іх будуць заставацца адзінокімі.
Мэта спатканняў — ажаніцца або выйсці замуж?
У кантэксце магчымых праблемаў некаторыя здзіўляюцца, калі я гавару, што для хрысціяніна часам добра, каб ён сустрэўся з кімсьці, хто не падзяляе яго веры. Аднак вы павінны памятаць: мэта спатканняў — не шлюб. Калі вы дамаўляецеся аб спатканнях для таго, каб проста сустракацца з людзьмі, праводзіць з імі час, пазнаваць розныя характары, развейвацца, даведвацца штосьці пра сябе і пра тое, што вы любіце, а чаго не любіце, здабываць прыемны досвед, дзяліцца з кімсьці сваімі думкамі пра жыццё — то ніякіх праблем.
Аднак, калі вы не адмовіцеся аб спатканні з няверуючым, бо можаце сустракацца толькі з тым, хто мог бы стаць вашым патэнцыяльным сужэнцам, то ў вас зусім іншая праграма: вы ходзіце на спатканні для таго, каб ажаніцца або выйсці замуж. З майго больш чым дваццацігадовага досведу прафесійнага кансультанта, які працуе з адзінокімі людзьмі, вынікае, што гэта не самая лепшая сцежка, якую вы маглі б выбраць. Калі вы вырашылі ісці па ёй, то мае парады не будуць для вас карыснымі.
Аднак, калі вы спрабуеце змяніцца і вырасці духоўна з дапамогаю спатканняў, тады запрашэнне ад чалавека іншага веравызнання дасць вам магчымасць атрымаць важны жыццёвы досвед. Вы даведаецеся штосьці пра іншага чалавека, пра сябе самога і многія іншыя рэчы. Будзьце сабою, і вы зможаце падзяліцца з ім ці з ёю сваёю вераю; гэта адна з найважнейшых рэчаў, якую мы можам зрабіць. Гэта вядзе нас да пытання, якое стаіць за ўсёй нашай гутаркаю пра спатканні з чалавекам іншага веравызнання, а менавіта: Кім вы з’яўляецеся? І гэтае пытанне заслугоўвае таго, каб прысвяціць яму асобны раздзел.
Кім вы з’яўляецеся?
Жанчына, пра якую ішла гутарка на пачатку раздзела — Анжэла — цяпер з’яўляецца шчасліваю жонкаю глыбока веруючага хрысціяніна. І ведаеце што? Гэта той хлопец, пра якога яна распавядала мне падчас нашай размовы. Няверуючы мужчына, з якім яна дамовілася аб спатканні, сёння з’яўляецца глыбока веруючым хрысціянінам, яе мужам. Што адбылося?
Анжэла хадзіла з ім на спатканні менавіта з такою ўстаноўкаю, пра якую мы гаварылі вышэй. Яна рабіла гэта для задавальнення, сустракалася з ім як з сябрам і заставалася сама сабою. Падчас сустрэчаў з ім Анжэла не станавілася кімсьці іншым, і калі ён запрашаў яе на чарговае спатканне, яна і далей заставалася глыбока веруючаю хрысціянкаю. З самага пачатку яна выразна дала зразумець, што для яе азначае вера. Паралельна Анжэла сустракалася з іншымі мужчынамі. Яна не ўспрымала адносіны са сваім няверуючым сябрам сур’ёзна. У тым і справа — яна не магла ўспрымаць іх сур’ёзна.
Анжэла любіла Бога і была адданая сваёй веры, не магла закахацца ў кагосьці, хто не падзяляў з ёю найважнейшага ў яе жыцці — веры. Паколькі яна была веруючаю, то не магла ў яго закахацца. Чаму? Прынцыпова? Не зусім. У ім не было таго, чаго шукала яе сэрца, чаго яно прагнула. Анжэла хацела быць з кімсьці, хто падзяляў бы з ёю ўсё, што жыло ў яе сэрцы, з чалавекам глыбокай веры, які жыў бы гэтаю вераю ў штодзённым жыцці. Калі мужчына не любіў Бога, яна не магла яго пакахаць.
Хачу падкрэсліць важную рэч: я не сказаў, што яна не павінна дазволіць сабе закахацца ў яго або дапусціць такога кахання. Гэта азначала б, што яна была б здольная закахацца ў кагосьці, хто не падзяляе яе веры, але, застаючыся паслухмянаю Богу, не зрабіла б гэтага, нават калі б мела ахвоту. Гутарка не пра тое.
Бог быў найважнейшым у яе жыцці, Ён жыў у яе сэрцы. Таму, калі хтосьці не падзяляў яе веры, ён не быў прывабным для яе сэрца, не мог стаць для яе прыцягальным. Яе сэрца належала Богу, таму яна нават не хацела такога кахання. Ёй нічога не пагражала.
Што ж Анжэла зрабіла? Як чалавек веруючы яна адразу дала зразумець свайму новаму знаёмаму, што яна — хрысціянка. Яна дзялілася сваёю вераю і сваімі каштоўнасцямі, сказала яму пра тое, што не можа закахацца ў хлопца, які не падзяляе яе веры і духоўнага жыцця. Анжэла прапанавала яму пайсці з ёю ў касцёл або на заняткі па вывучэнні Бібліі. Яна паказала сваё сапраўднае аблічча.
Карацей кажучы, ён пайшоў з ёю ў касцёл. (Памятайма, што яны прыйшлі туды як сябры.) Анжэла засталася вернаю сама сабе. І ён зацікавіўся. Дзяўчына прадставіла яго членам сваёй супольнасці, і яны таксама пасябравалі з ім. Праз некалькі месяцаў хлопец наблізіўся да веры, не ведаючы нават, як гэта сталася. У той жа час Анжэла пачала глядзець на яго як чалавека, што мог бы зацікавіць яе ў больш далёкай перспектыве. Яна доўга назірала за ім, каб упэўніцца, што яго вера праўдзівая. Хлопец з дзяўчынаю ўсё лепш і лепш пазнавалі адно аднаго і паступова закахаліся, бо падзялялі адно з адным духоўнае жыццё. Вось ужо некаторы час яны жывуць у шлюбе.
Я прыводжу гэты прыклад не для таго, каб вы займаліся апостальствам на спатканнях. Некаторыя людзі шукаюць свой тыпаж і не могуць знайсці такога чалавека сярод аднадумцаў, думаюць, што знойдуць яго па-за Касцёлам, навернуць яго або яе, і ўсё будзе ў парадку. Я гавару зусім не пра гэта і не для гэтага прыводжу тут свой прыклад.
З прыкладу Анжэлы можна вынесці добры ўрок. Яна была сталаю хрысціянкаю, якой не пагражала закаханасць у чалавека, які не падзяляў яе веры. Яна была цэласнаю асобаю, якая не дастасоўвала сваёй веры да абставінаў, калі ёй, напрыклад, падабаўся нейкі хлопец або па той прычыне, што яна была такою адзінокаю і не мела блізкага чалавека. Яе духоўнае жыццё было ўкаранёнае ў добрай супольнасці, яна не заставалася са сваёю праблемаю сам-насам. Анжэла не стала кімсьці іншым, каб «падчапіць мужа». Наадварот, яна настойліва імкнулася, каб мужчына, з якім яна сустракалася, ішоў па гэтым жа шляху, калі хацеў праводзіць з ёю час.
Акрамя таго, падчас сустрэчаў з гэтым маладым чалавека Анжэла набыла вопыт, які не магла атрымаць у адносінах з іншымі мужчынамі. Яна ўбачыла, што мужчына можа быць нашмат лепшым, чым усе тыя, з кім яна сустракалася раней. У новым сябры Анжэлы было шмат такога, чаго яна не назірала ні ў адным з мужчынаў — а сустракалася яна з рознымі. Аднак усе яны былі аднабаковымі асобамі. Яе ж сябар імкнуўся і да інтэлектуальнага, і да фізічнага развіцця. Ён цікавіўся мастацтвам і прыродаю. Быў моцным і чулым. Яна даведалася, што ў свеце ёсць ураўнаважаныя мужчыны, і пераканалася, што духоўнае вымярэнне ў адносінах паміж людзьмі мае вялікае значэнне.
Некаторыя рысы яго характару Анжэле вельмі падабаліся. Менавіта іх яна жадала бачыць у чалавеку, з якім хацела правесці сваё жыццё. Гэта дапамагала ёй прыглядацца да іншых хлопцаў, з якімі яна сустракалася, і ацэньваць іх. Нават калі яны заставаліся проста сябрамі, Анжэла атрымалівала дзякуючы ім вялікі досвед.
Такім чынам, калі вы робіце ўсё згодна з акрэсленаю тут праграмаю, то застаецеся самім сабою і не робіце самамэтаю пошукі сужэнца. У гэтым выпадку я не бачу прычынаў, па якіх вы не маглі б сустракацца з чалавекам, што мае іншыя перакананні ў духоўнай сферы. Аднак, калі вы не прытрымліваецеся прынцыпаў, пра якія мы тут гаворым, то знаходзіцеся ў небяспецы, і я раю вам не сустракацца з людзьмі іншай веры або з няверуючымі. На самай справе я ўвогуле стаўлю пад пытанне тое, ці варта вам хадзіць на спатканні, калі тое, што пералічана ніжэй, з’яўляецца праўдаю.
Калі вы не павінны хадзіць на спатканні з людзьмі, якія не падзяляюць вашай веры
- Калі вы ўспрымаеце кожнага, з кім ходзіце на спатканні, як патэнцыйнага сужэнца. Калі гэта праўда, перачытайце нанава тое, што я мяркую пра сужэнствы, у якіх муж і жонка вызнаюць розныя рэлігіі. Калі вы сустракаецеся толькі з тымі, з кім маглі б узяць шлюб, то варта памятаць пра магчымыя цяжкасці ў сужэнстве, якія вынікаюць з адрозненняў у рэлігійных перакананнях.
- Калі вы здольныя лёгка закохвацца. Калі ваша вера слабая і хтосьці можа стаць для вас важнейшым, чым сам Бог, вам пагражае небяспека: ваша сэрца будзе разрывацца паміж Богам і каханым чалавекам. На маю думку, гэта выяўляе яшчэ большую праблему, чым праблема са спатканнямі. Гэта сведчыць пра тое, што ваша вера для вас не такая важная, як хацеў бы Хрыстус. Пан Бог прагне, каб вы цалкам належалі Яму — і сэрцам, і розумам, і душою, і ўсімі сваімі сіламі. Калі ж вялікая частка вашага сэрца не належыць Богу, то гэта сапраўдная праблема. Вас прыцягвае чалавек, які не жадае дзяліць з вамі духоўнае жыццё? Бог не з’яўляецца Тым, каго найбольш прагне ваша душа? Падумайце пра гэта і паразмаўляйце з людзьмі, які дапамогуць вам зразумець, чаму так адбываецца.
- Калі вы адзінокія. Адзінокія людзі асабліва бездапаможныя перад тымі, хто хоча звязаць з імі жыццё. Калі гэта ваш выпадак, то вы ўвогуле не павінны ўспрымаць спатканні сур’ёзна, бо гэта стварае ячшэ адну небяспеку: вы можаце ўступіць у шлюб толькі для таго, каб перастаць быць адзінокімі. Перш за ўсё знайдзіце падтрымку і ўстанавіце трывалыя кантакты з супольнасцю аднадумцаў.
- Калі вы ў самоце ідзеце па шляху духоўнага развіцця. Хрысціянін павінен знаходзіцца ў духоўнай супольнасці з іншымі людзьмі, якія ажыўляюць яго веру. Калі вы не маеце такой супольнасці, то ў духоўнай сферы вы зможаце лёгка пахіснуцца на шляху веры і фармавання каштоўнасцяў. Не ідзіце па гэтай сцежцы адныя. Заставайцеся ў супольнасці, а калі вы не маеце яе, то спачатку знайдзіце, а пасля ўжо клапаціцеся пра спатканні. Так ці інакш яны вам патрэбныя.
- Калі вы схільныя да хуткага сексуальнага ўзбуджэння. Давайце будзем шчырыя. Калі вы лёгка паддаецеся спакусе і сустракаецеся з чалавекам, для якога дапушчальныя сексуальныя адносіны да шлюбу, то вы знаходзіцеся ў небяспецы. Таму пакуль не думайце пра такія спатканні. Спярша вырашыце гэтую праблему праз сустрэчы са сваёй рэлігійнай супольнасцю.
Некалькі месяцаў таму я вячэраў са сваім знаёмым, які перажываў штосьці супрацьлеглае ў параўнанні з Анжэлай. Ён пачаў сустракацца з вельмі мілаю дзяўчынаю, якая была няверуючай, таму аддаліўся ад сваёй духоўнай супольнасці. Дзяўчына была вельмі прыгожаю — і ён стаў прагнуць чагосьці большага. Мой знаёмы не даў ёй выразна зразумець сваю пазіцыю адносна веры. Калі стала ясна, што дзяўчыну гэта зусім не цікавіла, ён амаль зусім перастаў размаўляць з ёю пра веру. Бог застаўся ўбаку. Мой знаёмы пайшоў за дзяўчынаю па шляху цікавага свецкага жыцця. Яны абое цешыліся жыццём і будавалі саюз без Хрыста.
Сябры майго знаёмага перажывалі за яго і заахвочвалі, каб ён шчыра сказаў ёй, што для яго важнае. На самай справе яны перажывалі і за дзяўчыну, бо іх сябар не сказаў ёй шчыра, кім з’яўляецца. Аднак мой знаёмы не скарыстаўся іх парадаю. Ён працягваў з ёю сустракацца. Пасля яны пачалі жыць разам. Праз некалькі месяцаў ён хацеў прапанаваць ёй сужэнства. Аднак перш чым ён гэта зрабіў, сустрэўся са мною і адкрыў мне сваё сэрца. Тое, што ён сказаў, было сумным, але праўдзівым.
— Я адчуваю сябе нешчаслівым. Яна цудоўная дзяўчына, і я моцна яе кахаю. Але ў мяне сэрца разрываецца, бо я не магу дзяліць з ёю свайго духоўнага жыцця. Так больш працягвацца не можа, але я зайшоў занадта далёка. Што я раблю? Я не магу быць шчаслівым, калі ў маёй душы разлад.
Гэта была сумная вячэра. Я запытаў, ці хацеў бы ён так адчуваць сябе ўсё астатняе жыццё. Ці хацеў бы і далей яе падманваць і заставацца няшчырым? Ён жа так і не сказаў ёй выразна пра свае перакананні. Гэта было несумленна. Калі б яны ажаніліся, усе духоўныя пытанні паступова выйшлі б на яву, і дзяўчына адчула б сябе ашуканаю. Безумоўна, не такіх адносінаў ён чакаў бы сам ад іншага чалавека.
Мой знаёмы сур’ёзна і шчыра паразмаўляў са сваёю дзяўчынаю. У хуткім часе іх саюз распаўся. Пасля я сустрэўся з ім на вячэру, і ён распавёў мне пра канец гэтай гісторыі. Ды сам сабе паабяцаў, што такое больш ніколі не паўторыцца. Аднак ён зразумеў: справа не ў тым, што ён моцна звязаў сваё жыццё з чалавекам, які не падзяляе яго веры. Сапраўдная праблема заключалася ў іншым: ён сам не быў дастаткова трывалы ў веры, не жыў ёю і не быў шчырым з самага пачатку.
Мой знаёмы прааналізаваў праблему і заўважыў, што аддаліўся ад сваёй супольнасці і быў занадта засяроджаны на пошуках «той адзінай». Яго бажком стала сужэнства. Калі яму споўнілася трыццаць чатыры гады, ён адчуў, што ўжо «пастарэў» і павінен ажаніцца, таму захацеў кагосьці знайсці. На самай справе гэта занадта малады ўзрост, каб упадаць у паніку.
Прыведзены прыклад датычыцца ўсіх правілаў, пра якія мы гаварылі. Не дапускайце, каб шлюб стаў для вас навязліваю ідэяй. Будзьце самі сабою, цвёрда прытрымлівайцеся сваіх рэлігійных перакананняў і заставайцеся ў кантакце са сваёй супольнасцю. Калі вы менавіта так і робіце, то сустракайцеся з кім толькі хочаце. Калі ж не — будзьце асцярожныя незалежна ад таго, якую веру вы вызнаеце.
Генры Клаўд
Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка
Паводле rodzina.opoka.pl