Данута БІЧЭЛЬ
Вялікдзень
Так нечакана здараюцца цуды,
таму што Божанька ўсюды!
Нехта на досвітку Езуса ўвідзеў,
Нядзелька была — Вялікдзень.
Езус ішоў нацянькі праз балота,
Не таптаў залатую лотаць...
Выйшаў з цямрэчы і не баіцца
смерці-вясніцы...
З верай — як зойдзем, гэтак і выйдзем,
сустрэнем Вялікдзень...
Душамі станем, радасці зернем
з Хрыстовым уваскрасеннем.
Разам збярэмся, як ноты да песні,
разам з Табой уваскрэснем...
Цудоўных дзеяў цудоўныя рэчы!
Уваскрос, смерцю смерць знявечыў!
Божанька, так мы чакаем Цябе
і верым, што нас не пакінеш —
самотныя, як каташкі на вярбе,
як галадкі на сцяжыне...
Складаем Табе на Крыжовы шлях
малітвы пакутных стацый.
Шукаем Цябе, Уваскрэслага, ў снах,
у вачах немаўлят і старцаў...
Вяртанне
Вясніца вяртання
ў чыстае цёплае ранне,
у новае Змёртвыхпаўстанне!
Пойдзем па вёсцы яечкі збіраць
у чырвоны кошык...
Каго спаткаем, будзем вітаць:
— Хрыстос уваскрос, Сын Божы!
Суседзі, цёткі, бабулі —
Малым даюць — хто што можа,
усміхаюцца сціпла, прыгожа...
— Хрыстос уваскрос, Сын Божы!
Езус Змёртвыхпаўсталы,
мы Цябе адразу пазналі
у добрых людскіх вачах,
у вуснах, якія маўчаць...
У снах з маладога рання,
якое надзею цярусіць...
Ды як не будзе тут Беларусі...
не будзе нам змёртвыхпаўстання...
Перасадзі нашу мову,
як расадку на градку...
уваскрасі наша Слова,
якое нам даў ад пачатку...
І што будзе потым?..
Калі плануюцца мітынгі
на галоўным пляцы,
лічаць, колькі змяшчаецца
людзей на кожным квадраце...
Божа, калі ўсе мы аднойчы
з Табой уваскрэснем,
дзе ж мы паставім столькі лавак і крэслаў,
гэтулькі новых пляцаў, новых нябёсаў?
Дошку абвестак павесім ад плоту да плоту,
крэйдай напішам формулу на несмяротнасць
бальзаму, нектару любові...
І што будзе потым?
Будзем цвісці, як рамонкі ў полі?