З пастырскага паслання кардынала Казіміра Свёнтка на Вялікдзень 2000 года
«Вось дзень, які Пан учыніў,
будзем радавацца ў ім і весяліцца»
(Пс 118, 24)
<...> Магутны выбух пасхальнай радасці Касцёла праяўляецца ў велікодным пасланні «Exultet», якое спяваецца пры палаючай сімвалічнай свечцы — пасхале — у пасхальную вігілію Вялікадня:
«Узрадуйцеся ўжо, хоры Анёлаў у небе, узрадуйцеся, Божыя слугі, няхай званы абвяшчаюць збаўленне, бо на карысць вялікага Валадара перамога. Весяліся і зямля... Узрадуйся, Касцёле, наша Маці».
Гэта пасланне аб найвялікшай перамозе ў гісторыі чалавецтва: перамозе над смерцю. Хрыстус забіты і памерлы паўстаў да жыцця!
Гэта наш Вялікдзень, дзень, які Бог учыніў для нас. Сапраўды, хрысціянства — самая радасная рэлігія, а хрысціянін — самае радаснае Божае стварэнне.
Касцёл вельмі ўрачыста перажывае гэтую пасхальную радасць, бо яна ўзнікае з глыбіні мукі, смерці і змёртвыхпаўстання Хрыста і перамяняе жыццё хрысціяніна, надае яму новую вартасць, якая пераўзыходзіць межы зямнога жыцця і ўводзіць у сферу вечнасці.
Сапраўды, гэта глыбокая, поўная, моцная, незнішчальная радасць, якая надае канчатковы сэнс усяму жыццю чалавека.
І нічога дзіўнага, што ў гэтую велікодную раніцу ў касцёлах зазванілі званы, загучалі арганы, з’явіліся кветкі і паплыў трыумфальны спеў: «Вясёлы сёння дзень настаў», які пераплятаецца з радасным «аллелюя, аллелюя, аллелюя».
А прычыны для гэтай радасці відавочныя:
— Уваскрасенне Пана ўмацоўвае нашу веру, бо Езус Хрыстус Божай моцай перамог смерць, устаў з гробу і гэтым даказаў, што Ён — не толькі звычайны чалавек, але Сын Божы, і таму Яго вучэнне — гэта вучэнне не людское, зямное, але Божае.
— Уваскрасенне Пана пацвярджае справу Адкуплення, бо сваім змёртвыхпаўстаннем Езус Хрыстус даказаў, што гэтую крывавую крыжовую ахвяру за людскія грахі склаў не звычайны смяротны чалавек, але Сын Божы, якому падпарадкавалася нават смерць.
— Уваскрасенне Пана дае надзею на нашае змёртвыхпаўстанне, бо Езус Хрыстус перамог смерць, адкрыў брамы вечнасці і, як піша святы Павел у сваім Пасланні да Карынцянаў, «Бог уваскрасіў Пана, і нас уваскрасіць сваёю моцаю » (1 Кар 6, 14).
Гэтай сапраўднай і глыбокай пасхальнай радасці можна дасягнуць тады, калі ў ёй удзельнічае ўвесь чалавек з душою і целам, калі фундаментам усяго зямнога становіцца вера ў вечнае жыццё.
Дзякуючы моцы Уваскрослага Езуса Хрыста, які жыве і дзейнічае ў сваім Касцёле, мы можам з радасцю адказаць жыццём, падобным да Яго жыцця, якое было пазначана мукай і смерцю, але таксама і змёртвыхпаўстаннем, якое Ён выслужыў і для нас.
Праўда аб Змёртвыхпаўстанні Езуса Хрыста нас радуе і суцяшае, бо яна перамяняе нас духоўна, адкрывае для дабра, ачышчае ад зла, пашырае нашыя жыццёвыя далягляды на ўсю вечнасць. <...>

