Вялікдзень у беларускай паэзіі

Вялікадня чакаюць... Перад урачыстасцю Змёртвыхпаўстання Збаўцы свету Езуса Хрыста ачышчаюць зямлю, наваколле і прыводзяць у парадак думкі, супакойваюць душу. Продкі віталі вясну песнямі, выпякалі з цеста птушак, жавароначкаў, каб падбадзёрыць спяваць і віць гнёзды жывых птушак, выразалі дубчыкі вербаў і ставілі на падваконніку ў вадзіцу, каб хутчэй зазелянелі, прарошчвалі зерне, каб да Вялікадня вырас жывы зялёны дыванок. Але на першым месцы былі малітва, слова.

...Пра гэта памяталі і аматары каталіцкага парталу Гро­дзенскай дыяцэзіі grodnensis.by, калі рыхтавалі імпрэзу «Вялікдзень у беларускай паэзіі». Падзея адбылася ў зале імя Яна Паўла ІІ пры Вышэйшай духоўнай семінарыі 2 сакавіка. Мяне запрасілі туды пачытаць вершы пра Вялікдзень маіх любімых паэтаў, але не любімых паэтаў, якія пішуць пра Вялікдзень, проста не можа быць.

Залу запоўнілі выкладчыкі семінарыі, манашкі, журналісты, клерыкі, моладзь. Прывітальнае слова сказа­лі ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч і біскуп-рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі Юзаф Станеўскі.

Выкладчык універсітэта Янка Трацяк прачытаў даклад «Матывы Уваскрасення ў творчасці беларускіх святароў (кніга Я. Трацяка «Беларускае каталіцкае духавенства ля вытокаў сацыя­культурнай ідэнтыфікацыі» выйшла нядаўна і прэзентавалася на вечарыне).

Вершы пра Вялікдзень з кароткімі аповедамі пра беларускую паэзію чыталі праваслаўны святар Міхаіл Велісейчык, які вельмі прыгожа апавядаў пра Якуба Коласа і прачытаў раздзел «Вялікдзень» з паэмы «Новая зямля»; чытальнік-валанцёр Уладзімір Крупенка па-мастацку дэкламаваў вершы Ірыны Багдановіч «Магдалена» і Ніла Гілевіча «Вялікдзень».

Музей гісторыі рэлігіі ў асобе Ігара Ганчарука прэзентаваў калекцыю велікодных паштовак. Аматары парталу grodnensis.by прэзентавалі серыю паштовак «Вялік­дзень у беларускай паэзіі», камп’ютарную творчасць і традыцыйныя малюнкі дзяцей і моладзі, выкананыя з любоўю і цеплынёю.

Навуковец Янка Трацяк гаварыў пра паэзію вытокаў, калі, «нягледзячы на кво­ласць літаратурнай традыцыі ў паасобныя гістарычныя перыяды... загадка Уваскрослага Хрыста вырывала чалавека з адчування катастрафічнасці быцця. З бездані — да раптоўнага ўзвелічэння»... (словы Ірыны Багдановіч).

На вечарыне прагучалі вершы Кірылы Тураўскага і Сімяона Полацкага, Сяргея Палуяна і Андрэя Зязюлі, Казіміра Сваяка, паэтаў святароў і беларускіх паэтаў: Янкі Купалы, Наталлі Арсенневай, Ларысы Геніюш, Сяргея Новіка-Пеюна, Ірыны Багдановіч, Алега Бембеля, Аляксея Белага.

Хор «Cantate Domino» ўпрыгожыў мерапрыемства духоўнымі спевамі.

Вёў і рыхтаваў вечарыну Арцём Ткачук пад кіраўніцтвам ксяндза Юрыя Жэгарына.

Пытанні да выступоўцаў ператварыліся ў шчыры дыялог. У канцы вечарыны біскуп Юзаф Станеўскі прапанаваў прадоўжыць сустрэчу вясной, у маі, і не абмяжоўваць гасцей у часе, а браць прыклад з нашых продкаў — сумаўляцца, спрачацца, спяваць і маліцца хоць да ранку, бо Хрыстус Уваскрос — усюды радасць!

 

Данута Бічэль.

Фота grodnensis.by.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней