Пахвалёны Езус Хрыстус!
Вітаю, паважаная рэдакцыя, і віншую ўсіх супрацоўнікаў з юбілеем часопіса «Ave Maria»! Жадаю ўсім моцнага здароўя, поспехаў у жыцці і працы. Няхай ваш часопіс з Божага благаслаўлення і з дапамогаю Маці Божай і далей набліжае людзей да веры ды ўмацоўвае яе.
У часопісе падаецца шмат цікавай інфармацыі, і я чытаю яго з задавальненнем. Увесь матэрыял даступны і просты для разумення, і кожны артыкул, кожная старонка спрыяе паглыбленню веры, падтрыманню нашай надзеі, разгортвае сэрца да любові.
Хочацца падзяліцца сваімі думкамі наконт праблемаў, якія могуць датычыцца малітвы (гэтая тэма была ўзнятая ў артыкуле «Калі надыходзяць праблемы...», № 9, 2013). Раней я кожны дзень вельмі шмат малілася — нават стамлялася. Пра гэта я пагаварыла са святаром, які параіў мне маліцца менш. «Якія ж малітвы адкінуць? — думала я. — Усе ж яны добрыя!»
І вось я стала складаць вершы. Мае творы (а, можа, проста рыфмаваныя радкі) — гэта размова з Богам і з людзьмі, гэта пазнанне сябе, думкі аб правільнасці ці няправільнасці сваіх паводзінаў, учынкаў. Цяпер я магу гадзінамі распавядаць пра гэта ў вершах. Яны даюцца мне нялёгка, але ж я так радуюся, калі штосьці атрымліваецца.
Я ўпэўнена, што Бог надзяліў мяне гэтай харызмай і тым самым дапамог вырашыць праблему з малітваю. Цяпер я малюся менш, затое гадзінамі, не адчуваючы стомы, магу гутарыць з Богам сваімі вершамі і ў іх выказваць сваю любоў да Яго. Гэта напаўняе душу спакоем, ачышчае яе, дазваляе пазнаць сваю мізэрнасць, бо, як напісана ў згаданым мною артыкуле, «калі ёсць ува мне пыха, то я ніколі не атрымаю дару мудрасці». А менавіта мудрасці нам часта вельмі не хапае.
Цяпер я пазнаю праўду пра сябе не толькі ў малітве, але і ў сваіх вершах. Гэта дапамагае мне жыць і самаўдасканальвацца. Я буду рада, калі мае творы дапамогуць у гэтым яшчэ камусьці.
Поспехаў вам у вашай працы, так патрэбнай усім нам. Заставайцеся з Богам!
Альбіна Цярэшка,
в. Аталезь Стаўбцоўскага раёна.
Гармонія душ
Колькі ж злосці бывае ў людзей
На сястру альбо брата ці нават дзяцей!
Колькі зайздарсці, пыхі і гневу!
Няма ў сэрцы любові, сугрэву,
Няма міласці ў нас, пакаяння,
Ад празмернае ежы ўстрымання.
Няма часу схадзіць у храм Божы —
І жывём так з душою нягожай.
Я прашу Усявышняга ў шчырай мальбе
За людзей за ўсіх на зямлі, за сябе:
Ты выхоўвай нас, грэшных,
айцоўскай навукай,
Не пакінь, нас, Марыя, вазьмі на парукі,
І прыйдзі, Святы Дух, пасяліся ў сэрцах.
Чалавек чалавеку тады ўсміхнецца,
І гармонія душ авалодае светам,
Бо ўзаемнай любоўю ўсе будуць сагрэты.
Як жа хочацца верыць, мой Божа, у гэта!