Падчас Вялікага посту Касцёл запрашае кожнага з нас да навяртання. У Папяльцовую сераду пры пасыпанні галоваў попелам мы чуем словы: «Навяртайцеся і верце ў Евангелле». Сам Езус заклікае нас адвярнуцца ад зла і рабіць дабро, адкрыцца на дзеянне Божай ласкі.
Галоўны спосаб навяртання для нас, ахрышчаных, — гэта сакрамэнт споведзі, сакрамэнт пакаяння, прымірэння і прабачэння. Але для многіх хрысціянаў сёння гэта вельмі складана, бо часам цяжка і сорамна бывае заглянуць сабе ў душу, стаць у праўдзе перад Богам і перад сабой, укленчыць перад канфесіяналам і вызнаць свае грахі.
Варта заўсёды памятаць, што заклік да навяртання не скіраваны да нейкіх знешніх дзеянняў, недастаткова толькі адстаяць чаргу да канфесіянала, каб выканаць абавязак споведзі раз у год. Езус не перастае паўтараць, што галоўнае — гэта навяртанне сэрца. Без такога навяртання ўсе знешнія праяўленні пакаяння становяцца несапраўднымі. Усе мы добра ведаем сваю слабую чалавечую натуру, ведаем, як цяжка поўнасцю адвярнуцца ад зла, як цяжка выкінуць са свайго жыцця грэх, да якога мы ўжо прывыклі, з якім нам добра жывецца, але Бог глядзіць у сэрца чалавека і бачыць наша моцнае жаданне выправіцца.
Споведзь можа быць вялікай праблемай не толькі для тых, хто рэдка прыступае да гэтага сакрамэнту, але таксама і для тых, хто спавядаецца рэгулярна, — існуе вялікая небяспека, што сакрамэнт пакаяння станецца для нас чымсьці штодзённым і традыцыйным, і мы будзем хадзіць кожны месяц да споведзі, але страцім смак Божага прабачэння, бо ўжо забыліся, што значыць «навяртайцеся».
Таму ўсім нам час ад часу варта згадваць сабе простыя, узятыя з Катэхізіса праўды, якія датычаць гэтага сакрамэнту, каб заўсёды з вялікай пашанай дакранацца да таямніцы Божага прабачэння.
Разважаючы аб споведзі, нельга не ўспомніць, што такое грэх. Гэтае паняцце можна акрэсліць многімі словамі, але перадусім грэх — гэта абраза Бога. Благаслаўлёны папа Ян Павел ІІ у апостальскай адгартацыі Reconciliatio et Paenitentia, прысвечанай сакрамэнту паяднання, гаворыць, што грэх — гэта выключэнне Бога са свайго жыцця, разрыў адносінаў з Ім праз супраціўленне Яго запаведзі, праз суперніцтва з Ім, падманлівае імкненне быць «як Ён».
На працягу сваёй гісторыі Касцёл выкарыстоўваў розныя формы пакаяння. У першыя стагоддзі хрысціянства на тых, хто ўчыніў вельмі цяжкія грахі, такія як вераадступніцтва, чужаложства і забойства, накладалася вельмі цяжкая і доўгая пакута — часцей за ўсё яна была публічнай і магла быць учыненая толькі адзін раз у жыцці. Практыку «вушной» споведзі, якой мы цяпер карыстаемся, прынеслі ў VI стагоддзі ірландскія манахі, і з таго часу гэты сакрамэнт з’яўляецца таямніцай і можа паўтарацца многа разоў на працягу жыцця.
Нягледзячы на розныя формы, сакрамэнт пакаяння мае сваю структуру: у ім існуюць два важныя элементы — з аднаго боку гэта дзеянні чалавека, які каецца ў сваіх грахах, а з другога — Божае прабачэнне праз паслугу Касцёла. Мне б хацелася яшчэ раз спыніцца на тым, што трэба зрабіць, каб споведзь была прыняццем велічы Божай міласэрнасці. Напэўна, большасць з нас добра ведае, што чалавеку, які просіць Божага прабачэння, для добрай, а гэта значыць сапраўднай споведзі, трэба выканаць пяць наступных умоваў:
1. Рахунак сумлення
Для таго, каб споведзь была не проста фармальнасцю ці знешнім абрадам, да яе трэба належным чынам падрыхтавацца. Перш за ўсё трэба папрасіць святла Духа Святога, каб у ім спазнаць усе свае грахі. Падчас рахунку сумлення трэба прааналізаваць свае паводзіны пасля апошняй сапраўднай споведзі і ўзгадаць усе смяротныя грахі, учыненыя за гэты час. Разважаючы такім чынам у прысутнасці Бога над сваім жыццём, неабходна звярнуць увагу не толькі на смяротныя грахі, але і на грахі штодзённыя, бо свядома ўчынены штодзённы грэх, які застаўся без пакаяння, паступова падштурхоўвае да смяротнага граху. Не павінны застацца без увагі і нашыя занядбанні — гэта значыць, усе тыя выпадкі, калі з-за ляноты, фальшывага сораму ці абыякавасці мы не зрабілі дабро, якое маглі зрабіць. Для таго, каб, робячы рахунак сумлення перад споведдзю, не прапусціць чагосьці важнага, можна карыстацца прыкладнымі пытаннямі, якія змешчаны ў розных дапаможніках. Калі ёсць боязь забыцца пра што-небудзь на споведзі, можна зрабіць для сябе нататкі, якія адразу пасля вызнання грахоў трэба знішчыць.
2. Жаль за грахі
Трэба шчыра шкадаваць за ўсе свае грахі. Мы гаворым пра жаль дасканалы і недасканалы. Дасканалы жаль за грахі паходзіць з любові да Бога, які ёсць найвялікшай Любоўю. Такі жаль прыносіць прабачэнне штодзённых грахоў, а ў сітуацыі, калі немагчыма прыступіць да сакрамэнту споведзі, таксама і смяротных грахоў, калі ёсць цвёрдая пастанова, прыступіць пры першай магчымасці да сакрамэнту споведзі. Недасканалы жаль — гэта таксама дар Духа Святога, але ён паходзіць са страху перад вечным пакараннем або іншымі карамі. І такі жаль можа стаць пачаткам доўгай дарогі чалавека да сапраўднага пакаяння. Толькі з дапамогай недасканалага жалю нельга атрымаць прабачэнне грахоў, але яго можна атрымаць у сакрамэнце пакаяння.
3. Цвёрдае пастанаўленне выправіцца
Гэта натуральны вынік рахунку сумлення і жалю за грахі. Мы ўжо казалі пра тое, што вельмі часта немагчыма адразу парваць з грахом, але Бог бачыць нашае сэрца і нашае пастанаўленне выправіцца. Але ў некаторых сітуацыях цвёрдае пастанаўленне выправіцца патрабуе пэўных радыкальных мераў, бо інакш святар не зможа ўдзяліць адпушчэння грахоў.
4. Шчырая споведзь
Споведзь святару з’яўляецца асноўнай часткай сакрамэнту пакаяння. Катэхізіс нагадвае нам, што падчас споведзі пенітэнт павінен пералічыць усе смяротныя грахі, якія ён прызнае за сабой пасля рахунку сумлення, нават калі гэтыя грахі толькі тайныя і былі ўчыненыя супраць дзвюх апошніх запаведзяў. Неабходна памятаць, што трэба вызнаваць толькі свае грахі, бо многія хрысціяне паддаюцца спакусе расказваць і пра грахі іншых людзей. Што датычыць вызнавання штодзённых грахоў, то хаця яно не з’яўляецца абавязковым, але вельмі рэкамендуецца, бо рэгулярная споведзь штодзённых грахоў дапамагае нам выхоўваць сваё сумленне і дазваляе Хрысту аздаравіць нас.
5. Выкананне прызначанай пакуты
...і сатысфакцыя Богу і бліжняму за ўчыненую крыўду. Многія грахі прыносяць пэўную шкоду іншаму чалавеку. Звычайная справядлівасць патрабуе выпраўлення гэтай шкоды. На жаль, не заўсёды гэта можна зрабіць, але калі ёсць магчымасць, трэба вярнуць украдзеныя рэчы, прызнацца, што фальшыва абвінаваціў чалавека і г. д. У споведзі чалавеку адпускаюцца грахі, але не перастае існаваць непарадак, выкліканы грахом. Чалавек павінен зрабіць яшчэ нешта, каб выправіць сваю віну. І гэта «нешта» называецца пакутай — тым, што прызначае спаведнік падчас споведзі. Часцей за ўсё гэтая нейкая малітва або ўчынкі міласэрнасці. Але нельга лічыць такую прызначаную пакуту пакараннем за грахі — было б вельмі нелагічным лічыць малітву ці ўчынкі міласэрнасці пакараннем, бо толькі выкананне гэтай пакуты павінна дапамагчы чалавеку ў сапраўдным навяртанні.
Галоўная мэта сакрамэнту пакаяння — паяднанне чалавека з Богам і тым самым прабачэнне грахоў, паяднанне з Касцёлам, вяртанне стану ласкі, калі ён быў страчаны, дараванне вечнай кары, заслужанай з прычыны смяротных грахоў і, часткова, караў часовых, якія з’яўляюцца наступствамі граху; спакой сумлення, а таксама духоўнае суцяшэнне, павелічэнне духоўных сілаў для хрысціянскага змагання.
Падчас катэхезы 19 лютага 2014 года папа Францішак заклікаў нас не баяцца споведзі, адкрыць свае сэрцы на дары Духа Святога, і таму, калі з моманту апошняй споведзі прайшло ўжо даволі шмат часу, Папа раіць не губляць больш ні дня і паспавядацца, каб трапіць у «абдымкі бясконцай міласэрнасці Айца».
Ксёндз Дзмітрый Пухальскі