Несці «радасць Евангелля»

1 лютага ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксавэрыя ксёндз прэлат Юзаф Станеўскі, шматгадовы рэктар і выхавацель Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, прыняў біскупскае пасвячэнне. Галоўным пасвячаючым быў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, асістуючымі – Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Ва ўрачыстасці ўдзельнічалі Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, усе біскупы Беларусі, Мітрапаліт Віленскі (Літва), арцыбіскуп Гінтарас Грушас, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Сабралася духавенства з усёй краіны, шматлікія вернікі дыяцэзіі, госці з Германіі, Польшчы, Украіны, Грузіі, Расіі, Літвы, святары Праваслаўнай Царквы, прадстаўнікі епіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія, пастар Евангелічна-лютэранскай супольнасці ў Гродне Уладзімір Татарнікаў. Прысутнічалі прадстаўнікі мясцовых уладаў і дыпламатычнага корпусу.

«Evangelii gaudium» («Радасць Евангелля») — такі дэвіз абраў сабе дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

«Evangelii gaudium» — так называецца першая апостальская адгартацыя папы Францішка, якая распачынаецца словамі: «Радасць Евангелля напаўняе сэрцы і жыццё тых, хто сустракаецца з Хрыстом». А ў адным з нядаўніх казанняў падчас Імшы ў Доме св. Марты Пантыфік яшчэ раз пацвердзіў гэтую думку: «Касцёл павінен быць радасным, як Езус, менавіта радасць ён пакліканы перадаваць людзям — радасць, якая нясе сапраўдны спакой». І з гэтым нельга не пагадзіцца, бо радасць, на жаль, стала рэдкаю госцяй і ў нашым прыватным жыцці, і ўвогуле ў сучасным свеце. А між тым выдатны французскі тэолаг Ів Конгар называў радасць «дачкою Бога». І вось дзякуючы Божай ласцы яна наведала Касцёл у Беларусі і нашыя сэрцы на пачатку гэтага года, калі былі пасвечаны тры новыя біскупы. А прыгожая старажытная гродзенская катэдра была да краёчкаў напоўнена ёю 1 лютага: у гэты дзень паўнату святарства атрымаў рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, мансеньёр Юзаф Станеўскі. У папскай буле, якую на пачатку ўрачыстасці біскупскага пасвячэння зачытаў Апостальскі нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Пантыфік адзначыў, што біскуп намінант Юзаф Станеўскі «самааддана служыў справе пакліканняў, дэманструючы неабходны розум, дар сэрца і разуменне становішча спраў мясцовага Касцёла».

{gallery}227-3{/gallery}

Пра тое, што Гродзенская дыяцэзія атрымала дастойнага пастыра, з радасцю сведчыў у сваёй гаміліі галоўны пасвячаючы — ардынарый дыяцэзіі, біскуп Аляксандр Кашкевіч: «Святы Айцец, намінуючы біскупа Юзафа, сына гродзенскай зямлі, — сказаў ён, — прагне даць нашаму мясцоваму Касцёлу добрага пастыра, які ведае сваю аўчарню, яе клопаты і патрэбы, ведае, чым яна жыве, чаго прагне і чакае. <...> Служэнне біскупа з’яўляецца ўдзелам у пастырскай місіі Езуса Хрыста, здзяйсняецца ад Яго імя, яснее Яго бляскам і фарміруецца паводле Яго прыкладу. Таму мы верым, што сам Хрыстус як добры Пастыр выбірае і кліча тых, каму даручае такую ганаровую і адказную задачу».

Разуменне нялёгкага задання «быць сапраўдным святлом і сапраўднаю соллю» і гатоўнасць падтрымаць свайго маладога пастыра ў яго служэнні выказалі ў сваіх віншаваннях святары дыяцэзіі. Малітоўную падтрымку біскупу Юзафу абяцалі вернікі і манаскія супольнасці. А сам ён дзякаваў добраму Богу за ласку паклікання, дзякаваў усім, каго Божы Провід паставіў на яго жыццёвым і святарскім шляху. Асабліва кранальныя словы падзякі біскуп Юзаф выказаў сваім бацькам «за прыклад, дар жыцця і веры, за штодзённую сумесную малітву»; ён дзякаваў сваім родным за «штодзённы Крыжовы шлях падчас Вялікага посту, за маёвыя і чэрвеньскія набажэнствы пры крыжы, незалежна ад надвор’я, за Ружанец...». Несумненна, што найперш з гэтых сямейных малітваў вырастала і яго пакліканне, і яго евангельская радасць. «Бог і Касцёл — гэта радасць, — сказаў, тлумачачы сэнс свайго біскупскага дэвізу, малады іерарх. — Галоўнае — прыняць любоў Хрыста і тады адчуеш поўную радасць».

Пажадаем жа біскупу Юзафу паўнаты евангельскай радасці і надзеі, а яшчэ — шчодрых дароў Духа Святога, які, здавалася, сыходзіў і ў парывах напорыстага, моцнага ветру ў дзень яго біскупскай сакры.

Рэд.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней