Убач у кожным тугу па любові
Дзень св. Валянціна стаў у апошнія гады «модным» дзякуючы таксама і дзейнасці кветачнага бізнесу, для менш пабожных людзей — гэта дзень, калі яны дораць кветкі сябру ці сяброўцы. Для немцаў дзень 14 лютага лічыўся ракавым днём, днём нестабільнасці і нешанцавання. Касцёл свядома адзначаў успамін св. Валянціна менавіта ў гэты дзень. Імя Валянцін азначае здароўе, сіла. Гэты святы лічыцца апекуном закаханых і абаронцам добрых сужэнстваў. Напрыклад, у англа-саксонскіх краінах напярэдадні дня св. Валянціна выцягваецца жэрабя: каму яно выпадае, той на адзін дзень становіцца Валянцінам ці Валянцінай. Св. Валянцін лічыцца апекуном любові. Любоў — гэта свайго роду падарунак, які мы атрымоўваем. Каму яна выпадае, той становіцца зачараваным. Кветкі — гэта праяўленне пачуццяў. Калі іх дорыш, можна пажадаць любові і добрага вопыту ў гэтай справе.
Як расказвае легенда, св. Валянцін быў святаром у Рыме. Ён жыў у часы імператара Клаўдзія. Сярод іншых вылучаўся сваёй мудрасцю і дабрачыннасцю. Пра святога пачуў імператар і пажадаў яго ўбачыць. Ён паспрабаваў пераканаць яго адмовіцца ад «хрысціянскіх забабонаў».
Св. Валянцін адказаў імператару: «Ты не патрабаваў бы гэтага ад мяне, калі б не адчуваў Божага хараства і таго, што Хрыстус — Сын Божы». Ён глыбока ўразіў імператара. Але прэфект растлумачыў, што св. Валянцін з’яўляецца чараўніком, які хацеў падпарадкаваць імператара сваёй сіле. Нібыта ён падбухторваў людзей супраць яго, і, такім чынам, імператар не мог зрабіць нічога іншага, як перадаць святога прэфекту. Той накіраваў яго да суддзі Астэрыя. Св. Валянцін маліў Бога прасвятліць усіх няверуючых. Суддзя вырашыў, што калі Хрыстус з’яўляецца такім вялікім святлом, Ён мог бы нават падараваць зрок яго сляпой дачцы. Св. Валянцін памаліўся аб гэтым. І ў той самы момант дзяўчына стала бачыць. Суддзя і яго жонка палі ў ногі святога і малілі ахрысціць іх. З усім сваім домам, а гэта было каля сарака чалавек, Астэрый прыняў хрост. Калі пра гэта даведаўся імператар, ён загадаў катаваць св. Валянціна і перад фламандскімі варотамі адсекчы
яму галаву. Гэта і адбылося ў 269 годзе.
Здаецца, што на першы погляд легенда мае мала агульнага з шырока вядомымі камерцыйнымі звычаямі дня св. Валянціна. Верагодна, адбываецца вяртанне да язычніцкіх традыцый. Тым не менш, у гэтым ёсць сэнс, калі хрысціяне свядома звязваюць гэтыя звычаі са св. Валянцінам. Гэты святы з’яўляецца мудрым чалавекам, чым і ўражвае іншых. Відавочна, што ён прыводзіць імператара ў такое захапленне, што прэфект пужаецца магчымасці ўздзеяння чараў. Св. Валянцін зачароўвае сваёй мовай, ён — вобраз чароўнай любові, якая змяняе наш погляд, а нашыя пачуцці ўзнімае да самых вышыняў. Любоў прыносіць святло ў нашае жыццё, бо св. Валянцін асвячае не толькі няверуючых, але таксама і сляпую дачку робіць здольнай бачыць. Любоў, якую абвяшчае св. Валянцін, — гэта любоў Езуса Хрыста. Гэта — крыніца, з якой мы можам піць, крыніца, якая ніколі не высахне. Езус узлюбіў нас да канца. Яго любоў адкрывае нашыя вочы, каб мы ў кожным чалавеку распазнавалі тугу па любові. Св. Валянцін, які з’яўляецца сам па сабе здаровым і моцным чалавекам, жадае падбадзёрыць нас, каб мы давяралі любові, якая ёсць у нашым сэрцы, і таксама бачылі ў часта недасканалых і кволых людскіх пачуццях тугу па сапраўднай любові. Хто распазнае тугу па любові сярод сляпых і зацвярдзелых людзей, сярод «няверуючых і суддзяў», той здольны сваёй верай расплюшчыць ім вочы, здольны весці іх да сапраўднай любові, якая ніколі не знікае. Св. Валянцін жадае зрабіць нас здольнымі да гэтага.
У кожным з нас ёсць туга па любові. Дапамажы людзям, якія цябе акружаюць, дакрануцца да любові. Калі ты ў дзень св. Валянціна некаму дорыш кветкі, то скажы таксама: «Я бачу ў табе тугу па любові. Я жадаю, каб ты паверыў любові, якая ёсць у табе. Не бойся любіць і быць любімым. Дазволь, каб любоў зачаравала цябе, каб яна вяла цябе да таямніцы найглыбей-шай любові, што запоўніць тваю тугу».
Святому Валянціну адсякаюць галаву. Абраз у касцёле св. Духа. Хэлмна (Польшча).
Анзэльм Грун
Пяцьдзясят памочнікаў у нягодах